Выключэньне Вячаслава Сіўчыка з шэрагаў БНФ для староньняга (але неабыякавага) назіральніка выглядае як адзіная прыкмета таго, што арганізацыя яшчэ жыве. Пачуўшы невясёлую навіну, я пастараўся прыгадаць, што чуў пра БНФ за год, які толькі скончыўся. Безумоўна, нешта было. Перш за ўсё — Курапаты. Але ў кантэксьце, шырэйшым за акцыі пратэсту, прысутнасьць Фронту амаль не адчувалася.

БНФ шматкроць дэкляраваў, што бярэцца прадстаўляць і адстойваць на полі палітычнай барацьбы погляды значнай часткі грамадзян Беларусі, для якіх на першым месцы стаяць нацыянальныя і дэмакратычныя каштоўнасьці. Ніхто з гэтых людзей ня будзе супраць змаганьня за Курапаты. Але ці тым вычэрпваецца сьпіс задачаў палітычнай сілы, якая заяўляла пра гатовасьць узяць на сябе адказнасьць за лёс краіны? Намагаюся згадаць артыкулы ў прэсе, якія фармулявалі б пазыцыю БНФ па пытаньнях эканомікі, замежнай і ўнутранай палітыкі. Нічога не прыходзіць на памяць, акрамя асабістых меркаваньняў спадара Севярынца, якія наўрад ці можна разглядаць як афіцыйную пазыцыю партыі ці руху. Спрабую ўспомніць, мо нехта з кіраўнікоў Фронту наведаў наш горад і выступіў перад аўдыторыяй, асьвятліўшы гэтыя тэмы. Таксама не. Ужо шмат гадоў ня чую я пытаньня «А што думае БНФ?», і 2002 год ня стаў пераломным у гэтай справе.

У падшыўках, у Інтэрнэце, у сядзібе пад бел-чырвона-белым сьцягам на вуліцы Варвашэні, безумоўна, знойдуцца дадатковыя сьведчаньні актыўнасьці, але для чалавека, што не патрапляе ў вузкае кола актывістаў, яны ня маюць аніякай вагі. Як сіла, што намагаецца фармаваць грамадзкую думку, Фронт не існуе. Сама назва БНФ сталася ахвярай палітычных маніпуляцый супраціўнікаў і канкурэнтаў. Гэта факт, і менавіта перад гэтым фактам, як можна меркаваць па прэсе, не жадаў скарыцца спадар Сіўчык.

Як чалавек староньні, я не магу аналізаваць ягоную нібыта раскольніцкую дзейнасьць. Аднак любыя спробы разварушыць зьлетаргізаваную арганізацыю выглядаюць нашмат бліжэйшымі да статутных мэтаў, чым самазадаволеная маўклівая аўтаркія, якая ўсё глыбей і глыбей засмоктвае арганізацыю з ваяўнічым назовам. Жорсткае рашэньне Сойму стварае нагоду спытацца: ці няма намеру змагацца з гэтай хваробай гэтак жа рашуча, як з спадаром Сіўчыкам?

Бо цяжка паверыць, што ён перашкаджаў кіраўніцтву пісаць артыкулы, рэгулярна наведваць рэгіёны, падбіраць там кадры, якія прынамсі гаварылі б без памылак па-расейску і па-беларуску, абуджаць размовы, ствараць глебу для растлумачальнай працы. Наўрад ці прысутнасьць Сіўчыка не дазваляла выдаваць бюлетэнь з матэрыяламі для актывістаў і рабіць захады па інфармацыйным кантактаваньні з шырэйшымі коламі беларускага грамадзтва.

Рашэньне Сойму пра выгнаньне вядомага дзеяча выглядае як адчайная спроба кіраўніцтва захаваць ранейшы курс напярэдадні выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы. Імкненьне можна зразумець, але знайсьці яму апраўданьне нашмат цяжэй. Фронт не гатовы выкарыстаць выбарчую агітацыю, бо ў яго зусім страчаны досьвед і мэханізм «размовы з народам», няма адпрацаваных канцэпцыяў, якія б разбуралі абрыдлы адмоўны імідж, стваралі альтэрнатыву дэмагогіі партыі ўлады. Асабліва ў пытаньнях мясцовай улады. Нават пры ўмове нэўтралітэту апошняй, дасягненьні БНФ будуць мізэрныя адносна амбіцыяў. Разьлічваць жа на гэткі нэўтралітэт можа хіба немаўлятка.

Нічога фатальнага не адбылося. Сіўчык будзе любіць Беларусь і па-за шэрагамі БНФ, а БНФ зможа працягваць сваю дзейнасьць безь Вячаслава Сіўчыка. Варта, аднак, зазначыць, што прыхільнікі незалежнасьці, беларусізацыі, нэўтралітэту, грамадзянскіх свабодаў чакаюць ад БНФ актыўнасьці трохі на іншым кірунку. Пакуль Фронт не падае прыкметаў абуджэньня, ідэя рашучага рэфармаваньня арганізацыі і нават стварэньня новай такога ж кірунку ня будзе ўспрымацца як апрыёрна варожая вышэйзгаданым ідэям.

Аляксандар Карольчык, Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0