У Паўла атрымалася, што шлях Беларусі ў Эўропу ідзе… праз Амэрыку. І гэта мала чым адрозьніваецца ад шляху ў Эўропу праз Расею. Абодва шляхі акольныя.

Палітыка толькі тады эфэктыўная, калі яна пасьлядоўная, ясная і зразумелая. Яна патрабуе ад сваіх адэптаў пэўных абмежаваньняў і самадысцыпліны. У гэтым джэнтэльмэнскім наборы няма ніякай навіны. Ён быў сфармуляваны яшчэ Плятонам для асоб, якія імкнуцца і лічаць сябе здольнымі кіраваць грамадзтвам. Аднак з часоў вясёлага марксізму-ленінізму, што дэкляраваў здольнасьць кухарак кіраваць дзяржаваю, бар’ер, які мусіць прысутнічаць найперш у самасьвядомасьці, моцна панізіўся. Таму інфармацыя, якая абвальваецца на галовы чытачоў, нагадвае не крынічныя празрыстыя воды, а сель. Брудны і вязкі.

БНФ заўжды гаварыў людзям праўду. Мы верылі, што праўда раней ці пазьней пракладзе дарогу да сэрцаў людзей. І толькі тады мы станем на шлях Адраджэньня. Цяпер якраз наблізіўся момант такога этычнага і палітычнага выпрабаваньня.

Так, мы першыя сказалі, што гістарычны шлях Беларусі — «у Эўропу». Тое, што здавалася неймаверным у 1989 г., стане нашым практычным лёзунгам ужо ў пачатку 2003 г. Падчас выбарчай кампаніі мы павінны патлумачыць людзям, што хочам, каб у Беларусі быў эўрапейскі дабрабыт, эўрапейская культура — палітычная, вытворчая, побытавая. Што дабрабыт і пералічаныя складнікі культуры ўтвараюць адзіны сацыяльна-палітычны комплекс, які можа быць рэалізаваны толькі разам. Што спачатку мы мусім дасягнуць дэмакратыі. Потым — правесьці эканамічныя рэформы. Адваротны парадак пераўтварэньняў — памылковы. Ён можа скончыцца толькі «лацінаамэрыканскім тупіком». Зь яго маёмаснай няроўнасьцю, запаволенасьцю разьвіцьця і бясконцымі сацыяльнымі канфліктамі. А пасьля таго як Беларусь пачне багацець, найбольш актуальным стане ўздым побытавай культуры. Тады ў нас стануць піць менш, сям’я будзе больш моцнай, стаўленьне да прыроды — больш ашчадным, а пад’езды — чыстымі.

Усе гэтыя зрухі і эўрапейскія стандарты будуць дасягнуты толькі тады, калі мы будзем паўнавартаснымі грамадзянамі, якія паважаюць у сабе чалавечую і нацыянальную годнасьць.

Палякі і літоўцы ўжо ідуць гэтым шляхам. Хутка ім жа рушыць і Ўкраіна. Я хачу, каб гэткі варыянт разьвіцьця выбрала і Расея.

Але пакуль занадта мала прыкмет гэтага выбару. Дэмакратыя ў нашых суседзяў мала лепшая за беларускую. Эканамічны шлях — тыпова лацінаамэрыканскі. А ідэалёгія нагадвае падвойную, савецкую мадэль. Тое, што У.Пуцін падтрымаў антытэрарыстычную кампанію ЗША, правільна. Але за гэтай падтрымкаю праглядаецца намер дамагчыся ад ЗША згоды на працяг разбою ў Чачэніі.

І пакуль Расея, як спадкаемца СССР, не адмовіцца ад падвойных стандартаў, ніхто ня пусьціць яе ў Эўропу. Таму лёзунг «У Эўропу разам з Расеяй» — памылковы. Мы заўсёды выступалі за добрасуседзкія адносіны з РФ. Але ў Эўропу кожная краіна павінна рухацца самастойна. Стварэньне любых наддзяржаўных структур — непатрэбная справа, якая толькі дэзарыентуе грамадзтва.

І тут я павінен згадаць артыкул свайго калегі, намесьніка старшыні Партыі БНФ П.Севярынца ў «НН» ад 6 сьнежня «Беларусь зьменіць Эўропу». Артыкул супярэчлівы. Павал мае рацыю, калі піша «Нам трэба ідэя не партызанкі, не падпольля або тэрору — а ідэя перамогі». Але слушную ідэю перамогі над сабою, над нашай грамадзкай неўладкаванасьцю ён зводзіць да перамогі над Расеяй. Прасьпяваўшы хвалу (заслужана) А.Лукашэнку як «нацыянальнаму рэсурсу», ён пасыпае галаву попелам, сьцьвярджаючы, што Беларусь «ня мае рэальнай грамадзка-палітычнай сілы нацыянальнага ўзроўню, гатовай стаць альтэрнатывай Лукашэнку і перамагчы імпэрыю». Выхад з «апатыі і бязьвер’я» ён бачыць у «хрысьціянскім абуджэньні», здольным «ператварыць стомленых, раздражнёных і сумятлівых дзеячоў у поўных сілаў правадыроў з бляскам у вачах ды львінай рашучасьцю», забываючы, што бляск у вачах можа быць і шалёным. Як часьцей за ўсё і бывае.

