10.01.2003 / 13:00

Дзясятая плянэта

На пачатку кастрычніка сьвет абляцела вестка пра адкрыцьцё дзясятай плянэты Сонечнай сыстэмы.

Ва ўсякім разе, гэта было найбольшае касьмічнае цела, выяўленае за апошнія 72 гады (у лютым 1930 г. быў адкрыты Плютон). Майкл Браўн і Чадвік Трухілья, астраномы з Каліфарнійскага тэхналягічнага інстытуту, назвалі новае плянэтарнае цела ў гонар боства мясцовых індзейцаў — Кваоар (бог-стваральнік, які сышоў зь нябёсаў на зямлю, хаос ператварыў у лад, стварыў жывёлаў і людзей). Аднак назва гэтая пакуль афіцыйна не замацавана, празь некалькі месяцаў яе мусіць ухваліць Міжнародны саюз астраномаў. Пакуль новы «аб’ект» мае толькі нумар — 2002LM60.

Ягоныя габарыты — каля 1280 км у дыямэтры (у 10 разоў меншы за Зямлю). Ад Сонца ён аддалены на 600 млн. км. І аблятае вакол яго за 288 зямных гадоў.

Першыя выявы Кваоару былі атрыманыя яшчэ ў 1982 г., аднак тады яго на здымках папросту не заўважылі сярод астэроідаў.

Кваоар знаходзіцца ў так званым Поясе Койпэра, які ўяўляе сабой мноства аб’ектаў зь лёду і скальнай пароды. Да такіх самых аб’ектаў належыць і Плютон — пасьля адкрыцьця Поясу Койпэра выніклі сумневы, ці слушна мы лічым яго плянэтай. Тое самае і з Кваоарам, які наўрад ці афіцыйна будзе прызнаны за плянэту Сонечнай сыстэмы. Да таго ж Браўн і Трухілья пільна агледзелі ў Паламарскай абсэрваторыі толькі 5% бачнай нябеснай прасторы і перакананыя, што ў астатніх 95% знойдуць яшчэ каля 20 нябесных целаў, ня меншых за Кваоар або нават за Плютон. Дзе ж ты будзеш іх усе запісваць у плянэты!

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру