10.01.2003 / 13:00

Правапіс для Прэзыдэнта

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАНБ падаў на зацьвярджэньне Прэзыдыюму Акадэміі праект зьменаў у беларускім правапісе. 24 сьнежня Прэзыдыюм НАН ухваліў праект, цяпер яго мусяць разгледзець у Міністэрствах адукацыі й інфармацыі. Потым праект пойдзе ва ўрад, а канчаткова зацьвердзіць зьмены ў правапісе мусіць сам А.Лукашэнка.

ДЫРЭКТАР ІНСТЫТУТУ МОВАЗНАЎСТВА АЛЯКСАНДАР ПАДЛУЖНЫ
Дырэктар Інстытуту мовазнаўства Аляксандар Падлужны кажа, што ў праекце ўлічаныя напрацоўкі дзяржаўнай камісіі 1993—94 г., якую ўзначальваў Ніл Гілевіч, а таксама грамадзкай камісіі пры ТБМ пад кіраўніцтвам Генадзя Цыхуна. Улічаныя былі і заўвагі грамадзкага абмеркаваньня зьменаў у правапісе, якое адбылося ў 2000 г. А.Падлужны зазначыў: «Мы атрымалі больш за 300 заўваг. Нешта ўлічылі, нечаму адмовілі. Абгрунтаваньне заўсёды знаходзіцца, калі мы што-небудзь не прынялі». Паколькі гэта не рэформа, а толькі «новая рэдакцыя» Правілаў 1959 г., зьмены ня дужа значныя.

Не для «эфіопаў»

Пашырыцца аканьне і яканьне ў беларускіх і запазычаных словах. Цяпер маюць пісацца празь -я- словы «дзявяты», «сямнаццаты». Зьнікнуць спалучэньні «іо/ыо» ў запазычаньнях. Нормай стануцца формы «трыё», «адажыё». Выняткі складуць толькі «немілагучныя», як напісана ў праекце, словы: «ніобій», «дыоптрыя», «эфіоп». Акадэмікі, відавочна, няблага валодаюць бруднай расейскай лаянкай.

«Звязда» ўжо колькі месяцаў піша «камп’ютар». Такое напісаньне будзе пашырана на ўсе запазычаныя -эр пасьля цьвёрдай асновы — лідар, фарватар і г.д. Аканьне закране і канчаткі на -эль (шніцаль).

У запазычаньнях пасьля прыставак, якія сканчаюцца на зычны, «і» будзе пераходзіць у «ы» (напр. «дэзынтэграцыя»).

Пераносы бяз правілаў

Спросьцяцца да прымітыўнасьці правілы пераносу. Помныя зь школьных гадоў «пераносіць словы па складах», «не адрываць першую літару ад кораня», «не адрываць ад папярэдняй галоснай -й- і -ў-» сыдуць у нябыт. Застануцца хіба забароны на адрываньне мяккага знаку ад папярэдняй зычнай і перанос аднае літары. Гэтае правіла толькі фіксуе стан, які склаўся на сёньня. «Правілы пераносу сёньня выконваюць толькі школьнікі ды аўтары школьных падручнікаў», — канстатуе А.Падлужны.

Блытаніна з «ў»

Пашырыцца сфэра ўжываньня літары -ў-. Зьнікнуць недарэчныя формы кшталту «ва універсытэце» — ненаціскное -у- пасьля галосных будзе скарачацца. Аднак гэтыя зьмены не закрануць словаў зь вялікіх літараў: па-ранейшаму ў афіцыйным друку будзе пісацца «для Уладзіміра», «да Усяслава». Чаму? Акадэмік Падлужны лічыць, што скарачэньне -у- выкліча блытаніну ў напісаньні імёнаў і шквал памылак у юрыдычных паперах, што рэгулююць перадачу спадчыны, атрыманьне разнастайных дакумэнтаў і г.д. «Імёны — гэта сьвятое, іх нельга зьмяняць. Раз напісаў — так і павінна заставацца, дзе б ні пісаў — хоць на сьценцы, хоць у пашпарце», — кажа А.Падлужны.

Бізнэс і камера

Пашырыцца й напісаньне -э- заміж -е- ў запазычаньнях (бізнэс, рэзюмэ, тунэль, сэрвіс). Аднак зьмены закрануць, фактычна, толькі тыя словы, што і па-расейску вымаўляюцца праз -э-. Такі падзел апраўдваюць прынцыпам «так вымаўляюць у народзе». Таму на мізэрную колькасьць словаў з -э- будзе прыпадаць велізарны аб’ём адваротных выпадкаў: пенсія, камера, канферэнцыя, перспектыва…

«А так, як пішаце вы, — «пэрспэктыва», — ніхто і не вымаўляе. Паспрабуйце разам з радыё «Свабода» і сваімі прыхільнікамі навучыць наш народ вымаўляць «пэрспэктыва», як, дарэчы, і «плян». Вучыце на здароўе! Ніколі вам гэта ня ўдасца!» — адзначыў А.Падлужны, камэнтуючы для «НН» зьмены ў правапісе.

Мяккі знак

Мяккі знак, як асноўны сымбаль адрозьненьня паміж «наркамаўкай» і «тарашкевіцай», па-ранейшаму непрымальны для афіцыйных лінгвістаў. А.Падлужны аргумэнтуе сваю пазыцыю досыць спэцыфічна: «У 2002 г. зьявіўся новы часопіс «Дзеяслоў», дзе кажуць: «Мы ўвядзём рэпрэсаваны мяккі знак». Па-першае, хай сьпярша разьбяруцца, кім ён рэпрэсаваны. А па-другое, калі ён і рэпрэсаваны, дык усё адно трэба паглядзець: ня ўсе рэпрэсаваныя вельмі добрыя!»

Ёсьць і іншыя аргумэнты: «Яго адхіліла і Дзяржаўная камісія, якую ўзначальваў Н.Гілевіч». Або: «Асыміляцыйнай мяккасьці ня ведаюць два мільёны нашых суайчыньнікаў — заходніх палешукоў. У іх у вымаўленьні гэтага няма. Дык хіба мы можам на гэта не зважаць?» І яшчэ: «Мяккіх знакаў можна настаўляць колькі хочаш. Вось слова «бесьперсьпектыўнасьць»: 4 мяккія знакі, у сшытку займае палову радка, а калі літары вялікія — дык і ўвесь радок».

Новае слова зь вялікай літары

Слова «прэзыдэнт» аўтары праекту мяркуюць пісаць толькі зь вялікай літары. «Цяпер як толькі прэзыдэнт (няважна — прыватнай фірмы ці дзяржавы), так будзе пісацца зь вялікай літары. І гэта зусім правільна, бо гэта вышэйшая асоба ў нейкай гіерархіі», — кажа А.Падлужны. На пытаньне, ці закране гэтая норма іншых «вышэйшых асобаў у гіерархіі» (дырэктараў, старшыняў і г.д.), акадэмік адказаў адмоўна: «Не, бо дырэктараў вельмі і вельмі шмат. А прэзыдэнты — адзінкі ў кожнай арганізацыі, дзе б яны ні былі».

Поўны варыянт зьменаў ані ў друк, ані да шырокай грамадзкасьці не патрапіў. А.Падлужны, паказваючы карэспандэнту «НН» праект зьменаў (брашуру ў паўтары сотні старонак), патлумачыў, што сам мае толькі адзін асобнік: усё астатняе разышлося ў Прэзыдыюме Акадэміі навук. Аднак грамадзкага абмеркаваньня і надалей ня будзе: «На Прэзыдыюме мне таксама казалі: «Трэба ўзгадніць з усімі». А я ўпэўнены, што з вамі, напрыклад, я ўзгадніць не магу. Значыць, ужо не з усімі».

Прыняцьце гэтага праекту можа мець небясьпечныя вынікі для недзяржаўнае прэсы, якая карыстаецца «тарашкевіцай». У новай сытуацыі могуць ізноў узьнікнуць прэтэнзіі да «НН» і іншых выданьняў «за выкарыстаньне неафіцыйных нормаў правапісу», якіх не было пасьля знакамітага рашэньня Вышэйшага гаспадарчага суду. А.Падлужны перасьцерагае: «Калі гэтыя правілы будуць уведзеныя, вас будуць прымушаць выконваць іх. І прымяняць да вас санкцыі. Бо гэта будзе афіцыйна ўведзеная норма». Праўда, уводзіць новыя нормы акадэмік мяркуе цягам пяці гадоў, цягам якіх будуць дзейнічаць і старыя, і новыя нормы адначасна.

Газэтам і часопісам, што трымаюцца клясычнага правапісу, застаецца спадзявацца, што за пяць гадоў нешта зьменіцца. Ці Інстытут мовазнаўства ўнясе новыя карэктывы, ці на пасаду, якую «мовазнаўцы» хочуць укаранаваць літарай, прыйдзе нехта іншы, каму такі сумнеўны гонар не патрэбны.

Аркадзь Шанскi

Рэформы беларускага правапісу

1933 — перавод на «наркамаўку»

1951— праект зьменаў, распрацаваны Артаграфічнай камісіяй на чале зь Якубам Коласам

1957 — удакладненьні і зьмены існуючага правапісу

1993 — стварэньне Камісіі па ўдакладненьні правапісу на чале зь Нілам Гілевічам

1994 — праект рэформы правапісу, распрацаваны камісіяй

1999 — праект новай рэдакцыі правапісу, складзены А.Падлужным, П.Шубам, А.Міхневічам і А.Крывіцкім

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру