або Трэнас чытача, абгрувашчанага традыцыйнымі асацыяцыямі.

Без какецтва прызнаюся: чым больш старэю і чытаю, тым больш бачу вакол сябе філялягічных загадак. Думаю сабе: ці не пара пісаць Lamento «Ave Philologia»? Як толькі пачынаю чытаць некаторых сучасьнікаў, спатыкаюся, захліпаючыся ў дыскамфорце, не раўнуючы філярманічны слухач, што пакідае канцэрт з апухлымі галасавымі зьвязкамі пасьля праглынутага сцэнічнага фальшу. Мне кажуць прасунутыя: «Дурань, гэта ж мадэрн!» Дык вось дайце рады, людцы...

Падзялюся ўражаньнямі ад чытаньня каляднага нумару «НН» за 27 сьнежня 2002 г. Убачанае на першай старонцы закідае зерне дыcгармоніі і наструненае чаканьне каляднага катарсысу: побач з Калядным пасланьнем айца Надсана стаіць гарэзьлівае «Раство на «Раствора-бэтонным» Андрэя Хадановіча. Што кіруе аўтарскай музай — не чытачу ведаць. Трасянкавае Раство/Ражджаство выклікае адпаведныя калямбуры. Усё лягічна. Божае Нараджэньне, Каляды вядуць да іншых асацыяцыяў. Не дадае сьвяточнага настрою подпіс пад фатаздымкам абгарэлага даху Нясьвіскага замку: «Пажарнікі перакурваюць»... Ат, кажу сабе, — дробязі.

Гартаю тыднёвік. Патанаю ў прозе «сталых аўтараў». На 13-й старонцы — апавяданьне «Крумкач і Франка» Вольгі Бабковай. Яно адразу інтрыгуе назвай: штосьці ад магічнага рэалізму. Спачатку думаю, што гэта нешта пра Франка-дыктатара, бо актуальна ж. Не, высьвятляецца, — пра дзяўчынку Франку. Інтрыгуе крумкач. У голаў прыходзяць асколкі ведаў ды асацыяцыяў: жыве 300 гадоў, корміцца падлай, трымаецца далей ад людзей, вястун злыбедаў, перавернутыя героі Эдварда Ліра танчаць з крумкачамі, Зімоўскі — «ганаровы крумкач», словы-сынонімы — «груган», «крук» і г. д. Вось ён, магічны рэалізм: дзяўчынка з анёльскім тварам сябруе з крумкачом!

Высьвятляю час, месца, дзейных асобаў: Менск, пасьля 1864 г., Франка — дачка закатаванага паўстанца Вайновіча. Вось, нарэшце, і крумкач: «Пасьля сьняданку бабуля разгарнула Біблію ды пачала чытаць уголас, водзячы пальцам па радочках: «...Ной чакаў сорак дзён. Адчыніў акно зьверху каўчэгу, выпусьціў крумкача, вялікую чорную птушку, назад крумкач не вярнуўся...» Але з каморы маіх нагрувашчаных ведаў таемны голас шэпча: «Асьцярожна, дзядзька, — мадэрнізм!» Лезу ў «Быцьцё», разьдзел 8, верш 7. Чытаю і вачом ня веру: «...і выпусьціў крумкача, які, вылецеўшы, адлятаў і прылятаў, пакуль не абсохла зямля ад вады» (пераклад Васіля Сёмухі). Можа, хітрыя пратэстанты тут што-небудзь намадэрнізавалі? Але і ў Лютэра ўсё тое ж: крумкач «flog immer hin und wieder bis das Gewдsser vertrocknete auf Erden». Магчыма, аўтарка блытае крумкача з голубам, які сапраўды не вярнуўся, калі адляцеў, аддаўшы Ною са сваёй дзюбы сьвежы аліўкавы ліст? Але ж гэта немагчыма: тут жа мастацкая канцэпцыя. Аўтарку цікавіць перш за ўсё «бязьмежная прастора», што адкрылася крумкачу...

Пры далейшым чытаньні апавяданьня даводзіцца балянсаваць у «неўласнааўтарскім дыскурсе» паміж нармальным дзіцячым бачаньнем сьвету і перакуленым сьветам, убачаным вачыма крумкача. Асабліва гэта адлюстравалася ў перакручваньні некаторых натуральных рэаліяў (кшталту клясычнага «квадрат коціцца») і адушаўленьні рэчаіснасьці. Пасьля добраахвотнай вандроўкі праз гэтую «вэрбальную прастору абсалютнай свабоды» я адчуў сябе абсалютова дэкатарсызаваным, як тыя снапы на таку пад цапамі.

Што ж бянтэжыць традыцыяналіста? У аўтаркі крумкач жыве ў цэнтры Менску, гнязьдзіцца то на паддашку ратушы, то на дрэве каля гарадзкой управы, то яшчэ недзе; любіць булачкі; прыслухоўваецца да людзей. У прыродзе гэтая птушка (крумкач, лац. corvus corax, не зьяўляецца мужам вароны, corvus corone, ён належыць да роднаснай, але асобнай падклясы) трымаецца далей ад населеных месцаў, корміцца на звалках, не мяняе спадчыннага месца гнездаваньня. Аўтарка піша, што крумкач «убачыў тупаценьне», тады як яго можна толькі чуць, «распластаўся камяком» — але камяк не распластаная фігура, «прачнуўся ад бляску ў вачох» — аднак бляск быў звонку. Апроч таго, гэтая птушка, паводле твору, зьбірае бліскучыя рэчы, тады як гэта можа рабіць хіба сарока.

Іншыя рэчы таксама паводзяцца незвычайна: крумкач сядзіць на фортцы, а рыпае аканіца; клетка нерашуча варушыцца; партрэт таксама робіць штосьці падобнае; пёры зіхацяць ад мэлёдыі; вір гоману ўчапіўся за верхаліны дрэў; каля самае макаўкі тоўпіліся калёсы і экіпажы... Сьпіс можна доўжыць. Магчыма, я не магу перасяліцца ў крумкачова цела і глядзець на сьвет ягонымі вачыма? Але цяжка заўважыць той крумкачоў сюррэалістычны «тумблер», які ён аднойчы націскае — і пачынае вісець уніз галавой.

Як традыцыяналіст, я адчуваю пэўны дыскамфорт і ад аўтарскай этымалягізацыі некаторых словаў, што адбіваецца ў напісаньні. Напрыклад, аўтарка піша «тэзаімяніны», што схіляе чытача да думкі пра запазычанасьць з лаціны ці грэцкай. Але ж гэта славянскае ўтварэньне (гл. цёзка і да т.п.). Пісаць трэба цезаімяніны. А то гучыць прыблізна як у сп.Абламейкі з радыё «Cвабода»: «заканамэрнасьць» (!). Напісаньне «вэнзэль» таксама ня надта пераконвае: гэта запазычаньне з польскай («вузел») і павінна пісацца «вензель».

Ня ведаю, магчыма, я моўны рэтраград і зануда. Калі чытаць спн.Бабкову як Івана Шамякіна (не шукаючы мастацтва ў слове, бо яго там проста няма, а толькі публіцыстычная фабула), то тут усё на месцы. Але ж напісанае месцамі надзвычай прыемна чытаецца. Аўтарка — поліфанічная мастачка. Я нават адчуў пасьля прачытаньня паэтычны імпульс, адклаў «НН» ды напісаў пародыю на ўласную спробу літаратурна-крытычнай эсэістыкі. Мяне натхнілі таксама вершы Андрэя Хадановіча і ягонае інтэрвію ў ARCHE №3 за 2002 г.

Кленічы мадэрністам «Нашай Нівы»

апрануты ў рымскую тогу

між пустак балот і лясоў

брыду і пытаю дарогу

палохаючы мінакоў

А. Хадановіч

З кампутарнай файлай пад пахай

У «Нашую Ніву» брыду.

Пад рымскай маёй апранахай

Адказ ёсьць для вас, ўот ту ду.

Хай чуюць мой трэнас і лямант

Пісакі, што плодзяць мадэрн.

Хай п’е ваш атрутны атрамант

Біблійны герой Галяфэрн.

Ня рушце, як Саляман Рушдзі,

Найсьвентшых пачуцьцяў, пся маць!

Ня плюйце народу на грудзі

і досыць вам мас турбаваць!

Цалуйцеся і з крумкачамі

In your topsy-and-turvy world.

Лір Эдвард майструе начамі

і вам асінавы болт.

Пётра Садоўскі

Заўвагі аўтара:

катарсыс — балдзёж,

ўот ту ду — што рабіць (англ.),

Аляфэрн — запытайцеся ў біблійнай Юдыты,

Рушдзі — антымусульманскі літаратар-блюзьнерца тыпу нашага Хадановіча, прысуджаны прававернымі да сьмяротнай кары (пакуль што не злавілі),

Edward Lear. Topsyturvy world — чытайце арыгінал ці ў ARCHE №3-2002.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0