10.01.2003 / 13:00

з усіх старон

10 студзеня 2003

Старшыня ЭЗ супраць вайны ў Іраку

Міністар замежных справаў Грэцыі Георгеас Папандрэў заклікаў Эўразьвяз да выпрацоўкі супольнага падыходу да ірацкае праблемы. Ён спадзяецца, што гэты падыход будзе нэгатыўным.

Прэм’ер-міністар Грэцыі Костас Сіміціс лічыць «узгадненьне супольнай пазыцыі ў гэтай справе» мэтай старшынства Грэцыі ў Зьвязе. Грэкі мяркуюць, што пагроза вайны з Садамам — цудоўная нагода для Эўропы цясьней аб’яднацца ў галіне замежнай палітыкі, дагэтуль супольнай толькі на паперы. Сёньня кожная краіна ЭЗ вядзе ўласную гульню на міжнароднай арэне, што значна аслабляе патэнцыял аб’яднанай Эўропы як партнэра ці процівагі ЗША.

Краіны Зьвязу ня маюць адзінае думкі й пра Ірак. На адным полюсе — Лёндан, Мадрыд, Рым і амаль далучаная Варшава. Яны, разам з Вашынгтонам, схіляюцца да інтэрвэнцыі. На другім — Нямеччына, якая выказваецца супраць, хоць апошнім часам ужо ня так катэгарычна, як перад выбарамі. Францыя вагаецца.

Грэцыя, як і многія малыя краіны ЭЗ, лічыць, што трэба імкнуцца да мірнага вырашэньня канфлікту пад эгідай ААН.

З студзеня ў Радзе Бясьпекі ААН, апроч сталых сяброў Францыі і Вялікабрытаніі, засядаюць таксама Нямеччына й Гішпанія. На думку грэцкіх дыпляматаў у Брусэлі, гэта павінна ўзмацніць уплывы ЭЗ у ААН і наадварот — замацаваць аанаўскую філязофію імкненьня да міру любой цаной у замежнай палітыцы Зьвязу.

Жанчына ачоліла дэмакратаў Кангрэсу

Упершыню ў гісторыі Кангрэсу ЗША лідэрам дэмакратаў у палаце прадстаўнікоў зрабілася жанчына. 62-гадовая Нэнсі Пэлазі з Каліфорніі зьмяніла на гэтай пасадзе Рычарда Гепгарда. Сама Пэлазі кажа: “Мы чакалі гэтага 200 гадоў”.

АБСЭ супраць рэфэрэндуму ў Чачэніі

АБСЭ лічыць правядзеньне рэфэрэндуму па канстытуцыі Чачэніі пасьпешлівым крокам і наўрад ці прызнае ягоныя вынікі. Паводле словаў былога кіраўніка групы спрыяньня АБСЭ ў Чачэніі Ёрма Інкі, прысутнасьць дзясяткаў тысячаў расейскіх вайскоўцаў, вялікая колькасьць уцекачоў і агульная нестабільнасьць у рэгіёне — ня тыя ўмовы, пры якіх можна правесьці сапраўдны рэфэрэндум.

Зьмены на мяжы зь Літвой

Літоўскія памежнікі з 1 студзеня зрабілі больш жорсткім пашпартны кантроль у транзытных цягніках Калінінград—Масква і Калінінград—Санкт-Пецярбург. Гэта зьвязана з увядзеньнем Літвой нацыянальных правілаў пагранічнага кантролю, дамоўленасьць аб якіх была зафіксавана ў выніковым дакумэнце саміту Расея—ЭЗ у Брусэлі.

Цяпер, каб трапіць на Каралявеччыну празь Літву, трэба транзытная літоўская віза. Палёгку да 1 ліпеня маюць толькі грамадзяне Расеі, якім апроч паспарту нічога паказваць памежнікам ня трэба. Усіх астатніх, хто едзе без «транзыткі», літоўцы высаджваюць на беларуска-літоўскай мяжы на станцыі Кена.

Грамадзянам Беларусі, якія ўехалі на тэрыторыю Калінінградзкай вобласьці да 1 студзеня 2003 г., літоўскія ўлады далі магчымасьць свабодна выехаць дадому да 12 студзеня.

Дыскусія пра NATO

40 славацкіх інтэлектуалаў заклікаюць не далучацца да NATO, пакуль не праведзены рэфэрэндум. Сярод тых, хто падпісаў зварот, — былы дысыдэнт, а пасьля прэм’ер-міністар Славакіі Ян Чарнагурскі, прафсаюзны лідэр Іван Сактар і культурныя дзеячы, зьвязаныя з колішнім прэм’ерам-папулістам Уладзімерам Меч’ярам.

Папа высьвяціў біскупаў

12 новых біскупаў высьвяціў у панядзелак папа Ян Павал II. Сярод іх — біскуп-памочнік Халдзейскага патрыярхату Бабілёну ў Багдадзе Андраас Абоўн, адміністратар, апостальскі адміністратар грэка-каталіцкай япархіі ў Мукачаве ва Ўкраіне Мілан Сасік і назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН біскуп Чэлестына Мільёрэ. За 25 гадоў пантыфікату Ян Павал II высьвяціў 321 біскупа.

А замкі гараць і гараць

Агонь зьнішчыў значную частку замку ў Люнэвілі, дзе ў XVIII ст. жыў кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Ляшчынскі. Полымя зьявілася на даху капліцы, а затым ахапіла ўсё крыло. Зьнішчаны найкаштоўнейшыя залі, у тым ліку каралеўскія апартамэнты. Замак быў пабудаваны ў 1702—14 г. на ўзор Вэрсалю. Станіслаў Ляшчынскі выракся прастолу ў 1736 г. Ягоны цесьць кароль Францыі Людовік XIV даў яму ў пажыцьцёвае валоданьне княствы Бар-лё-Дзюк і Лятарынгію, якімі Ляшчынскі кіраваў да сьмерці ў 1766 г.

Дзяўчаты з «Плэйбою» мужнеюць

Прааналізаваўшы 577 здымкаў, надрукаваных ад сьнежня 1953 да сьнежня 2001 г. на вокладках часопісу «Playboy», навукоўцы з унівэрсытэту ў Вене высьветлілі, што «сымбалі жаноцкасьці» набываюць усё больш «мужчынскія» формы. Дасьледчыкі прасачылі, як зьмяняліся з часам габарыты мадэлек — рост, маса цела, аб’ём бюсту, таліі й сьцёгнаў. Высьветлілася, што бюст і абхват сьцёгнаў зьмяншаліся, аб’ём таліі трохі пашыраўся. Некалі ідэалізаваная фігура з вузкай таліяй і шырокімі сьцёгнамі наблізілася да памераў, тыповых для сярэдняй жанчыны. Затое індэкс масы цела рабіўся ўсё меншым за сярэднія паказьнікі — мадэлі худзелі й набіралі росту. Вынікі аўстрыйскіх дасьледаваньняў супярэчаць ранейшым працам, паводле якіх «ідэальны» паказьнік суадносінаў таліі й сьцёгнаў (0,7) не мяняўся цягам стагодзьдзяў.

Ф.С.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру