Цэнзура ў Беларусі існавала і існуе. На памяць адразу прыходзяць газэты 1994 г. зь белымі палосамі на месцы дакладу дэпутата ВС ХІІ скліканьня Сяргея Антончыка і перадвыбарныя нумары «Народнай волі» 2001 г. Сёньня белых палосаў няма. Бо цэнзар сядзіць у кожнай рэдакцыі — у кожным галоўным рэдактару дзяржаўнага СМІ.

Рассакрэчаныя тэмы

ФОТА АНДРЭЯ ЛЯНКЕВІЧА
ФОТА АНДРЭЯ ЛЯНКЕВІЧА
Цэнзура савецкага часу забараняла згадваць многія тэмы і лічбы, якія сёньня падаюцца адкрыта. Так, згодна з «Выпіскай зь «Пераліку зьвестак, забароненых да апублікаваньня» (Масква, 1990), забароненымі фінансавымі зьвесткамі лічыліся «праекты грашовых білетаў і манэтаў СССР новага ўзору і іх вытворчасьці, акрамя юбілейных і памятных манэтаў». Сёньня тыя новыя купюры пасьпяваюць зьмясьціць у газэтах за два-тры тыдні, а то й за месяц да таго, як яны трапяць у абарачэньне. У лік засакрэчанай вайсковай інфармацыі траплялі «зьвесткі мабілізацыйнага характару». Сёньня ж прэс-служба Мінабароны адкрыта паведамляе: вынік восеньска-зімовага прызыву — 10 тыс. чалавек. У лік забароненых замежнапалітычных тэмаў траплялі пляны закупкі і продажу тавараў (меркаваныя цэны, кола фірмаў і тактыка перамоваў зь імі). Спаміж іншых сакрэтаў можна знайсьці й колькасьць асуджаных на страту (па горадзе і вышэй). Без дазволу Міністэрства аховы здароўя забаранялася пісаць і пра эпідэміі, «прычыны і ўмовы якіх ня выяўленыя». Ня дзіва, што цяпер многія, настальгуючы па старых часох, зазначаюць: «Раней самалёты ня падалі, караблі не танулі, масавых атручаньняў не было».

Многія цэнзурныя забароны савецкіх часоў выглядаюць матывавана. Табу па-ранейшаму ляжыць на зьвестках пра перавозкі войскаў і вайсковых грузаў, валюты, каштоўных мэталаў, дыямэнтаў, выбуховых, радыеактыўных, наркатычных рэчываў і г.д.

Хапае і бязглуздых забаронаў. Прыкладам, «закрытымі» лічацца зьвесткі пра разьмяшчэньне вайсковых аэрадромаў, нават калі пра іх ведаюць жыхары ўсяго навакольля. Яшчэ адзін «сакрэт» такога кшталту — мэдычныя патрабаваньні да прызыўнікоў. Пра што яшчэ нельга пісаць у дзяржаўнай прэсе сёньня?

Заснавальнікаў не крытыкуюць

Найвальней сярод дзяржаўных газэтаў пачуваецца «Беларусь сегодня» (ці то ўсё яшчэ «Советская Белоруссия»?). Тут могуць і зьмясьціць артыкул з сайту радыё «Рацыя», захоўваючы «тарашкевіцу», і заклікаць бараніць незалежнасьць, і надрукаваць нэўтральны гістарычны артыкул пра БНР. Усё гэта — паралельна з апяваньнем «мудрых крокаў» выканаўчае ўлады. Аніводнага слова крытыкі не зьяўляецца ў газэце на адрас А.Лукашэнкі і Адміністрацыі прэзыдэнта. Рэдактар П.Якубовіч тлумачыў гэта наступным чынам: як жа ж, маўляў, крытыкаваць уласнага заснавальніка — гэта зусім неэтычна. Таму ў чытачоў газэты складаецца ўражаньне, што памыляцца могуць усе — нават міністры, — аднак супрацоўнікі Адміністрацыі, нібы жонка Цэзара, па-за падозраньнямі.

