10.01.2003 / 13:00

Пешкі ў чужой гульні

Ня так даўно ў «НН» прамільгнула вестка аб пратэсьце 75 дэпутатаў палаты прадстаўнікоў супраць разбурэньня беларуска-габрэйскай спадчыны на Нямізе і ў Ракаўскім прадмесьці. А дзе ж рэакцыя саміх габрэяў? Няўжо дэпутату-камуністу Ігару Катлярову сынагога на Дзімітрава, 3 даражэйшая, чым «галоўнаму габрэю» Левіну?

ФОТА IREX-PROMEDIA
Большасьць калегаў сп.Катлярова пратэставала ня так супраць парушэньня правоў габрэяў, як супраць свавольства выканаўчай улады. Кантора ж суаўтара «Хатыні» сп.Левіна цалкам залежыць ад ласкі Адміністрацыі прэзыдэнта, Саўміну, ізраільскага пасольства і міжнародных габрэйскіх фундацый «Сахнут» ды «Джойнт». Я ўпэўніўся, выдаючы газэту «Анахну кан»: бязь іх пасярэдніцтва габрэйскія суполкі (Саюз беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў, Юдэйскае рэлігійнае аб’яднаньне) ня здольныя нават весьці дыялёг.

Габрэяў у Беларусі засталося мала, але не нагэтулькі, каб іх ігнаравала ўлада. Вось апошняя і праводзіць пасьлядоўную палітыку «падзяляй і ўладар», стаўшы першым гульцом на «габрэйскай вуліцы». Другі гулец — замежныя багатыры. Кіраўнікі мясцовых габрэйскіх суполак адыгрываюць толькі трэція ролі, што тлумачыцца эканамічнай ды палітычнай несамастойнасьцю беларускіх габрэяў як мінарытарнай этнаканфэсійнай групы. Яны, усе 28 тысячаў, — пешкі ў чужой гульні.

Тутэйшыя габрэі — нібыта пасярэднікі ў прыцягненьні замежных інвэстыцый ды крыніца дадатковых падаткаў і пабораў. У 2001 г. «Джойнт» і «Сахнут» прывезьлі ў краіну значна больш грошай, чым ААН. Зразумелае жаданьне беларускіх уладаў ня рэзаць курэй, што нясуць залатыя яйкі, і карыстацца хутчэй пернікам, чым бізуном.

Лукашэнкава палітыка ў дачыненьні да габрэяў — шматаспэктная. Гульня ў «добрага» і «злога» начальніка навідавоку. Добры — Рыгоравіч — час ад часу скажа, што «другам стаў у яўрэяў». Злы — Касьцян ці Скобелеў — чмыхне пра жыдамасонскую змову. А мо ў кіраўнічых колах і сапраўды няма ідэалягічнага адзінства што да будучыні габрэяў у Беларусі? Адным карціць, каб яны зьехалі ці вымерлі. Другім — каб яшчэ пажылі тут, прыносячы грошы ў дзяржаўную скарбонку.

Замежнікі ня толькі дыктуюць габрэйскім суполкам умовы фінансаваньня, але і почасту «прэзэнтуюць» іх. Так, у 2000 г. БТ узяло інтэрвію ў рабіна Грузмана — грамадзяніна Ізраілю, назваўшы яго «рупарам» рэлігійнай часткі габрэяў Беларусі. У 2002 г. газэце «Культура» пра тутэйшую габрэйскую грамаду «кампэтэнтна» расказала Ахува Розэн — прадстаўніца амэрыканскай карпарацыі «Джойнт». Хто плаціць — той і замаўляе…

Але ж і ў замежных босаў розьняцца задачы. Ідэолягам «Сахнуту» ды ізраільскага пасольства існаваньне габрэйскай грамады ў Беларусі — як нож у сэрца. Аднойчы на фэсьце габрэйскай кнігі пасольская работніца не абы-якога рангу выказалася гэтак: «Нам ня трэба тут вашая грамада, вы не ў Амэрыцы. Нам трэба, каб вы хутчэй зьехалі адсюль». Больш прагматычнай плыні, прадстаўленай «Джойнтам», габрэі патрэбныя — каб замежныя фундацыі выпампоўвалі болей грошай «на дабрачыннасьць» у амэрыканскіх, брытанскіх, нямецкіх ды іншых дабрадзеяў. Заміж таго каб дабівацца вяртаньня габрэйскай спадчыны (толькі ў Менску захавалася пяць будынкаў сынагог, канфіскаваных за савецкім часам), выгодна, напрыклад, набыць пад габрэйскі грамадзкі дом старую тэкстыльную фабрыку. Габрэі там — ні госьці, ні гаспадары...

У захадах першага і другога гульцоў прысутнічаюць фінансавыя ды ідэалягічныя матывы — сымэтрыя амаль поўная. Гэтак, цягам апошніх гадоў дзіўным чынам спалучаліся інтарэсы «славянафіла» Касьцяна ды былога пасла Ізраілю Пэлед-Флэкса. Абодва плявалі на разбурэньне знакавага будынку, каштоўнага і для беларусаў, і для габрэяў, — менскай сынагогі на Дзімітрава, 3. Першы рэклямаваў кнігу «Война по законам подлости», другі казаў: беларускія ўлады робяць усё, што могуць, каб выкараніць антысэмітызм.

Адзін бок малюе тутэйшых габрэяў шкоднікамі, другі накідае ім вобраз убогіх, ахвяраў. Аднак і работнікі пасольства, і паплечнікі Касьцяна зацікаўленыя ў дэюдэізацыі Беларусі. Часам думаю: ці не атрымлівае сп.Сяргей дадатковага заробку ў будынку на Партызанскім праспэкце, 6а?

Варта ўсё ж габрэям Беларусі падумаць, як у вырашэньні ўласнага лёсу з трэцяй альбо чацьвертай пазыцыі перамясьціцца хоць бы на другую.

Вольф Рубінчык, Менск

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру