За гады кіраваньня Лукашэнкі нашыя сувязі з усходняй суседкай узмацніліся. На Расею прыпадае 60,3% нашага замежнагандлёвага абароту. Яе доля ў імпарце складае 70,4%. Гэтыя лічбы — галоўны аргумэнт прыхільнікаў прарасейскага курсу ў нашай замежнай палітыцы.

Разам з тым, гэтае гледзішча такое ж далёкае ад ісьціны, як і думка аб аднолькавасьці лёсу Беларусі і Новай Зэляндыі.

Расейцы купляюць нашую прадукцыю не таму, што жадаюць дапамагчы «славянскаму брату», а таму, што наша прадукцыя канкурэнцыйная на ўсходнім рынку, мае спрыяльныя для расейскіх спажыўцоў суадносіны цаны і якасьці. Наўрад ці для перавозак па СНД расейцы будуць набываць седлавы цягач «Eurotech Iveco» (60,1 тыс. даляраў), калі МАЗаўскі аналяг каштуе 36,9 тыс. даляраў. А расейскія нафтавыя кампаніі зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з наваполацкім НПЗ «Нафтан» таму, што будоўля аналягічнага прадпрыемства каштуе больш за 2 млрд. даляраў.

Нізкія цэны на энэрганосьбіты для Беларусі таксама ня з добрай волі Крамля. Проста Маскве выгадней мець «асаблівыя адносіны» зь Менскам, чым будаваць гэтыя адносіны па сусьветных стандартах: Беларусь у палітычнай гульні з Расеяй мае нямала важкіх козыраў, якія пакуль не пакладзеныя на стол.

У выпадку інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую палітычную і эканамічную прастору страты расейскага рынку не адбудзецца. Аднабаковы кірунак замежнай палітыкі Лукашэнкі тлумачыцца не аб’ектыўнымі інтарэсамі беларускай дзяржавы, а тым, што толькі з боку Масквы і яе хаўрусьнікаў па Дамове аб калектыўнай бясьпецы і СНД цяперашняя беларуская адміністрацыя можа атрымаць палітычную падтрымку.

Беларускі клін

Мы не «прывязаныя» да Расеі. Гэта дазваляе з пэўным аптымізмам глядзець на пэрспэктыву пошуку Беларусяй свайго месца ў аб’яднанай Эўропе. Можна пагадзіцца зь меркаваньнем, што наступнае шостае пашырэньне Эўропы нашую краіну не накрые. Але нельга пагадзіцца зь меркаваньнем, што Беларусь непазьбежна застанецца за бортам эўрапейскай інтэграцыі.

Працэс будаваньня аб’яднанай Эўропы ідзе млява, перад ЭЗ стаіць шмат сацыяльна-эканамічных пытаньняў, зьвязаных зь сяброўствам новых краінаў. На вырашэньне гэтых праблемаў трэба час і вялікія рэсурсы. Нават у краін-«выдатніц» (Польшчы, Чэхіі, Вугоршчыны) справы ідуць ня так пасьпяхова, як спадзяваліся ў Эўразьвязе. Напрыклад, узровень беспрацоўя ў нашай заходняй суседкі складае каля 16% працаздольнага насельніцтва. Цяперашнія скептычныя заявы эўрапейскіх палітыкаў адносна пэрспэктываў далейшага пашырэньня ЭЗ на ўсход адлюстроўваюць гэтае становішча.

Застаюцца й пытаньні, зьвязаныя з фармаваньнем супольнай эўрапейскай палітыкі, і, у прыватнасьці, геапалітыкі. Пакуль за дзеяньнямі і заявамі прадстаўнікоў Эўразьвязу больш бачныя геапалітычныя інтарэсы тых краінаў, якія гэтыя асобы прадстаўляюць. ЭЗ яшчэ не дасягнуў такой ступені разьвіцьця, каб бачыць і рэалізоўваць свае доўгатэрміновыя стратэгічныя інтарэсы на палітычнай мапе сьвету. Дальнабачнасьць адпавядае палітыцы Амэрыкі. Ня дзіва, што прадстаўнікі Францыі гавораць аб тым, што Беларусь, Украіна і Малдова ня маюць шанцаў на сяброўства ў ЭЗ: Францыю больш за гэтыя дзяржавы цікавяць і турбуюць мусульманскія краіны Паўночнай Афрыкі.

Але з гледзішча далёкай пэрспэктывы сытуацыя выглядае іначай. Калі працэсы фармаваньня супольнай эўрапейскай палітычнай і эканамічнай прасторы набяруць пэўную крытычную масу, перад Эўразьвязам устане пытаньне: што далей? І тады на мапе сьвету зьявіцца яшчэ адзін буйны геапалітычны гулец — аб’яднаная Эўропа. Існаваньне буфэрнай зоны (Беларусь, Украіна і, што менш важна, Малдова) паміж краінамі Эўропы і Расеяй будзе магчыма толькі да таго моманту, калі на месцы першых ня зьявіцца Эўразьвяз з сваімі геапалітычнымі інтарэсамі і адпаведнымі кансалідаванымі рэсурсамі. Да таго моманту ўплыву ЗША будзе дастаткова, каб Украіна і Беларусь калі не пайшлі на Захад, то ўжо ніяк не сышлі на Ўсход. Калі побач з ЗША зьявіцца Эўразьвяз, краіны буфэрнай зоны зацягне на Захад, у Эўропу, быццам пыласосам. Захад ужо дамінуе ў закаўкаскіх і цэнтральнаазіяцкіх краінах СНД. Чарга — за краінамі буфэрнай зоны, рэжымы якіх пакуль лавіруюць паміж Расеяй і Захадам, часта насуперак нацыянальным інтарэсам.

Масква мала што можа супрацьставіць хай млявым, але непазьбежным крокам Захаду ва Ўсходняй Эўропе. Тэхналягічнае і эканамічнае адставаньне 145-мільённай Расеі павялічваецца. Масква й сама вымушана ў сваёй палітыцы аглядацца на Захад.

Нават самыя ўпартыя прыхільнікі саюзу Беларусі і Расеі прызнаюць, што працэсы вэстэрнізацыі ў паўднёвай суседкі Беларусі зайшлі дастаткова далёка.

Верагодна, што ў выніку будучых прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне да ўлады прыйдзе перакананы заходнік Віктар Юшчанка. Тады гэтая краіна вельмі настойліва пагрукае ў дзьверы Эўразьвязу. Але, разам з тым, беларускі ўрад працягвае настойваць на асаблівым шляху Беларусі ў фарватэры палітыкі Расеі. Гэта — прапаганда. Лёс нашай краіны ў пэўнай ступені вырашаецца тым, што адбываецца на яе межах. Дастаткова паглядзець на палітычную мапу і параўнаць працягласьць мяжы Беларусі з новымі краінамі ЭЗ (Латвіяй, Літвой, Польшчай) ды Ўкраінай, якая вельмі часта пазірае на Захад ужо пры Кучму, з расейскай мяжой.

Калі будзе існаваць прарасейскі «беларускі клін», Украіна ня зможа інтэгравацца ў Эўропу. Мы маем занадта працяглую мяжу, а ва ўмовах Палесься ня можа быць ніякай гаворкі пра барацьбу зь нелегальнай міграцыяй ці з наркатрафікам (гэтыя праблемы для Эўразьвязу першасныя). Разам з тым, Захад разумее: калі не пайсьці насустрач Украіне, там, як і ў Беларусі, зьявіцца падстава для ўзмацненьня пазыцыяў Расеі. Эўразьвяз дагэтуль ня мае адзінай думкі што да Беларусі, некаторыя недальнабачныя палітыкі выступаюць за дамову з Расеяй адносна сфэраў уплыву. Але ў ЭЗ ужо сёньня ёсьць пэўны кансэнсус адносна Ўкраіны: з часам яна будзе інтэграваная ў эўрапейскую прастору.

Чаму ня «разам з Расеяй»

Некаторыя скажуць, што ўсё гэта — трызьненьне русафоба. Які сэнс казаць аб буфэрнай зоне, інтарэсах ЗША, Эўразьвязу і Расеі, а на гэтым тле — пэрспэктывах Беларусі, калі мы, беларусы, можам пайсьці «ў Эўропу разам з Расеяй»? А вось пры такім падыходзе сапраўды ўспомнім новазэляндцаў. Расея ніколі ня будзе сябрам Эўразьвязу і NАТО. Ёй, як і ЗША, Кітаю, Індыі, наканаваная роля супэрдзяржавы. Вялікая тэрыторыя, вялікае насельніцтва, свае геапалітычныя інтарэсы... Расея і ЗША з Эўропай — адвечныя геапалітычныя антаганісты. Геаграфічна і эканамічна Расея зьвязаная з азіяцкімі краінамі, частка якіх складае антызаходнюю «вось зла». Гэтыя сувязі сфармаваліся гістарычна, і, як бы нешматлікім расейскім лібэралам і заходнікам ні карцела, Масква ня можа спыніць кантакты нават зь вельмі адыёзнымі з пункту гледжаньня Захаду партнэрамі ў Азіі.

Вясною 1999 г. Б.Ельцын выступіў з ініцыятывай стварэньня «стратэгічнага трохкутніка» ў складзе Расеі, Кітаю ды Індыі, скіраванага супраць гегемоніі Захаду. Тагачасны вялікі сябра Расеі А.Лукашэнка творча разьвіў гэтую ініцыятыву, прапанаваўшы далучыць да гіпатэтычнага альянсу Ірак, Іран, Лівію і, зразумела, Беларусь.

Расея ня можа быць дэмакратычнай хаця б таму, што яна занадта стракатая й вялікая. Утрымаць пад адпаведным кантролем шостую частку сушы магчыма толькі пры такім падзеле ўлады паміж цэнтрам і рэгіёнамі, дзе першы мае значную перавагу. «Імпэрскі інстынкт» расейцаў — гэта інстынкт самазахаваньня. Тады як «украінскае» і «беларускае» пытаньне для ЗША, лідэраў Захаду ёсьць часткай стратэгічнай задачы стрымліваньня Расеі, магчымасьці ціску на яе з мэтай не дапусьціць аднаўленьня вялікай эўраазіяцкай дзяржавы.

Народжаныя эўрапейцамі, мы, беларусы, пакуль вельмі мала зрабілі, каб у нашай краіне можна было бачыць кандыдатку на сяброўства ў Эўразьвязе. Эўропа — наша радзіма, і мы калісьці прыйдзем да яе. Мы можам разьлічваць на руку дапамогі, але, разам з тым, ніхто несьці нас ня будзе. Гэты шлях усе краіны праходзяць самі.

Андрэй Ляховіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0