Сотавая сувязь нiбы мёдам намазаная — усе жадаюць падлучыцца. Вiдаць, хутка запiлiкае ўся Беларусь.

О, як выбiраюць сабе «трубку» тыя, хто насамрэч ня мае на яе грошай! Яны сочаць за рэклямай новых тарыфных плянаў, чытаюць у газэце абвесткi аб продажы патрыманых мабiльных ды рэгулярна набываюць глянцавыя часопiсы, прагна разглядаючы формы недасягальных, i ад таго яшчэ больш жаданых мадэляў. Аднак паслугi сотавай сувязi таньнеюць, i мабiльнiк робiцца распаўсюджаным аксэсуарам.

Сотавы й iмiдж

ФОТА IREX-PROMEDIA
ФОТА IREX-PROMEDIA
Калi зьявiлiся пэйджэры, асаблiвым шыкам лiчылася набыць як мага большы ды начапiць яго на пас, каб усе бачылi. Гэтая завядзёнка перакiнулася была на сотавiкi. Потым мабiльны зрабiўся адзiнай рэччу, якою мужчыны мераюцца «ў каго меншы».

Ужо замала проста мець мабiльны тэлефон. Патрыманыя «трубкi», у якiх з-пад сьцертай серабрыстай фарбы прабiваецца плястмаса, больш ня ўражваюць. Файны iмiдж ствараюць дыхтоўныя мабiльнiкi, што паблiскваюць храмаваным корпусам.

Сотавiкi-раскладанкi з адкiдной накрыўкай вылучаюцца сярод мабiльнага сьвету, як кабрыялеты сярод звычайных легкавiкоў. Аднак набываць танную «раскладанку» таксама рызыкоўна, як патрыманы кабрыялет: расхiстаная накрыўка будзе адкiдацца абы-як. Увогуле, мабiльны ды аўто — мара многiх беларусаў. Дарма. Той, хто iх спалучае, рызыкуе трапiць у аварыю.

Сотавы й музыка

Калi зьявiлiся пакаёвыя радыётэлефоны, у тэлефонныя размовы ўвайшлi iнтымныя гукi накшталт булькатаньня вады ва ўнiтазе. Калi зьявiлiся мабiльнiкi, акустычныя эфэкты сягнулi за межы апарата, напаўняючы навакольную прастору музыкай.

Скажы мне, якую мэлёдыю грае твой сотавiк, i я скажу табе, хто ты ёсьць. У халерыкаў «трубкi» пiлiкаюць у шалёным рытме, у мэлянхолiкаў выводзяць тужлiвыя электронныя акорды, аматары папсы робяць выбар на карысьць новых мэлёдыяў FM-чартаў, традыцыяналiсты — Вiвальдзi цi Бэтговэна. Многiя карыстальнiкi сотавiкаў упершыню пазнаёмiлiся з музычнай клясыкай, выбiраючы мэлёдыю званка для сваёй трубкi. У Інтэрнэце можна нават адшукаць «Мы выйдзем шчыльнымi радамi» ды «Магутны Божа», напiсаныя ў выглядзе кодаў для гукавых сыгналаў мабiльнага тэлефона.

Сотавы й лацiнка

4—5% насельнiцтва Беларусi — патэнцыйныя карыстальнiкi лацiнкi. Яны маюць сотавыя тэлефоны, а значыцца, могуць перакiдвацца SMS-паведамленьнямi — караценькiмi тэкстамi, якiя можна набiраць з дапамогай клявiятуры тэлефона. Цi бачыў хто, каб на той клявiятуры была кiрылiца? У прынцыпе, перасылаць кiрылiчныя SMS-кi з многiх мадэляў мабiльных тэлефонаў магчыма, аднак шмат хто карыстаецца лацiнкай, выпрацоўваючы свае ўласныя нормы правапiсу.

Сотавы й кабета

У што так пiльна ўглядаецца сучасная кабета, калi выдаецца вольная хвiлiнка? Правiльна, у экранчык сотавiка. Цiкава: калi ў нас пашырацца сотавыя з убудаванай мiнi-вiдэакамэрай, цi пачнуць кабеты глядзецца ў iх замест люстэрка, выводзячы сваю выяву на манiтор?

Калi жанчына набывае ўласны сотавы, яна нарэшце пачынае разумець кошт сваiх словаў. Калi ёй набывае мабiльнiк муж, невялiчкая бандэроль з тэлефоннай расшыфроўкай адразу нагадае яму пра тое, што жонка — сапраўды каштоўная асоба.

Сотавы й адзiнота

Раней, каб пабыць на самоце, трэ было ехаць далей ад людзей. Цяпер схавацца ад усяго сьвету можна нават у набiтым аўтобусе — дастаткова адключыць мабiльнiк, i вы ўжо недасягальныя для мабiльнага чалавецтва, якое раней магло дастаць вас нават у прыбiральнi. Пачуцьцё адзiноты зьяўляецца таксама ў мясьцiнах зь «няўпэўненым прыёмам» (падземных пераходах, транспарце й г.д.). Магчыма, хутка ў мэдыях будуць зьяўляцца паведамленьнi накшталт «Расшукваецца мужчына, якi ўчора выйшаў з зоны пакрыцьця апэратара сотавай сувязi й да гэтага часу не вярнуўся».

Сотавы й размовы

Чытальная заля бiблiятэкi. Цiшыня. Пiлiкае сотавiк. Размаўляюць два чалавекi, а слухае з тры тузiны. Мабiльная сувязь — выдатная забаўка для аматараў незаўважна зазiрнуць у жыцьцё iншых. З падслуханых размоваў: «Коля, я з мабiльнага, набяры мяне!» Мікола на iншым канцы нема лаецца, аднак «набiрае» сябрука, якi шкадуе грошай са свайго мабiльнага рахунку. Сотавiк — дужа карысная рэч. «Мiша, ты ў краме? Я забылася сказаць, каб ты малака набыў». Праўда, у цану малака давядзецца ўключыць тэлефанаваньне. «Алё, дарагi? Я зараз на праспэкце Машэрава…» Улiчваючы тое, што размова адбываецца недзе ў Сухараве, можна зрабiць выснову: сотавы дае свабоду дзеяньня.

Сотавы й замежжа

За мяжой многiя карыстаюцца маленькiмi навушнiкамi зь мiкрафонам, што злучаюцца з сотавiкам. З дапамогай iх можна весьцi размову, не дастаючы апарата з кiшэнi. А потым беларусы прывозяць падарожныя ўражаньнi пра гарады, поўныя вар’ятаў, якiя голасна балбочуць самi з сабою на вулiцы. Не, наш чалавек пакуль што любiць пагутарыць па-старому, каб трубка ля вуха ды зык на ўсю вулiцу. А што мозг выпрамяненьнем падсмажваецца — дык гэта ж яшчэ навукай не даказана.

А яшчэ за мяжой часьцяком забараняюць уваходзiць у дарагія рэстарацыi цi крамы з уключаным сотавым тэлефонам. У нас па-iншаму: наяўнасьць «трубкi» прымушае прадавачак цi афiцыянтаў быць больш ласкавымi ды ўвiшнымi.

Сотавы й клопат

Мабiльнiк патрабуе вопраткi. За мяжой дужа папулярныя рознакаляровыя здымныя плястыкавыя карпусы, у нас — скураныя гарнiтуры. Ён патрабуе ежы — электрычнасьцi для акумулятара ды рэгулярных грашовых пералiчэньняў апэратару. Мабiльны тэлефон любiць увагу да сябе й нават робiцца адным з галоўных актораў фiльмаў накшталт «Матрыцы» цi мэдыядрамаў накшталт захопу закладнiкаў у Маскве. Увогуле, сотавiк — гэта тамагочы для дарослых. Праўда, ён не памiрае — яго толькi адключаюць за няўплату.

Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0