10.01.2003 / 13:00

«Гасьцей дахаты выправiць пара…»

Аб адным вершы Ўладзiмера Дубоўкi, аўтарства якога аспрэчваецца на карысьць Янкi Купалы

Блiзка да скону Ўладзiмера Дубоўкi (1976 год) цётка Марыя, жонка паэта, неяк пачала са мною шчырую размову: «Алеся, я жадаю, каб ты знала, зь якога лiха так жорстка іх перасьледавалi — майго мужа i твайго бацьку. Валодзя тутака, у Маскве, напiсаў верш на абарону Беларусi, а твой бацька ў Менску распаўсюджваў яго». Калi я папрасiла працытаваць хоць які радок з таго вершу, Дубоўчыха падала мне толькi яго агульны сэнс: «Бі беларусаў, ратуй Расею!» Я тады падумала, што сапраўды ў вершы ёсьць такi радок.

Спытала ў самога Дубоўкі аб вершы з такiм радком. Ён у адказ толькi сьмяяўся й жартаваў. Зьвярнулася й да сваёй мамы, Ганны Бабарэкi. Яна зрабiла выгляд, што ня чуе мяне. Ейнае маўчаньне было красамоўнейшае ад усялякiх словаў: мама арганiчна не магла сказаць мне няпраўду, а для праўдзiвага адказу, лiчыла, час яшчэ не прыйшоў, i мне небясьпечна ведаць праўду.

Цяпер у друку (штогоднiк «Скарынiч», вып. 5, 2002 г.) ізноў вярнулiся да пытаньня, хто аўтар вершу «За ўсе краі, за ўсе народы сьвету...» (другая назва — «На ўшанаваньне новага падзелу беларускай зямлі»), надрукаванага ў часопісе «Беларуская культура», №1 за 1927 г.:

За ўсе краi, за ўсе народы сьвету,

I што былi, i прыйдуць што пасьля,

Аздобленыя горкiм, цьмяным цьветам,

Зазнаць нам гора лёс благi паслаў...

Я зразумела, чаму Марыя Дубоўка так настойлiва жадала, каб я ведала праўду аб гэтым вершы. Яна была надта мудрая жанчына i прадчувала, што прыйдзе час, калі гэты верш выйдзе зь нябыту ў сьвет, зразумеюць ягоны непераходны сэнс для Беларусi i знойдуцца аматары пашукаць больш значную, на iх выгляд, асобу на ролю аўтара. Адшукаюць вобразы, якія нібыта сьведчаць, што напісаў яго не У.Дубоўка, а Янка Купала.

Пагаворым аб вобразах вершу: «змучанае катам» цела Беларусi, што кроiцца кожны год новай мяжой. Аўтар перасьцерагае: «праклянуць нас дзецi... За апяшаласьць нашу нам праклён», i дадае: «Гасьцей дахаты выправiць пара. З лазы заплаканай спляцём iм кайстры для нарабаванага ў нас дабра. Сьляды iх гiдкiя пяском пасыпем, пясочкам сьветленькiм пасыпем iх...»

Верш быў надрукаваны ў «Беларускай культуры. Вiльня», №1 за 1927 г., пад псэўданiмам «Крывiчанiн». Цi арганiчныя вобразы вершу Крывiчанiна для Дубоўкi? Чытайма Дубоўкаву паэму «I пурпуровых ветразяў узьвiвы...» (1929 г.). Лiрык-народ кажа матэматыку-ўладзе:

Ты уважаеш, што культура ходзiць

у портках ката слаўнае Камуны

Парыскае, у портках Галiфэ?

Або у марынарцы ходзiць Фрэнча,

другога ката, ката нашых дзён?

Ня веру я у гэткiя акрасы:

я ненавiджу iх, змагацца буду!

Знаёмы вобраз ката! «Гэта пра Сталiна?» — спытала я Дубоўку. «Так», — адказаў ён.

Адкрыем паэму «Бранiслава»:

На вас праклён,

на вашы дзецi...

На вас, праклятыя паны...

Хай вам i сонейка ня сьвецiць!

Па сьмерцi вам ня знаць труны...

Таксама 1929 год. Той самы запал, заклiк не скарыцца, процiстаяць гвалту, што i ў апублiкаваным пад псэўданiмам «Крывiчанiн» вершы.

Аб «сьветленькiм пясочку». Штораз у вершах Дубоўкi пяецца, адбiваецца вобраз Радзiмы — квяцістага саду. Яго трэба ўпрыгожваць, ня даць зарасьцi чарнобылем. Купалаў жа вобраз людзей, «стоптаных на пясок» (з дапамогай якога ў «Скарынiчу» даводзіцца, што аўтар вершу — Янка), найблiжэйшы да лягернага пылу Гулагу.

Пасьля вершу Янкі Купалы ў часопісе стаіць твор У.Дубоўкi «З-за кратаў», напiсаны каля 1931 г. Цi ня хоча публiкатар прадэманстраваць гэтым, што Дубоўка скарыўся зь лёсам выгнанца з Бацькаўшчыны?

Я на ростань не скажу нiчога,

Я вясну за кратамi спаткаю...

Усьмiхнуся вершам на дарогу:

Доля нашая такая...

І «ўсьмiхнуўся» вершам «Здраднiкам»! (Верагодна, напісаны ў 1931 г., знойдзены Дз.Давiдоўскiм, цытуецца паводле часопiсу «Сакавiк», №2, 1947 г.):

Вы, што звыклi поўзаць ракам

i на заднiх танчыць лапках

перад кожным небаракам,

што трымае з маслам «папку»,

вы, прасякнутыя брудам

ад пяты да самай шыi,

звыклi бiць тых, што пад спудам,

лiць на блiжняга памыi...

Дзе ваш сорам чалавечы,

дзе павага да людзiны?

Як ад вас нам асьцярэгчы

гонар нашае краiны?

Месца ваша ў нiцалозьзi,

Ганьба вам наканавана,

бо пры вашай дапамозе

Бацькаўшчына ўкрыжавана...

Скрозь пазнаём вобразы ката, лазы, прыгажосьцi Радзiмы, праклёны тым, хто яе пэцкае, ганьбiць, ёй здраджвае, праклён на iх дзецi, а яшчэ страшней — праклён iм ад iх дзяцей!

Цяпер апошняе: пры чым тут мой бацька? Дзе задакумэнтавана, што верш Крывiчанiна распаўсюджваўся? Як даводзіць Уладзiмер Мiхнюк, у сьледчых справах 1930 г. на А.Балiцкага, Д.Прышчэпава, П.Iлючонка, А.Адамовiча, як доказ iх «контрарэвалюцыйнае дзейнасьцi», захоўваюцца асобнікі вершу «За ўсе краі, за ўсе народы сьвету...». З гэнымі дзеячамі ў 1926 г. кантактаваў мой бацька, Адам Бабарэка, абараняючы iдэю ўтварэньня новага лiтаратурна-мастацкага згуртаваньня «Ўзвышша», заяўленага ў ЦК КПБ ад iмя У.Дубоўкi, Язэпа Пушчы, Кузьмы Чорнага, А.Бабарэкi, Зьмітрака Бядулi, Кандрата Крапiвы. Менавiта А.Бабарэку быў адрасаваны лiст першага сакратара ЦК КПБ А.Крынiцкага з даручэньнем распавесьцi калегам аб дазволе стварыць «Узвышша». Не здаецца мне неверагодным i тое, што верш У.Дубоўкi («Крывiчанiна») мог трапiць да сяброў ЦК КПБ ад майго бацькi.

Алеся Бабарэка, Масква

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру