Сёлета дзяржава дазволiла ўвезьцi ў краiну на 1,1 млрд. цыгарэтаў менш, чым летась. Затое «Нёман» паставіў абсталяваньне для выпуску якасных айчынных цыгарэтаў.

«Сынку, цыгарэткi трэба?» — пытаецца бабулька. Мабыць, на цукеркi ўнукам зарабляе, думаеце вы, аднак памыляецеся. За кошт бабулькi кормяцца перавозчыкi безакцызнага тытуню, гаспадары нелегальных цыгарэтных фабрыкаў ды босы буйных замежных карпарацыяў. У панядзелак мытнікі затрымалі двух кантрабандыстаў, якія везьлі з Смаленску цыгарэты без акцызных марак. Першы, жыхар Клічава, меў у схове КамАЗу 21 тыс. пачкаў, другі, бабруйчанін, вёз 20 тыс. пачкаў на «Жыгулях» з прычэпам.

«Чорны» тытунь

Да канца разблытаць клубок «чорнага» тытунёвага гандлю немагчыма: занадта шмат пераплеценых ды абарваных нiцяў. Празрыстая мяжа з Расеяй — «зялёны калiдор» для кантрабандыстаў. Цана на «фiрмовыя» цыгарэты на аптовых рынках у Расеi бывае ў два разы меншая, чым у Беларусi. Пра мiзэрны кошт падробак — прадукцыі шматлiкiх падпольных заводзiкаў — няма чаго й казаць. Безьлiч пэрсанальных аўто, аўтобусаў ды цягнiкоў прывозяць у краiну невялiчкiя партыi цыгарэтаў з-за мяжы. Ценявыя тытунёвыя босы, якiя накіроўваюць гэтую плынь, аддаюць цыгарэты нелегальным прыватным прадаўцам («бабулькам»). «Тавар» у іх каштуе на 100—200 рублёў таньней, чым у крамах. У Беларусi гэты бiзнэс дае штогадовы прыбытак у 2—3 млн. даляраў.

Але ня ўсе скрынкi з цыгарэтнымi блёкамi разыходзяцца ў Беларусi. Кантрабанду з Расеi цi Ўкраiны вязуць транзытам у Польшчу й Прыбалтыку, дзе прадаюць разы ў чатыры даражэй.

Як паведамляе нямецкае інфармацыйнае агенцтва DPA, спасылаючыся на заяву супрацоўнікаў мытні ў Гамбургу, некаторыя з членаў кiраўнiцтва нямецкага тытунёвага канцэрну «Reemtsma» ўключна з сакратаром праўленьня Манфрэдам Хойсьлерам нават прыдумалі, як зарабляць грошы на танных усходнеэўрапэйскiх падробках. Газэта «Frankfurter Allemeine Zeitung» раскрывае наступную схему нелегальнага гандлю. «Свае» бiзнэсоўцы зь Беларусi, Латвii ды Польшчы набывалi фiрмовыя цыгарэты канцэрну (найбольш вядомая іх марка — «West») ды везьлi на радзіму, ня плацячы мыта. На месцы на некалькi скрыняў цыгарэтаў атрымлiвалi акцызныя маркi, а астатнi тавар замянялi таннымi падробкамi ды выкiдалi на рынак. Амаль некранутую партыю фiрмовых цыгарэтаў хавалi ў фурах (у Беларусi найчасьцей сярод ягадаў) ды везьлi назад у Нямеччыну. Гэткiя партыi можна было ганяць туды-сюды колькi заўгодна, кладучы ў кiшэню розьнiцу ў кошце памiж фірмовымi ды падробленымi цыгарэтамi.

«Беларускi рынак цыгарэтаў павiнен быць празрыстым», — пастанавiў урад. Таму сёлета толькi 5 фiрмаў змогуць увозiць у краiну цыгарэты з-за мяжы (у 2001 г. iмпартэраў было ажно 20). Сярод iх вылучаецца «Белая Русь», структура Кiраўнiцтва справаў прэзыдэнта. Яна ўвязе палову з тых 3 млрд. цыгарэтаў, якiя можна будзе iмпартаваць у краiну. Мара кiраўнiчкі спраў прэзыдэнта Галiны Жураўковай пра «Белую Русь» як адзiнага пастаўшчыка цыгарэтаў у краiну паступова зьдзяйсьняецца.

