Нічога не адбываецца
Калі нічога не адбываецца,тады на душы сум адбіваецца,
тады нічога не прамаўляецца,
і не сьвітае, і не зьмяркаецца.
Калі нічога з намі ня робіцца,
тады пачынаем хутка мы горбіцца,
тады нам прыходзіцца целам пакутваць
і спадцішка дух свой прыпутваць.
Калі нічога ні з кім не здараецца,
тады ніхто ні ў чым і ня каецца,
тады імкліва сваё забываецца
і ўжо ніхто ні з кім не вітаецца.
Калі нічога, што ў неба іскрамі,
калі ў вачох тваіх згасьлі бліскаўкі,
калі не агонь ты, а толькі прысачак,
тады і ў мяне ня словы, а рысачкі.
Ах, што ж гэта больш нічога ня робіцца:
дабро ад зла нікім не бароніцца?
Ня йдуць да нас — ні вогнепаклоньніца?
ні хітры француз? ні татарская коньніца?
Нічога з намі не адбываецца —
хіба што жонка на кухні лаецца,
хіба што на трох мы пасьпелі затарыцца,
а перад тым у лазьні папарыцца.
Нічога з намі не адбываецца?
Жывецца нам ціха і не паміраецца?..
Ня веру! Павінна адбыцца штосьці,
Як быццам у сэрца жалезныя восьці!