Чым ніжэйшы статус заснавальніка дзяржаўнага выданьня, тым меншае кола асобаў яно можа крытыкаваць. Так, «Рэспубліка» тактоўна маўчыць ня толькі пра Адміністрацыю, але й пра ўрад. Газэты, заснаваныя структурамі яшчэ ніжэйшага ўзроўню, — «Звязда», «Знамя юности» ды інш. — могуць пакрытыкаваць дырэктара прадпрыемства, нязначнага міністэрскага клерка, але не вышэй!

Не чапай палітыкі

ERIC DOOKER
ERIC DOOKER
Бо вышэй пачынаецца «палітыка», якой дзяржаўныя выданьні стараюцца не чапаць. «Калі ў некаторых выданьнях яшчэ прызнаюцца асобныя эканамічныя праблемы і цяжкасьці непершаступеннай важнасьці, то пытаньні палітычнага жыцьця ня ставяцца на старонках друку. Не даецца слова прадстаўнікам апазыцыі і проста ўсім, хто мае што сказаць пра рэальны стан рэчаў», — лічыць Анатоль Вярцінскі, рэдактар «ЛіМу» на мяжы 80—90-х, пры якім газэта зазнала свой росквіт. «У дзяржаўных газэтах сур’ёзнаму, палітычна сьвядомаму чалавеку няма чаго чытаць, ён ня знойдзе там адказу на самыя надзённыя, набалелыя пытаньні», — скрушна дадае сп.Анатоль.

Аніяк не аналізуецца ні дзяржаўны курс, ані дзейнасьць палітычных партыяў ці асобных дзеячоў. Калі меркаваць па дзяржаўнай прэсе, слушных, цікавых думак у палітычнай і непалітычнай апазыцыі проста не існуе. Бо калі б яны былі, іх варта было б агучыць, зь імі варта было б абгрунтавана спрачацца. Але апанэнтаў улады проста не заўважаюць. Няма ў нас ні БНФ, ні АГП, ні сацыял-дэмакратаў — няма, нібы таго сэксу ў СССР.

Цэнзараў, якія былі ў савецкі час, цяпер няма. Цяпер цэнзар сядзіць у кожнай рэдакцыі — у кожным галоўным рэдактару дзяржаўнага СМІ. Многія з апытаных журналістаў дзяржаўных газэтаў зазначылі, што ня могуць дакладна абазначыць мяжу паміж «адкрытымі» й «закрытымі» тэмамі — гэта вызначае галоўны рэдактар.

Чорны сьпіс

Аднак, прааналізаваўшы самі выданьні, няцяжка пабачыць, якія тэмы ніколі не закранаюцца. Нават у беларускамоўных газэтах ня пішуць пра русіфікацыю, бо як жа напішаш пра дыскрымінацыю беларускай мовы і прамаўчыш пра антынацыянальную палітыку дзяржавы? Пытаньне беларускамоўнага школьніцтва могуць уздымаць хіба «Настаўніцкая газета» і «Раніца» — іх статус абавязвае, а таксама «Звязда» (як найбуйнейшая беларускамоўная зь дзяржаўных газэтаў). Аднак аніводная дзяржаўная газэта ня стане аналізаваць прычыны цяжкога стану, у якім апынуліся беларускамоўныя дзеці і іхныя бацькі. Вінаваціць уладу ў сьвядомай палітыцы русіфікацыі? На гэта ня пойдуць нават у беларускамоўнай «Звяздзе».

Наагул, журналісты «Звязды» самі намагаюцца не закранаць вострых палітычных тэмаў. Адна з былых супрацоўніц кажа, што газэта імкнецца ўздымаць пераважна сацыяльныя пытаньні. І дадае: «А пра палітыку бяруць інфармацыю зь БелТА». Правераная крыніца: ня схібіць, не падвядзе, ад «генэральнай лініі» не адхіліцца. Часам здаецца, што большая частка дзяржаўнае прэсы — вялікае расьцягнутае БелТА.

Дажылі да сёньня й забароненыя замежнапалітычныя тэмы. Рэдактар часопісу «Arche» Валер Булгакаў адзначае, што ў дзяржаўным беларускім друку зусім адсутнічае крытыка расейскіх левых сілаў. У бок Расеі могуць гучаць абураныя галасы, аднак ніколі ніхто ня ганьбіў расейскіх камуністаў. «Нашыя ўлады прынцыпова не крытыкуюць генэтычна роднасных ім сіл у Расеі», — упэўнены В.Булгакаў.

