«Ірак ня хоча раззбройвацца, ён хутчэй нешта хавае», — сьцьвярджае на старонках «Нью-Ёрк Таймз» Кандаліза Райз, дарадца прэзыдэнта ЗША па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. У артыкуле, які фактычна зьяўляецца канспэктам да дэбатаў пра Ірак у Радзе Бясьпекі ААН, Райз даказвае, што багдадзкі рэжым займаецца махлярствамі.

ФОТА REUTERS
ФОТА REUTERS
«Іракцы не паведамілі ніякіх падрабязнасьцяў пра спробы набыцьця ўрану за мяжой; у сьнежаньскай дэклярацыі няма ніводнага слова, якое б тлумачыла, навошта Ірак вырабляў паліва для балістычных ракетаў, калі — як сьцьвярджае — такіх ракетаў у яго няма; Багдад не патлумачыў, куды падзеў дзьве тоны матэрыялаў для вытворчасьці біялягічнае зброі; большая частка з 12 тыс. старонак ірацкай дэклярацыі пра зброю масавага зьнішчэньня — плягіят, цэлыя абзацы жыўцом сьпісаныя з старых справаздачаў ААН, адсутнічаюць толькі сказы, што асуджаюць рэжым Садама; дакумэнты, што тычацца зброі масавага зьнішчэньня, і людзі, заангажаваныя ў гэтую вытворчасьць, перакідаюцца зь месца на месца пад носам інспэктараў; іракцы ўскладняюць працу інспэктараў ААН, робячы немагчымай паветраную выведку; перададзены Іракам сьпіс навукоўцаў сканчаецца на 1991 г., хаця Багдад прызнаўся, што і пазьней працаваў над ЗМЗ; усе размовы інспэктараў з навукоўцамі адбываліся ў прысутнасьці прадстаўнікоў ірацкай службы бясьпекі; Ірак не дае доказаў, што зьнішчыў усе запасы баявога газу VX (а сьцьвярджае, што зьнішчыў)».

На думку Райз, знаходка інспэктараў — 12 ракетаў з пустымі хімічнымі боегалоўкамі — вельмі трывожны сыгнал. Бо ў мінулым Ірак начыняў такія боегалоўкі зарынам — менавіта тым газам, які японская сэкта «Найвышэйшая праўда» скарыстала ў 1995 г. у такійскім мэтро, калі загінула 12 чалавек.

Галоўная асоба ў Белым доме, адказная за парады прэзыдэнту ў справе Іраку, пытаецца: «Ці Садам нарэшце згадзіўся раззброіцца добраахвотна?» — і сама адказвае: «Не».

Далей яна піша: «Краіны, якія наважыліся пазбавіцца зброі масавага зьнішчэньня, самі накіроўваюць інспэктараў у месцы, дзе прадукавалася й захоўвалася такая зброя. Яны публічна дэкляруюць сваё жаданьне раззброіцца і заахвочваюць насельніцтва да супрацоўніцтва з інспэктарамі. Так гэта было ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, Украіне і Казахстане».

Як кажа Райз, пазыцыя Іраку цалкам адваротная: «У Іраку пад кіраўніцтвам сына Садама, Удая, дзейнічае спэцыяльная арганізацыя, што займаецца вытворчасьцю й захоўваньнем зброі масавага зьнішчэньня. Ірацкая сьнежаньская дэклярацыя зводзіцца да 12 тыс. старонак махлярства», — робіць выснову Райз.

Менавіта такі погляд на сытуацыю ЗША агучылі ў ААН, дзе інспэктары прадставілі першы поўны рапарт пра сваю працу ў Іраку. Белы дом будзе дамагацца ад Рады, каб тая прызнала Ірак вінаватым у невыкананьні рэзалюцыі ААН. Такое рашэньне дало б Амэрыцы зялёнае сьвятло для нападу на Багдад.

МХ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0