Беларускі прэзыдэнт Лукашэнка асадзіў назад у канфлікце з Арганізацыяй па бясьпецы й супрацоўніцтве ў Эўропе. Прынамсі, так пакуль што здаецца. Выслаўшы з краіны ў кастрычніку мінулага году апошняга супрацоўніка прадстаўніцтва АБСЭ ў Менску, ён дасягнуў сваёй мэты — спыніў дзейнасьць арганізацыі ў краіне. Цяпер беларускі прэзыдэнт абвяшчае пра сваю гатовасьць дазволіць адкрыцьцё новай місіі. У перадапошні дзень 2002 г. АБСЭ і Беларусь дамовіліся пра тое.

ФОТА IREX-PROMEDIA
ФОТА IREX-PROMEDIA
Пасьля фактычнай забароны Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ на чале з Гансам-Георгам Вікам Лукашэнка адмовіў у дазволе на ўезд у краіну ягонаму наступніку, колішняму нямецкаму паслу ва Ўкраіне Эбэргарду Гайкену. Улады хацелі дамагчыся для місіі АБСЭ ў Менску такога мандату, паводле якога ўсе яе праекты залежалі б ад беларускага кіраўніцтва. АБСЭ выступіла супраць спробаў пасадзіць яе на ланцуг. Але адна АБСЭ не змагла б пераканаць Лукашэнку — яго не пусьцілі на праскую сустрэчу NАТО, а 19 кастрычніка 14 зь 15 краін — сяброў Эўразьвязу ўвялі забарону на ўезд для кіраўніка Беларусі й 8 ягоных міністраў. Праз колькі дзён і амэрыканцы далучыліся да гэтага рашэньня. «Беларускае кіраўніцтва не чакала гэтай салідарнасьці», — сказаў адзін з заходніх дыпляматаў.

Толькі Партугалія, што да канца году старшынявала ў АБСЭ, не пайшла гэтым шляхам і пакінула для беларусаў дзьверы адчыненымі. Тое, што здаецца скандалам у кантэксьце эўразьвязаўскага імкненьня праводзіць супольную замежную палітыку, выявілася карысным у беларускім выпадку: міністар Хвастоў змог без адмысловага дазволу паехаць у Порта і заключыць тамака пагадненьне аб новай місіі.

Але Лукашэнка ня быў бы Лукашэнкам, калі б без агаворак трымаўся дамоваў. Ён завагаўся, ці варта пагаджацца, каб місіяй АБСЭ кіраваў нямецкі дыплямат: Нямеччына ж накладае на Менск санкцыі. Беларускае кіраўніцтва дамаглося часу на роздум. Кандыдатура кіраўніка місіі мае быць узгодненай да 21 студзеня яшчэ раз. Магчыма, яшчэ ўдасца знайсьці якога іншага кандыдата, скажам, з Туркмэністану.

Але ў Менску разумеюць, што санкцыі ЭЗ і Амэрыкі несумненна застануцца ў сіле, пакуль місія не пачне працаваць у поўным аб’ёме. Лукашэнка й яго атачэньне ня будуць вечна езьдзіць у адну Партугалію, і таму дыпляматы АБСЭ дапускаюць, што ў найбліжэйшыя дні Менск адмовіцца ад тактыкі прамаруджваньня.

Лукашэнка, скрыгочучы зубамі, мяняе сваё меркаваньне, і гэтаму можа паспрыяць расейскі прэзыдэнт Пуцін. Пасьля сустрэчы з Пуціным 27 лістапада, яшчэ знаходзячыся ў Маскве, беларускі кіраўнік сказаў, што ён гатовы да перамоваў з АБСЭ. Калі ж празь месяц Масква не падоўжыла мандату АБСЭ ў Чачэніі, намесьнік старшыні Дзярждумы Ўладзімер Лукін раскрытыкаваў Пуціна: той, маўляў, «робіцца вельмі падобным да Лукашэнкі».

Супрацоўнікі новай місіі ня мусяць пытацца ў беларускага кіраўніцтва дазволу на кожнае сваё дзеяньне, хоць гэтага і хочацца Лукашэнку. Насуперак жаданьням афіцыйнага Менску, яны захаваюць дыпляматычны статус. Місія, мандат якой, у адрозьненьне ад ейнай папярэдніцы, як ва ўсіх «палявых місіяў», будзе падаўжацца штогод, павінна надалей падтрымліваць беларускі ўрад у разбудове дэмакратычных інстытуцыяў і прававой дзяржавы, а таксама ў разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці. Адпадае, аднак, задача, пастаўленая перад старой місіяй падчас Стамбульскай сустрэчы АБСЭ ў лістападзе 1999 г., наконадні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў: пасярэдніцтва паміж урадам і апазыцыяй. Тым ня менш, адкрыцьця місіі і магчымага ў такім разе скасаваньня забароны на ўезд ня хопіць, каб вывесьці Беларусь зь міжнароднай ізаляцыі.

Паводле «Frankfurter Allgemeine Zeitung»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0