Што зьбіраюцца рэалізаваць беларускія палітыкі ў 2003 годзе? «НН» зладзіла апытаньне сярод апазыцыйных дзеячоў і людзей улады. Яно пацьвердзіла слушнасьць пэўных стэрэатыпаў беларусаў, і беларускіх палітыкаў у прыватнасьці. Аднак яно выявіла і нейкую інтрыгоўную навіну.

Працаваць дзеля папулярнасьці сваёй партыі зьбіраецца намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі. «Грамадзкая думка за апошні год зьмянілася: 80% насельніцтва лічаць, што эканамічна краіна разьвіваецца няправільна, аднак людзі мала ведаюць пра палітычныя партыі», — кажа ён. Юрыст паводле адукацыі, А.Дабравольскі займаецца пытаньнямі прававога рэгуляваньня эканамічнай дзейнасьці: «Мяркую напісаць некалькі артыкулаў на гэтую тэму. Яна цікавая для мяне і вельмі важная для краіны». Апрача таго, А.Дабравольскі будзе ў рамках АГП удзельнічаць у заканатворчай дзейнасьці.

Аляксей Кароль, адзін зь лідэраў незарэгістраванай Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі, зьбіраецца ў 2003 г. яе зарэгістраваць, а таксама напісаць шэраг артыкулаў: «Хачу падагульніць зробленае і прааналізаваць, што і чаму ў нас не ўдалося ў дэмакратычных рэформах».

Зьбіраецца легалізавацца і кіраўнік незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды Сяргей Высоцкі: упершыню некалькі сяброў БПС возьмуць удзел у мясцовых выбарах. Вялікія надзеі ён ускладае і на масавыя акцыі — лічыць іх галоўным сродкам абароны незалежнасьці Беларусі.

«Актыўна падымаць веснавыя акцыі» зьбіраецца й лідэр незарэгістраванага «Маладога фронту» Павал Севярынец. Мае ён і пэўныя літаратурныя пляны: будзе пісаць кнігу. Праўда, што за яна, гаварыць пакуль ня хоча. Таксама П.Севярынец возьме ўдзел у сьвяткаваньнях 450-годзьдзя рэфармацыі ў Беларусі.

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікола Статкевіч таксама зьбіраецца «працаваць з народнымі масамі», дамагаючыся ад іх «зьмены стаўленьня да дэмакратыі, свабоды і незалежнасьці».

Падобныя пляны мае і старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах савету рэспублікі нацыянальнага сходу Мікалай Чаргінец. Адно што «зьмены стаўленьня» ён мусіць дабівацца не ад народных масаў, а ад эўрапейскіх структураў — найперш міжпарлямэнцкай і парлямэнцкай асамблеяў Эўропы. Як пісьменьнік Чаргінец у 2003 г. плянуе скончыць працу над сцэнарам фільму пра беларусаў у другой сусьветнай вайне. Здымаць кіно паводле яго будзе «Беларусьфільм».

Cэнатарка Ядвіга Грыгаровіч кажа, што цяпер для яе самае галоўнае — рэарганізацыя Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры, рэктаркай якога яна зьяўляецца. Што да асабістых плянаў, дык Я.Грыгаровіч наракае на недахоп часу: «На жаль, не асабістае жыцьцё дыктуе графік дня, месяца, году, а наадварот».

Дэпутат палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў плянуе ў 2003-м… радавацца жыцьцю. А ў паўзах — зьбіраць аднадумцаў, якія разумна глядзяць на жыцьцё, і надалей весьці актыўную палітычную дзейнасьць.

У гэтым з генэралам салідарны Сяргей Калякін, кіраўнік ПКБ. Ён спадзяецца, што партыя пасьпяхова выступіць на выбарах у мясцовыя саветы. ПКБ распачне падрыхтоўку і да парлямэнцкіх выбараў 2004 г., закладзе падмурак гэтай кампаніі. Яшчэ адна важная падзея адбудзецца ў траўні — сёмы зьезд ПКБ. С.Калякін разьлічвае, што налета ўдасца павялічыць колькасьць сяброў партыі і пашырыць партыйныя структуры. Калякін таксама лічыць, што ў 2003-м давядзецца вырашаць праблему рэфэрэндуму, якім будуць працягвацца паўнамоцтвы прэзыдэнта: «Мы павінны гэтага не дапусьціць».

Намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук таксама на дробязі не разьменьваецца: «Трэба сфармаваць урад і пачаць сацыяльна-палітычныя рэформы. У цяперашняга ўраду няма новых ідэяў, рашэньняў, людзей, а мы ўсё гэта маем».

Адзін з кіраўнікоў руху «Зубр» Цімох Дранчук спадзяецца ў 2003-м аднавіцца на факультэце журналістыкі БДУ, адкуль яго выгналі год таму за палітычную дзейнасьць, аднак і самой тае дзейнасьці кідаць не зьбіраецца — кажа, што зуброўцы будуць працягваць распачатыя кампаніі «Ён мусіць сысьці» ды «Новая ўлада — новае жыцьцё».

А вось Лявон Баршчэўскі, адзін зь лідэраў БНФ «Адраджэньне», налета плянуе адысьці ад палітыкі ды займацца перакладамі. Спадар Лявон спадзяецца ў 2003 г. скончыць пераклад нямецкай кнігі Райнэра Лінднэра «Гісторыкі й улада», бо лічыць, што яна будзе вельмі патрэбная ў Беларусі. Сп.Баршчэўскі таксама даўно марыў перакласьці з нарвэскай аповесьць Кнута Гамсуна «Голад», але толькі нядаўна здабыў арыгінал. У палітыцы Л.Баршчэўскі будзе браць удзел хіба як шараговы грамадзянін краіны. Адпаведныя выказвае і пажаданьні: «Хацелася б, каб «сьвістапляска» з «саюзнай дзяржавай» скончылася ў 2003 г. Каб людзі ўсьвядомілі, што жывуць у самастойнай краіне, якая ідзе ў Эўропу».

Большасьць апытаных намі палітыкаў актыўна займаюцца пісьменьніцкай творчасьцю. Але цяжка сказаць, ці пачынаюць яны ад гэтага больш творча падыходзіць да свае палітычнае дзейнасьці. Сёньня і левыя, і правыя думаюць пра выбары. За апошні год шмат што зьмянілася: многія апазыцыянэры рвуцца ў сыстэмную апазыцыю, некаторыя лукашысты не баяцца дэманстраваць «вальнадумства». Канстатуем, аднак, што ніхто з палітыкаў не плянуе працы дзеля ўздыму нацыянальнай сьвядомасьці, адукацыі і культуры народу. Яны не плянуюць нічога канцэптуальна зьмяняць, і партыі застаюцца ў палоне руціннай працы, за якой губляюцца іх стратэгічныя мэты.

Алег Тачоны, Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0