У панядзелак на гарадзенскіх міні-рынках быў пярэпалах. Зь Менску прыехала праверка, якую гандляры ўпарта клічуць «прэзыдэнцкай».

Прэзыдэнцкая ці не, праверка спраўна чысьціць прылаўкі й кішэні, наводзячы жах вялізнымі штрафамі й бязьлітаснымі канфіскацыямі. Міні-рынак нагадвае мурашнік, апырсканы інсэктыцыдам: палова прылаўкаў блішчыць галізною, у праходах мітусяцца хлопцы са скрынкамі, у вачах гандляроў — напружанасьць і няпэўнасьць. Гандляваць? Не гандляваць?

Час набегу абраны ўдала: на прадпрыемствах выдаюць заробкі, спажывецкі попыт, які рэзка быў зьнізіўся пасьля навагодніх сьвятаў, пачынае ісьці ўгару. У лютым магчымая забастоўка — чарговы тур змаганьня за права ня мець касавых апаратаў ды іншыя паслабленьні. І ў самы час, калі можна ўзяць кампэнсацыю за пасьлясьвяточнае зацішша ды падрыхтавацца да магчымых стратаў у лютым, — праверка.

Два дні таму я пазнаёміўся з працаю Эрнанда дэ Сота «Загадка капіталізму: чаму капіталізм трыюмфуе на Захадзе, але церпіць паразу ў іншых месцах». Прычына, сьцьвярджае слынны спэцыяліст па праблемах краінаў зь пераходнаю эканомікай, у тым, што заканадаўства не дазваляе прадпрымальнікам стварыць легальны капітал. Інакш кажучы, прычына — у стаўленьні ўладаў, якія выконваюць волю кіроўнае эліты.

Высновы дэ Сота грунтуюцца на вывучэньні бізнэсу, які ён элегантна заве extralegal. У нас больш любяць мэтафарычныя назвы «чорны», «шэры», «ценевы». Гэткі бізнэс ня плаціць (у поўнай меры) падаткаў, але плаціць шмат хабару. Бізнэсоўцы такога кшталту ня могуць свабодна і спакойна выкарыстоўваць свае грошы. Вынікам — буяньне карупцыі й арганізаванай злачыннасьці. А да гэтага — жабрацкі ўзровень жыцьця, няроўнасьць, палітычная нестабільнасьць, выпампоўваньне з краіны мазгоў і капіталаў.

Падзеі на гарадзенскім міні-рынку маглі б быць ілюстрацыяй «Загадкі капіталізму», калі б тая мела патрэбу ў дадатковым ілюстраваньні — пасьля прыкладаў Калюмбіі ды Эгіпту, Украіны й Бразыліі. Кніга дапамагае адчуць няпростую дылему беларускай кіроўнай эліты: выкарыстоўваць дробных гандляроў як крыніцу хабару, штрафаў і «дабрачынных» пералічэньняў або даць ім магчымасьць змагацца за свае інтарэсы ў рамках палітычнага жыцьця.

Шараговаму падаткаплатніку ня можа падабацца, што сусед, гандлюючы на рынку, зарабляе нашмат больш, чым ён, усімі спосабамі пазьбягаючы выкананьня законаў, а ад адпаведных органаў адкупляецца. Але ня ў меншай ступені шараговы спажывец незадаволены высокімі цэнамі, нізкай якасьцю, вузкім асартымэнтам. Зайздрасьць да гандляроў, якія «многа зарабляюць», служыць добрай легітымізацыяй перасьледаў, аднак тыя толькі паглыбляюць праблемы цэнаў, якасьці й асартымэнту.

Прадпрымальнікі апраўдваюцца: высокі заробак — плата за рызыку. Ды ладная доля спаўна аплачанай пакупніком рызыкі вынікае з пазыцыі ўладаў, якія, з аднаго боку, дазваляюць квітнець разнастайным формам «экстралегальнае» бізнэс-актыўнасьці, а зь іншага — пакідаюць за сабою права ўчыняць праверкі кшталту той, што гэтак напалохала гарадзенскіх гандляроў.

Рэцэпт дэ Сота адназначны: элітам краінаў зь пераходнаю эканомікай лепш ствараць умовы для таго, каб спраўна дзейнічала «нябачная рука рынку», чымся задаволіцца бачнаю рукою, якая працягвае грошы ў выглядзе хабару. Ды альтэрнатыва «ўсе ў штанах, але я ў лепшых» пакуль саступае ў прывабнасьці прынцыпу «ўсе без штаноў, а я ў штанах — нават хай сабе драных».

Аляксандар Карольчык, Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0