Затое дастаткова крытыкі ў бок Айчыны лібэралізму — Амэрыкі. Вось яе крытыкаваць можна за ўсё: і гамбургеры іхныя нясмачныя, і адукацыя там няякасная, і на правы чалавека там ніхто не зважае! А вось на хоць адно добрае слова ў бок Злучаных Штатаў нашым дзяржаўным СМІ, здаецца, наклалі забарону.

Гэткую ж забарону наклалі на згадкі пра замежныя дабрачынныя фонды, дзейнасьць якіх рэжым Лукашэнкі ня здолеў узяць пад кантроль. Згадаць, што беларуская навука ў пачатку 90-х выжыла дзякуючы Фонду Сораса, не пасьмее ніводзін урадавы журналіст.

Гісторык Ігар Кузьняцоў неаднойчы зьвяртаў увагу на тое, што зь дзяржаўнага друку амаль зьнікла тэма рэпрэсіяў 30-х гадоў. Пра яе ня пішуць з тае самае прычыны, што і пра расейскіх левых.

Не крытыкуюць дзяржаўныя СМІ й новага закону «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях». Тое, што законапраект быў ад пачатку прыхільна сустрэты ўладамі, паказала рэдактарам, на чыім баку будзе перамога. Паменела станоўчых і нават нэўтральных згадак аб пратэстантах, меней згадак пра каталікоў. Юрыстка Дзіна Шаўцова, удзельніца грамадзянскай ініцыятывы «За свабоднае веравызнаньне», зазначыла, што за апошнія два гады значна паболела нэгатыўных артыкулаў, у якіх пратэстанцкія суполкі называюцца сэктамі. «Часам друкуюцца проста паклёпніцкія артыкулы. У многіх дзяржаўных выданьнях ідуць артыкулы, скіраваныя на абарону толькі адной канфэсіі», — мяркуе Дз.Шаўцова.

Холдынг і цэнзура

У сумнавядомым холдынгу «ЛіМ» усё, што тычыцца рэлігіі, апрача праваслаўя, сталася «закрытай тэмай», не вітаюцца ніякія згадкі пра каталіцтва і пратэстантызм.

Праўда, рэдактар газэты «ЛіМ» Віктар Шніп заявіў, што для ягонае газэты забароненых тэмаў няма: «Зараз жа няма Галоўліту, як у савецкія часы. Нам у холдынгу кажуць: выбірайце тэмы самі». А.Вярцінскі лічыць іначай: «За плячыма ў В.Шніпа — цэнзары холдынгу».

У холдынгу аўтарам забаронена хваліць або нэўтральна згадваць, напрыклад, ПЭН-цэнтар. Бо гэта творчая арганізацыя, зусім непадкантрольная ўладам. Непажаданымі робяцца й пісьменьнікі, якія выказваліся супраць цяперашняга палітычнага рэжыму. Апошні прыклад — рэцэнзія Ніла Гілевіча на паэтычны зборнік Міхася Скоблы, якую адмовіліся друкаваць у «ЛіМе». Дарма што аўтар рэцэнзіі — народны паэт, а аўтар зборніка — намесьнік старшыні Саюзу пісьменьнікаў. Сам М.Скобла тлумачыць сытуацыю проста: «Паводле чутак, В.Шніп носіць кожны артыкул на зацьвярджэньне кіраўніцтву холдынгу і асабіста Т.Бондар».

Цэнзурныя патрабаваньні, як бачым, часта блытаныя і супярэчлівыя, як сёньняшняя дзяржаўная ідэалёгія: крытыкуем Расею — не чапаем Зюганава, пішам пра праваслаўе — маўчым пра тое, што ёсьць праваслаўныя цэрквы, якія не падпарадкоўваюцца Маскве. І дзяржаўная прэса, як старанны вучань, спасьцігае ўсе іх тонкасьці й хітраспляценьні.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0