23 студзеня

З пракуратурай — па-беларуску

10 сьнежня 2002 г. я накіраваў у пракуратуру Менску заяву, у якой прасіў накіраваць на мой адрас адказ у перакладзе на беларускую мову, бо па-расейску не зразумеў, чаму мая скарга не задаволеная і вернутая без разгляду. Але пракуратура адмовіла мне ў маім законным патрабаваньні атрымаць адказ па-беларуску, хоць у арт.6 Закону «Аб мовах» канстатуецца, што прывілеі ці абмежаваньні па моўных прыкметах недапушчальныя. Арт.17 гэтага закону не вызначае мовы, на якой ажыцьцяўляецца перапіска падчас правядзеньня пракурорскага нагляду, і ў гэтым выпадку трэба карыстацца ч.3 арт.14, які прадугледжвае атрыманьне адказу ў перакладзе на мову, якой валодае грамадзянін.

Закон «Аб мовах» не вызначае ўстановаў, якія павінны рабіць пераклады афіцыйных адказаў з адной дзяржаўнай мовы на другую. А в.а. начальніка аддзелу агульнага нагляду пракуратуры Менску С.Лысянок бляфуе, прапануючы мне зьвярнуцца па пераклад у нейкія мітычныя «соответствующие организации».

Каб абараніць свае правы, я накіраваў скаргу ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусі.

Анатоль Сарокін, Менск

Адкрыты ліст арганізацыі «Зьвяз беларусаў замежжа» прэм’ер-міністру Вялікай Брытаніі Тоні Блэру

31 cтудзеня ў Лёндане мусіць пачацца судовы працэс над Ахмедам Закаевым. Расея патрабуе экстрадыцыі аднаго зь лідэраў Ічкерыі. Мы ўпэўненыя: усе абвінавачаньні, выстаўленыя расейскім бокам, не адпавядаюць сапраўднасьці. Гэта ёсьць спроба палітычнай расправы за тую грамадзкую дзейнасьць, якую праводзіць Закаеў. Чачэнцы ня хочуць вайны, яны гатовыя спыніць баявыя дзеяньні безь якіх бы там ні было ўмоваў, калі гэтаксама зробіць Расея. Менавіта гэтую пазыцыю прэзыдэнта Ічкерыі Аслана Масхадава спрабуе давесьці да міжнародных структураў ягоны прадстаўнік.

Крэмль праводзіць агрэсіўную палітыку супраць сваіх суседзяў і не цураецца ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы новых незалежных дзяржаваў. Прыкладам гэтаму ёсьць Рэспубліка Беларусь, дзе праводзіцца расейская фінансавая й крымінальная экспансія.

Расейскі кіраўнік Уладзімер Пуцін — прадстаўнік аўтарытарнае савецкае формы кіраваньня дзяржавай. Пуцін цынічна заяўляе, што ніякай чачэнскай праблемы не існуе. У Расеі парушаюцца правы нацыянальных і рэлігійных мяншыняў. Незалежныя мэдыі знаходзяцца пад жорсткім уціскам уладаў, неўпадабаныя тэлеканалы і газэты прымусова зьмяняюць гаспадароў. Тэма асьвятленьня чачэнскае кампаніі манапалізавана дзяржавай. Насамрэч цягам Першай і Другой вайны ў Ічкерыі загінула каля 80 тыс. жыхароў. Звыш 150 тыс. чачэнцаў былі вымушаныя пакінуць сваю зямлю. Няма ніводнае сям’і ў Ічкерыі, якую б не напаткала гора вайны.

Таму мы, Зьвяз беларусаў замежжа, рашуча падтрымліваем змаганьне чачэнскага народу за права на існаваньне й выступаем у падтрымку Ахмеда Закаева, ягонага імкненьня спыніць ваенны канфлікт у Чачэніі й пачаць мірныя перамовы.

(скарочана)

* * *

Змушаны пагадзіцца з высновамі артыкулу ў «НН» «Палітыкі ўсё пішуць».

А трэ было б найперш «узяць» максымальную колькасьць дэпутацкіх месцаў у мясцовых саветах і потым змагацца за месцы ў вышэйшым заканадаўчым органе.

Найбліжэйшая праява грамадзкай актыўнасьці — сход інтэлігенцыі. Ёсьць заява Старшынькі Ўраду БНР Івонкі Сурвіллы аб сьвяткаваньні ўгодкаў БНР. Вось і нагода запрасіць уладу на сумеснае сьвяткаваньне. У Беларусі цяпер усе сілы — за Незалежнасьць. Дык пачнём з таго, што аб’ядноўвае. Ня будзем паўтараць памылак «аўтанамістаў «і «незалежнікаў» 1917 г.

Вітаўт Невядомы, canada.com

Мы разумеемі бяз словаў

З Новым годам вас, з новым дызайнам! Зычу, каб ваша мэта — «дэкалянізаваць і вызваліць сьвядомасьць людзей» — збылася!

Каб пазьбегнуць прымусу ў напісаньні назвы «вышэйшай асобы ў нейкай гіерархіі» зь вялікай літары, можна ўжываць словы: «ўсенароднаабраны», «эфэктыўнапабядзіўшы», «інтэгратар», «хакеіст», «бацька», «пахан», «цар», «хам» (непатрэбнае выкрасьліць).

А яшчэ лепей — менш яго ўспамінайце на старонках сапраўды беларускай газэты. Ён і так ужо абрыд многім. Вы ж ня станеце сьпяваць яму дыфірамбы, як сьпяваюць ягоныя газэты, а напішаце праўду, ды яшчэ з малой літары — адразу «прыменяць санкцыі». А хто тады будзе дэкалянізаваць людзей — «СБ Беларусь сегодня»? Не сьмяшыце!

Болей друкуйце сапраўдных беларусаў, каторым «баліць за Беларусь».

Пішэце, як лічыце патрэбным, усё роўна прачытаем і зразумеем.

Як сказаў А.Падлужны: «Вучыце на здароўе!» Хто захоча, той навучыцца. Дзякуючы «Нашай Ніве» будзем «жыць і долю папраўляць», як заклікаў сто гадоў таму Янка Купала.

П.К., Гарадзеншчына

* * *

Няцяжка заўважыць, што надрукаваны ў «НН» №2’2003 сьпіс дзесяці найлепшых беларускіх кніжак 2002 г. быў складзены мною ў альфабэтным, а не ў якім-небудзь іншым парадку. (Так, за выняткам пастскрыптуму, куды трапіў альбом «Язэп Драздовіч» і «Нарыс гісторыі Беларусі» Г.Сагановіча). Dixi.

Уладзімер Арлоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0