«Музыка ні ў якім разе не павінна быць цяжкай работай, нейкім абавязкам, прымусам. Яна мусіць заставацца любімым заняткам да канца жыцьця», — неяк сказаў у інтэрвію Беларускаму радыё Ўладзімер Мулявін.

[a-MuljavinValery-MarinouskiUry-FralouValer-u skladze ansabl-.JPG "Уладзімер Мулявін (зьлева) у складзе ансамблю «Арбіта-67», 1967 г. Фота з архіву Юр’я Марыноўскага."] Ён быў далёкі ад жыцьцёвай мітусьні і тлуму, падаваўся чалавекам, засяроджаным у сабе, нават празьмерна замкнёным. З усьмешкай прызнаваўся, што выходзіць з пакою, калі па тэлевізары паказваюць «Песьняроў». Што яму цікавей працаваць з новым матэрыялам, чым праглядаць старыя запісы ці слухаць, як пра «Песьняроў» ці пра яго асабіста гавораць журналісты. Мо хітраваў?..

Мулявін не зьбіраў фона- і відэатэкі. Не лічыў гэта галоўным. Таму многія запісы ансамблю, асабліва раньнія, незваротна страчаныя. Многае раскідана па асабістых архівах песьняроўскіх фанаў і захоўваецца ў адзінкавых экзэмплярах на шыпучых ад старасьці бытавых стужках. Нават прыкладнай анталёгіі «Песьняроў» у Беларусі ніколі выдадзена не было.

Мулявін здолеў дасягнуць амаль немагчымага: яго прызналі і мэтры акадэмічнага мастацтва, і фальклярысты, і рок-музыкі, і джазмэны. Міхаіл Фінберг неяк назваў яго «Маршалам беларускай эстрады», а калега-пясьняр Леанід Барткевіч прызнаўся: «Такія людзі нараджаюцца адзін раз у тысячу гадоў».

Вольга Брылон

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0