Захоплены ідэяй «абуджэньня», П.Севярынец неўпрыкмет мяняе арыенціры. У Эўропе ён бачыць спажывецкае грамадзтва, панаваньне матэрыялізму, шмат распусты, закасьцяненьне бюракратыі і г.д. А ЗША выклікаюць у яго захапленьне. Бо «98% амэрыканцаў вераць у Бога. Амэрыка — адна зь нямногіх краінаў, дзе ў апошнія дзесяцігодзьдзі зьніжалася колькасьць крымінальных злачынстваў, ужываньне алькаголю, тытуню і наркотыкаў». Хаця Амэрыцы ўласьціва «прагрэсуючая разбэшчанасьць і прагавітасьць да грошай, імкненьне да сілавога кантролю ў замежных дачыненьнях».

Няхай на сумленьні П.Севярынца застанецца ягонае цьверджаньне аб «прагрэсуючай разбэшчанасьці», якая спалучаецца амаль са стопрацэнтовай вераю ў Бога і «зьніжэньнем колькасьці крымінальных злачынстваў». Важна, што фэномэн ЗША, на яго думку, мае шмат падабенства зь беларускім. З прычыны «цяжкасьці этнічнае самаідэнтыфікацыі і полікультурнага, поліканфэсійнага фокуснага сынтэзу»! Але мы ўсё-такі на іншым кантынэнце. Таму «готыка касьцёлаў, крыжы кірхаў, мэлёдыя арганаў і хор малітвы — гэта і ёсьць шлях у Эўропу».

Пададзеных цытат дастаткова, каб пабачыць дзьве слабасьці ў Паўлавых разважаньнях. Ня думаю, што ў Беларусі многа прыхільнікаў клерыкальнага грамадзтва. Ня думаю, што Павал ведае і разумее сутнасьць беларускай культурнай традыцыі. Яе асаблівасьць зусім ня ў «полікультурнасьці». Так яшчэ можна сказаць пра сытуацыю ў ЗША — краіне эмігрантаў, дзе «чайна-таўны», мурынскія ды лацінаамэрыканскія раёны сустракаюцца ў межах аднаго гораду. Там можна бачыць адштурхоўваньне лякальных комплексаў. А не ўзаемапранікненьне і сынтэз, як у Беларусі. Калі А.Лукашэнка абвясьціў «праваслаўны атэізм», ягонымі вуснамі гаварыла беларуская культурная традыцыя — традыцыя пошуку сынтэзу. А не мэханічнага аб’яднаньня. Амэрыканец сказаў бы: «У нас і праваслаўе, і атэізм».

Беларусь заўсёды была беларускай. Эмігранты не вялі рэю ў культуратворчасьці. Таму мы ня поліканфэсійнае грамадзтва, а талерантнае. І нашая духоўная свабода і цярпімасьць ёсьць плёнам нашай гісторыі. А францускі тэрмін, якім адзначаецца гэтая якасьць нацыянальнай культуры, сьведчыць пра яе падабенства на адпаведную якасьць францускай і наагул эўрапейскай духоўнай традыцыі.

Здавалася б — дробязь. Блытаніна ў асаблівасьцях культурнай традыцыі. Але за ёй выразна паўстае захапленьне П.Севярынца «эвангелізацыяй». Я за права любой канфэсіі на агітацыю за свае каштоўнасьці. Але супраць зьмешваньня прапаведніцкай дзейнасьці з палітыкай. Бо гэта падмяняе палітычныя арыенціры. У Паўла атрымалася, што шлях Беларусі ў Эўропу ідзе… праз Амэрыку. І гэта мала чым адрозьніваецца ад шляху ў Эўропу праз Расею. Абодва шляхі акольныя. Гэтыя лёзунгі замутняюць, скажаюць простую ісьціну: Беларусь — эўрапейская краіна. Беларусы маюць права і абавязаны жыць па-эўрапейску. Для гэтага не патрэбна ні перахрышчвацца, ні варагаваць з усім сьветам за сваю богаабранасьць. Трэба берагчы і бараніць сваё — зямлю, культуру, мову. І ісьці да эўрапейскіх стандартаў у палітыцы ды эканоміцы.

Юры Хадыка,

намесьнік старшыні Партыі БНФ, прафэсар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0