14 студзеня журналісты газэты «Беларускі час» Ірына Германовіч, Аляксандар Дубравін, Уладзімер Дзюба, Аляксандар Ягораў, Сяргей Юр’еў і Алесь Хмяльніцкі, «скарочаныя» пры канцы 2002 г., далі прэсавую канфэрэнцыю.

Праблемы ў супрацоўнікаў гэтае газэты — друкаванага органу Фэдэрацыі прафсаюзаў — пачаліся пасьля прызначэньня кіраўніком ФПБ Леаніда Козіка. У жніўні быў звольнены галоўны рэдактар «БЧ» Аляксандар Старыкевіч. Выконваць абавязкі галоўрэда стала І.Германовіч, якой Л.Козік паабяцаў, што ня будзе ўмешвацца ў справы газэты.

Але менавіта працяг ранейшага рэдакцыйнага курсу выклікаў цяперашні крызыс у «БЧ». І.Германовіч зазначае: «Л.Козік ніводнага разу не казаў, што рабіць, якія матэрыялы ставіць. Але праз прэс-сакратара перадаў: у газэце ідуць кепскія здымкі, кепскія артыкулы». Калі ж І.Германовіч адмовілася прыхарошваць рэальнасьць у газэце, ёй было прапанавана звольніцца «згодна з уласным жаданьнем».

Прызначаная галоўным рэдактарам Сьвятлана Балашова (дагэтуль яна працавала «пад крылом» Віктара Чыкіна ў газэце «7 дней») перавяла журналістаў на чвэрць стаўкі, а потым і наагул абвясьціла пра скарачэньне штату «ў сувязі зь цяжкім фінансавым становішчам».

Увесь журналісцкі склад «БЧ» застаўся бяз працы. На думку скарочаных журналістаў, прычынай звальненьня сталася іхная палітычная пазыцыя. Так, У.Дзюба зазначыў, што ў вачах улады амаль усе журналісты выданьня выглядалі «ворагамі»: сам ён супрацоўнічаў з БАЖам, А.Дубравін — з «Нашай свабодай», А.Хмяльніцкі — з радыё «Рацыя»…

Сёньня газэту робяць тэхнічныя супрацоўнікі: карэктар, наборшчыца і вярстальнік. С.Балашова зьбіраецца запаўняць выданьне матэрыяламі з Інтэрнэту. Былы адказны сакратар С.Юр’еў паведаміў, што рэгіянальныя карэспандэнты «БЧ» з 4 лютага таксама будуць працаваць на палову акладу.

Дарма што журналістаў скарачаюць «у сувязі зь цяжкім фінансавым становішчам», «БЧ» мяркуе перайсьці на каляровы друк. Паводле словаў А.Дубравіна, для рэдакцыі выдзелілі яшчэ два пакоі, закупілі новую мэблю.

Прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна адзначыла, што звальненьне журналістаў цалкам зьнішчыла незалежную прафсаюзную прэсу ў краіне: «У Салігорску не выходзіць «Салідарнасьць», у Менску спыніў выхад «Рабочы». Мы згубілі незалежны прафсаюзны друк». Самі журналісты «БЧ» кажуць, што найбольшае зьдзіўленьне ў іх выклікала абякавасьць прафсаюзаў да расправы з прафсаюзнай газэтай.

Судзіцца з былымі наймальнікамі сёньня мае намер толькі А.Дубравін, звольнены з 29 лістапада загадам ад… 19 сьнежня ды яшчэ і з фармулёўкай, якой няма ў Працоўным кодэксе. Ці мае ён шанцы выйграць працэс супраць ФПБ? Удалося ж два месяцы таму перамагчы ў вельмі падобнай сытуацыі Зьмітру Падбярэскаму. Былога намесьніка галоўнага рэдактара часопісу «Мастацтва» не разьлічылі цалкам у дзень звальненьня, і суд прызнаў ягоны пазоў справядлівым.

Сьвятлана Балашова настойвае, што за звальненьнем няма ніякіх палітычных прычынаў. Паводле яе словаў, пры папярэдняй рэдактарцы ў газэты набралася да 17 млн. запазычанасьцяў. Акрамя таго, яна кажа пра парушэньні пры найманьні на працу асобных журналістаў.

Становішча газэты сапраўды ніякаватае. Досыць сказаць, што наклад зьнізіўся да 12 тыс. Яшчэ два гады таму ён дасягаў 40 тыс.

У абарону звольненых супрацоўнікаў «Беларускага часу» ўжо выказаліся БАЖ і Беларускі ПЭН-цэнтар. Свае старонкі прапанавала ім «Наша Ніва» і «Народная воля».

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0