Адзін сабака на Вадохрышча паўдня прастаяў у чарзе па сьвянцоную ваду. Граждан у гэты ж дзень стаяў ля зачыненай крамы па гарэлку і радаваўся сонцу, як майскі жучок.
Адзін сабака прыйшоў на сход інтэлігенцыі і там моўчкі прасядзеў увесь час. А Граждан зьявіўся п’яны з пасьведчаньнем Таварыства цьвярозасьці й учыніў скандал з ахоўнікамі: «Не пускаць?! Мяня?! Ды я тут самы большы інтэлігент!..»
Аднаму сабаку сказалі: заплаці падаткі й сьпі спакойна. Граждан, пачуўшы напамін, замкнуўся ў прыбіральні і ўсю ноч пералічваў жончын заробак і цешчыну пэнсію.
Адзін сабака любіў перад сном пашпацыраваць, паглядзець на зоркі. А Граждан назіраў за сабакам у бінокль, спадзеючыся зразумець, на якую разьведку той працуе — на віетнамскую ці на этыёпскую.
Адзін сабака купіў патрыманы «Масквіч». Граждан, дазнаўшыся пра гэта, злавіў сабачага ката і ўсю ноч яго катаваў: «Коцік-брацік, скажы, адкуль у вас нерабоча-сялянскія грошы?» У адказ кот роў як рэзаны, а Граждан ляпаў малатком па пустым рондалі й глядзеў тэлевізар.
У аднаго сабакі былі канькі, і ён узімку хадзіў зрэдку на каток. Граждан абуваў канькі, што засталіся яму ад дзеда, кладучыся спаць, і казаў: «Я не дурны, каб ня ведаць, для чаго мой дзед пры паляках быў улюбёны ў пана Пілсудзкага…»
ВА