10 студзеня 2003
Скругленьне цэнаў
З 10 студзеня пачнуць скругляць цэны, якія з гэтага дня мусяць сканчацца на «0» ці на «5». Калі цана меншая за тысячу, скругляць будуць на пяць рублёў. Прыкладам, 12 рублёў — да 10-ці, а 13—17 — да 15-ці, 18—19 — да 20-ці. Цэны і тарыфы, большыя за тысячу, скругляюцца з дакладнасьцю да дзесяці рублёў.
Нацбанк дазволіў мікракрэдыты
Нацбанк унёс зьмены ў правілы, якія рэгулююць выдачу крэдытаў банкамі краіны. Банкі будуць мець права выдаваць крэдыты насельніцтву на набыцьцё аўтамабіляў у замежных прадаўцоў, пры гэтым валюту будзе неабавязкова прадаваць на ўнутраным рынку. Прадугледжаная таксама магчымасьць выдаваць прадпрымальнікам мікракрэдыты (да 10 тыс. даляраў). У выпадку выдачы мікракрэдыту ці крэдыту на выплату заробкаў, банкі не абавязаныя кантраляваць, ці выкарыстоўваюцца яны на адпаведныя мэты.
Бізнэс-цэнтры
Менгарвыканкам атрымаў ужо 10 заяваў ад кампаніяў, якія жадаюць сёлета будаваць у Менску буйныя бізнэс-цэнтры. Улады выдзялілі пад пабудову бізнэс-цэнтраў пляцоўкі на праспэкце Дзяржынскага, вуліцы Прытыцкага, на рагу вуліцаў Платонава і Чапаева, ля станцыі мэтро «Пралетарская» ды ў мікрараёне «Ўсход». Кожны цэнтар будзе мець плошчу ад 10 да 400 тыс. кв.м, на якіх разьмесьцяцца ня толькі офісы, але й забаўляльныя ўстановы.
«Камінтэрн» мяняе брэнд
Гомельскае АТ «Камінтэрн» вырашыла зьмяніць назву. Кіраўніцтва фабрыкі лічыць брэнд, які расшыфроўваецца як «камуністычны інтэрнацыянал», неканкурэнтназдольным у сучасных умовах. Новую назву мусяць прыдумаць да 20 студзеня. За найлепшы варыянт нават прапануюць прэмію – 200 тыс. рублёў.
Ачакава набудзе слуцкі бровар
Маскоўскі бровар «Ачакава» падпісаў з слуцкім броварам дамову пра ўзаемныя намеры. Намеры вядомыя: «Ачакава», якое, у адрозьненьне ад большасьці расейскіх бровараў, было заснаванае пры ўдзеле выключна расейскага капіталу, мае ўкласьці ў завод 30 млн. даляраў інвэстыцыяў. Дзяржава ж, якой належыць каля 90% акцыяў бровару, абяцае перадаць расейцам кантрольны пакет.
А.К.