Цiкава, што сярод iмпартэраў няма ААТ «Дора Плюс» — дылеру кампанii «Reemtsma». Можа падацца, што дзяржава не жадае зьвязвацца зь нямецкiмi круцялямi. Аднак «Дора Плюс» «вылецела» зь лiку iмпартэраў задоўга да скандалу з «Reemtsma». Відаць, дзяржава ў асобе «Белай Русi» жадае сама падпісаць дамову з багатай нямецкай карпарацыяй, тым больш што кропка ў расьсьледаваньні афэраў яшчэ не пастаўленая.

Палi сваё

Зьмяншэньне квоты iмпарту цыгарэтаў мусiць выклiкаць падвышэньне цэнаў на іх. Небагатым курцам давядзецца ратавацца з дапамогай кантрабанднага тавару. Урад прапануе яшчэ адно выйсьце — беларускiя цыгарэты. Дзяржава ацэньвае сёлетнi рынак цыгарэтаў у 15 млрд. штук, 12 млрд. зь якiх — доля айчынных вытворцаў. 10 млрд. вырабіць ГТФ «Нёман», 2 млрд. — СП «Тытунь-Iнвэст». Сёлета «Нёман» выдасьць сама меней дзевяць новых гатункаў цыгарэтаў, у асноўным са зьменшаным утрыманьнем нiкатыну.

Цяпер фабрыка вядзе перамовы з буйнымi тытунёвымi карпарацыямi. Магчыма, вытворчасьць цыгарэтаў замежных брэндаў на «Нёмане» перакрые кантрабандыстам кiсларод.

На ГТФ паставiлi ўжо новае абсталяваньне, на якiм можна вырабляць 14,5 млрд. цыгарэтаў у год. У Італіі набылі чатыры цыгарэтныя ды шэсьць абгортачных машынаў, а таксама тры лініі па пераапрацоўцы тытуню. Краiна цяпер здольная ўвогуле адмовiцца ад iмпарту. Дырэкцыя прадпрыемства абяцае, што адгэтуль прадукцыя ГТФ будзе ня горшая за іншаземныя аналягі. Аднак высьветліць якасьць цыгарэтаў можна толькі з дапамогай экспэртызы, якая каштуе дзясяткі тысячаў даляраў. Дый невядома, ці прадукцыю «Нёману» будуць купляць, бо курцы занадта моцна прывыкаюць да «свайго» гатунку тытуню. Зрэшты, нiчога страшнага не адбываецца: падвышэньне цэнаў на цыгарэты — выдатная нагода кiнуць дурную звычку.

Сьмяротныя падробкi

На фабрыках начыньне для цыгарэтаў вырабляюць з прасаванага тытунёвага лiста. Для кожнай маркi падбiраюць сумесь з розных гатункаў тытуню. У падробкі ж замест тытуню дарагiх замежных гатункаў падмешваюць танны, напрыклад закарпацкі.

На фабрыках тытунёвую сумесь зьвiльгатняюць, здрабняюць, ачышчаюць ад тытунёвага пылу, ахалоджваюць, даюць адляжацца, зьмякчаюць ды араматызуюць. Саматужныя вытворцы выконваюць ня ўсе гэтыя апэрацыі.

Найлепшыя з распаўсюджаных цыгарэтных фiльтраў — ацэтатныя, яны затрымлiваюць каля 60% шкодных рэчываў. Падробкі найчасьцей маюць самыя танныя фiльтры. Таму фальшывыя цыгарэты звычайна больш шкодныя для здароўя, чым фiрмовыя.

Ці ёсьць у нашай краіне падпольныя тытунёвыя заводы? Дзянiс Гурыновiч, мэнэджэр па карпаратыўных сувязях кампанii «British-American Tobacco Trading Company», кажа: «У Беларусi выпадкаў падробкi цыгарэтаў нашай кампанii пакуль не было. Гэткiя iнцыдэнты здаралiся толькi ў суседнiх краiнах. Што да падробак, дык абараніцца ад iх проста: трэба набываць цыгарэты з акцызнымi маркамi ў стацыянарных гандлёвых кропках, а ня ў вулiчных гандляроў».

Алесь Кудрыцкi

Беларускi тытунёвы рынак у 2003 г.

Агульны аб’ём 15 млрд. цыгарэтаў.

Зь iх:

вырабяць у Беларусi:

Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» 10 млрд.

СП «Тытунь-Iнвэст» 2 млрд.

прывязуць з-за мяжы:

«Белая Русь» (JTI) 1,5 млрд.

СП «Т i Б» («Philip Morris») 650 млн.

«British-American Tobacco Trading Company» 300 млн.

Белкаапсаюз («Балканская зорка», Расея) 300 млн.

пакуль не разьмеркаваныя 250 млн.

Імпартэр «Дэлфiдылiнг» увозiць не цыгарэты, а цыгары ды цыгарыльлi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0