Гаворкі пра стварэньне Нацыянальнага ўнівэрсытэту вядуцца два гады. Аднак упершыню на ліст старшыні ТБМ Алега Трусава, дасланы 9 сьнежня ў Адміністрацыю прэзыдэнта на імя Ўрала Латыпава, прыйшоў адказ — запрашэньне на сустрэчу.

Як паведаміў сп.Алег, гутарыў ён з чыноўнікамі сярэдняга зьвяна: «Мяне зьдзівіла, што гэта былі людзі, якіх я добра ведаю, — цалкам беларускамоўныя, нацыянальна сьведамыя».

На сустрэчы абмяркоўваліся праблемы фінансаваньня Беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту (БНУ), ягонае разьмяшчэньне і структура.

На думку старшыні ТБМ, вялікіх дзяржаўных выдаткаў на стварэньне такой установы ня трэба. Паводле словаў А.Трусава, у БНУ мусяць займацца 5—7 тыс. чалавек. Гэта рэальная колькасьць студэнтаў, якія сёньня могуць перайсьці ў такую ўстанову. З гэтымі ацэнкамі пагадзіліся й супрацоўнікі Адміністрацыі. Нават лічбы супалі.

На сустрэчы разглядаліся два варыянты разьмяшчэньня новай навучальнай установы — памяшканьні можа даць БДУ альбо Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце. «Адна ўмова, якой я цьвёрда трымаўся: у Нацыянальным унівэрсытэце мусіць быць мэдычны факультэт — як у кожным клясычным унівэрсытэце. Мы пагадзіліся на тым, што гэта могуць быць мэдыкі-мэнэджэры — арганізатары мэдычнай навукі. Другая ўмова — стварэньне тэалягічнага факультэту», — кажа А.Трусаў.

Чыноўнікі з Адміністрацыі працягнуць разгляд праблемы адкрыцьця БНУ, кансультуючыся ў гэтай справе з ТБМ. «Мы сёньня маем 55 тыс. подпісаў грамадзянаў у падтрымку стварэньня такога ўнівэрсытэту. Калі трэба — набяром 100 тыс., 150 тыс.», — запэўнівае А.Трусаў.

Сп.Алег бачыць будучы ўнівэрсытэт дзяржаўным: «Мы ўсе — падаткаплатнікі, таму тут мусіць быць дзяржаўная падтрымка. У Швэцыі, напрыклад, фіны складаюць значную меншасьць, але маюць свой нацыянальны ўнівэрсытэт, і іхная мова мае статус дзяржаўнай».

Можна пазайздросьціць аптымізму кіраўніка ТБМ. Аднак пры піруэтах нашай дзяржаўнай палітыкі ці варта ставіцца з даверам да ідэі дзяржаўнага ўнівэрсытэту? Беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт мусіць быць грамадзкім, бо толькі ў такім выпадку нацыянальная супольнасьць зможа кантраляваць яго. А дзяржаўная падтрымка — у гэтым выпадку абавязак, а ня права дзяржавы.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0