10.01.2003 / 13:00

Сонечная нанаэлектрастанцыя

Даўно вядома: калі стварыць адпаведныя ўмовы, арганічныя злучэньні спантанна ўтвараюць мікраскапічныя формы, якія нагадваюць прымітыўныя клеткі.

Адным зь відаў такіх «штучных клетак» ёсьць ліпасомы — структуры, аточаныя падвойнай абалонкай, якая ўтвараецца з злучэньняў тлушчу (ліпідаў) і вельмі нагадвае мэмбрану сапраўднай клеткі. Менавіта ліпасомы сталі асновай эфэктыўнай «сонечнай нанаэлектрастанцыі», сканструяванай навукоўцамі пад кіраўніцтвам праф. Дэвэнса Гаста з Арызонскага ўнівэрсытэту.

Сакрэт «нанаэлектрастанцыі» палягае ў двух створаных дасьледнікамі хімічных злучэньнях. Адно зь іх — часьцінка, якую ўмоўна назвалі «цэнтрам штучнай рэакцыі», — паводле складу і структуры яна адпавядае злучэньням, што ўдзельнічаюць у прыродным фатасынтэзе. Гэтая часьцінка была ўсталяваная ўпоперак падвойнай абалонкі, што атачае ліпасому. Адным краем яна кантактавала з вонкавым асяродзьдзем, другім — з нутром штучнай клеткі. Часьцінка, адчувальная да сьвятла, пад ягоным уплывам аддавала электроны другой часьцінцы, названай навукоўцамі «транспартнай». Тая, кантактуючы з асяродзьдзем вонкі штучнай клеткі, злучалася з іёнам кальцыю (Ca2+) і адразу скіроўвалася ў сярэдзіну ліпасомы. Тут, ізноў пад уплывам часьцінкі «цэнтру штучнай рэакцыі», «выкідала» іён кальцыю ў сярэдзіну і вярталася назад. Такім чынам, у штучнай клетцы ўзрастала колькасьць іёнаў кальцыю, якія ў нармальных умовах ня мелі б шанцу прабіцца праз абалонку.

Гэтая зьява нагадвае прынцып утварэньня электрычнасьці. Бо ток — гэта электроны, якія цякуць зь месца, дзе іх менш, у месца, дзе іх больш. А колькі працы яны ў стане зрабіць па дарозе! Гэтак сама могуць паводзіць сябе і штучныя клеткі. Дасьледнікі сьцьвярджаюць, што сканструяваную імі «сонечную нанаэлектрастанцыю» можна ператварыць і ў «нанафабрыку» па вытворчасьці разнастайных хімічных злучэньняў, неабходных для фармацэўтычнай і харчовай прамысловасьці.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру