10.01.2003 / 13:00

Як зьберагчы зубы

«Дырол» абараняе Вашыя зубы з раніцы да вечару! А ўначы пачынаецца карыес!» — і ўсе дружна засьмяяліся, бо карыес тычыцца літаральна ўсіх, мае яго амаль кожны —што толькі ні рабі…

Але існуюць мінімум два шляхі пазбыцца гэтае навалы. Першы — больш хуткі і надзейны: хірургічным шляхам пазбавіцца ўсіх зубоў і ўставіць плястмасавыя, бо навукова даказана: карыес плястмасу ня есьць. Прыхільнікі гэтага спосабу могуць далей не чытаць.

Другім шляхам трэба ісьці ўсё жыцьцё. Ён вымагае сапраўды ахвярнае любові да ўласнага здароўя. Гэта — сыстэмная і несупынная барацьба супраць карыесу з прыцягненьнем усіх сучасных навуковых ведаў.

У крайнім левым слупку пададзенае табліцы пералічаныя асноўныя фактары небясьпекі для зубоў. Сьцісла: калі вы цягам дзесяцігодзьдзяў не перашкаджаеце жыцьцю мікраарганізмаў у сваім роце, аддаяцё перавагу ежы, складзенай галоўным чынам з вугляводаў, не клапоціцеся пра паступленьне дастатковае колькасьці фтору ў арганізм — карыес вам забясьпечаны.

У верхнім радку — дзеяньні, якія кожны цывілізаваны чалавек імкнецца супрацьпаставіць карыесу. Калі вы ясьцё не часьцей за пяць разоў на дзень, належным чынам чысьціце зубы пастай з фторам ня менш за два разы на дзень пасьля яды (улічваць усе пачастункі, кінутыя ў рот цукерачкі і г.д.), зьвяртаецеся да стаматоляга ня толькі па першую дапамогу ў выпадку нясьцерпнага болю, але й дзеля прафіляктыкі — вы амаль не пакідаеце карыесу шанцаў.

Разгледзім асобна кожнае мерапрыемства.

Чыстка зубоў. Мінімальны неабходны інвэнтар — зубная шчотка і паста. Шчотку бярыце сынтэтычную, сярэдняе мулкасьці (мяккія шчоткі — для дзяцей і хворых на парадантоз), і мяняйце раз у тры месяцы — не радзей! Пасту неабходна браць з фторам. Утрыманьне фтору ў пасьце вымяраецца ў хітрых адзінках «ppm». Для дзяцей лепш браць пасту з 500 ppm фтору, для дарослых — з 1500 ppm, больш за 1500 — па рэкамэндацыі доктара. На жаль, не заўсёды гэтыя самыя «ppm« згаданыя на ўпакоўцы. Таму не забівайце сабе галаву, а адразу парайцеся з спэцыялістам. Тры асноўныя моманты: зубы неабходна чысьціць з трох бакоў (звонку, знутры і з паверхні змыканьня); выкарыстоўваць тры варыянты руху шчоткі — вэртыкальныя (у напрамку ад дзясны да паверхні змыканьня), гарызантальныя (не захапляцца, каб ня сьцерці эмаль!), кругавыя (таксама ад дзясны); надаваць увагу ня толькі «фасаду», але і тым зубам, што ня бачныя падчас усьмешкі. Абавязкова чысьціць зубы двойчы на дзень: пасьля сьняданку і пасьля вячэры — ня меней за тры хвіліны. Экспэрты Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) лічаць, што дадаткова трэба карыстацца зубачысткамі, зубнымі ніткамі (дэнтафлёсам). Тэхніку карыстаньня імі таксама лепей вывучаць пад кантролем стаматоляга. Галоўнае — не параніць дзяснаў. Памятайце: ані ўжываньне сьвежай садавіны і гародніны, ані «Дырол» з «Орбітам» — не альтэрнатыва чыстцы зубоў!

Рацыянальнае харчаваньне. Навукоўцы з СААЗ рэкамэндуюць харчавацца пяць разоў (сьняданак, полудзень, абед, падвячорак, вячэра), збалянсавана ўжываць мяса, малочныя прадукты, вугляводы, садавіну і гародніну. Найшкаднейшымі для зубоў зьяўляюцца рафінаваныя цукры. Але ня думайце, што калі вы п’яцё несалоджаную каву ці гарбату, дык ня маеце патрэбы губляць час на гігіену зубоў. Карыесанебясьпечнымі зьяўляюцца амаль усе прадукты, апроч сыру, мяса і тлушчаў, але і апошнія мы звычайна ўжываем з хлебам ці чым яшчэ. Пасьля літаральна любой ежы ў роце ствараецца небясьпечная сытуацыя. А жуючы нешта цягам цэлага дня, вы найпрасьцейшым шляхам крочыце насустрач ня толькі лішняй вазе ды атэрасклерозу, але й карыесу.

Фтор-прафіляктыка. Яна бывае лякальная і сыстэмная. Лякальную вы робіце, калі чысьціце зубы пастай альбо зубной ніткай з фторам. Адмыслоўцы-стаматолягі дададуць сюды яшчэ выкарыстаньне зубных эліксыраў з фторам, фтор-лякаў і фтор-пратэктараў. Калі ня хочаце хутка згубіць зубы, мэтады лякальнае прафіляктыкі давядзецца выкарыстоўваць цягам усяго жыцьця. Эфэктыўнасьць яе аднолькавая і для дзяцей і для старых. Калі ж вы клапоціцеся ня толькі пра сябе, але і пра сваіх дзяцей ды хочаце, каб яны не страцілі зубоў ніколі, неабходна ладзіць сыстэмную прафіляктыку — ужываць марскія прадукты і ежу, штучна ўзбагачаную фторам: фтараваныя соль, малако, хлеб, мінэральную ваду, фторыстыя пігулкі і сыропы... У дзяцей да дзесяці гадоў, а таксама падчас цяжарнасьці сыстэмная прафіляктыка дае найбольшы эфэкт.

У Паўночнай Эўропе яна праводзілася арганізавана, пад дзяржаўным кантролем, і цяпер ня кожны стаматоляг можа там знайсьці пацыента: у людзей здаровыя зубы! Мэтады фтор-прафіляктыкі таксама лепш падбіраць індывідуальна, разам з спэцыялістам. Калі вы цягам дня выпіваеце багата вады, бо траціце яе з потам (напрыклад, працуеце ў гарачым цэху ці бегаеце стомэтроўкі), вам дастаткова папросту падабраць пітво — накшталт мінэральнай вады «Дарыда» — з фторам. Калі ў вас хворыя ныркі, ня варта захапляцца фтор-пігулкамі. Фтараваная соль тут, бадай, самая бясшкодная, але калі доктар параіў вам абмежаваць ужываньне звычайнае солі, тое самае датычыць і яе фтараванае альтэрнатывы.

Вы маеце рэальныя шанцы ўсьміхацца да глыбокай старасьці сваімі зубамі. Натуральна, калі Вы ня толькі прачыталі гэты артыкул і пацмокалі языком, а, узброеныя ведамі, актыўна пачалі барацьбу за сваё здароўе. Уласныя зубы шматкроць лепшыя за любыя штучныя і абыходзяцца значна таньней. Пакіньце пратэзістаў бяз працы!

Алена Церашкова, доктарка-стаматоляг

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру