Паводле вынікаў рэгістрацыі, кандыдатамі ў дэпутаты сталі 25805 чалавек. Яны будуць змагацца за 24012 кандыдацкіх месцаў. Як зазначыла на прэсавай канфэрэнцыі 5 лютага старшынька Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, з агульнага ліку «кандыдатаў у кандыдаты» ня здолелі прайсьці рэгістрацыйнае сіта «толькі» 762 чалавекі (2,87%). Але гэта 42% ад усяе колькасьці зарэгістраваных «альтэрнатыўных» кандыдатаў. Паводле словаў Л.Ярмошынай, гэта не канчатковыя вынікі. Колькасьць кандыдатаў яшчэ можа зьмяніцца ў бок павелічэньня, калі скаргі адпрэчаных прэтэндэнтаў будуць задаволеныя.

ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Статыстыка сьведчыць: чым вышэйшы ўзровень мае савет, тым больш сурова выбарчая камісія ставілася да прэтэндэнтаў. Найскладаней было патрапіць у абласныя і Менскі гарадзкі савет. Так, з 769 кандыдатаў у аблсаветы зарэгістраваныя толькі 569, адмовы атрымалі 200 (26%). У Менгарсавет балятаваліся 305 кандыдатаў: зарэгістраваныя 165, адмовы — у 140 (45,9%). У райсаветы балятаваліся 4795 чалавек: зарэгістраваныя 4658, адмовы атрымалі 137 (2,8%). У саветы гарадоў абласнога падпарадкаваньня вылучаныя 1572 кандыдаты: зарэгістраваныя 1355, адмоўлена 217 (13,8%). З прэтэндэнтаў у саветы гарадоў раённага падпарадкаваньня адмоўлена толькі 3 асобам (1%), у пасялковыя саветы — 8 кандыдатам (0,7%). З тых, хто вылучаўся ў сельсаветы, адмовы атрымалі 57 асобаў (0,3%). Гэтыя лічбы яшчэ не канчатковыя, бо многія зь незарэгістраваных кандыдатаў падалі скаргі. Л.Ярмошына зазначыла, што толькі ў Менску «па 11 заявах на рэгістрацыю ёсьць спрэчныя моманты, 6 незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты ўжо зьвярнуліся ў Менскі гарадзкі суд».

Як засьведчыла старшынька ЦВК, у Берасьцейскай вобласьці адмоўлена ў рэгістрацыі 72 кандыдатам (1,8%), у Віцебскай — 112 (2,4%), у Гомельскай — 87 (1,8%), у Гарадзенскай — 100 (2,9%), у Менскай — 153 (2,8%), у Магілёўскай вобласьці — 98 (2,7%).

На пытаньне пра колькасьць безальтэрнатыўных акруг Л.Ярмошына адрэагавала нэрвова: «Гэтага я не магу сказаць — мы не вядзём такога ўліку». Яна засьведчыла, што ў адным з раёнаў (называць яго старшынька ЦВК ня стала) дзьве акругі ўвогуле апынуліся «вольнымі»: тамтэйшым прэтэндэнтам адмовілі за парушэньні падчас рэгістрацыі. Выйсьце, на думку Л.Ярмошынай, тут адно: калі да выбараў застаецца больш за 20 дзён, камісіі могуць зьвярнуцца да партыяў і працоўных калектываў (на збор подпісаў часу няма), каб тыя тэрмінова кагосьці вылучылі.

Партыйныя вылучэнцы ў ліку прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты складалі 1033 чалавекі. Агулам, канстатавала Л.Ярмошына, партыйцаў было больш, але чыста партыйнае вылучэньне абмежаванае гэтай лічбай. Стаць кандыдатамі здолелі толькі 693 зь іх, адмовы атрымалі 340 (32,9%).

У тройку лідэраў па колькасьці незарэгістраваных кандыдатаў уваходзяць Лібэральна-дэмакратычная партыя, Партыя народнай згоды і Аб’яднаная грамадзянская партыя.

Больш за ўсё адмоваў было ў вылучэнцаў ад ЛДП: з 329 зарэгістраваныя былі 184, адмоўлена 145 прэтэндэнтам (44%). Самая распаўсюджаная прычына адмовы рэгістраваць вылучэнцаў ад партый — адсутнасьць нізавых партыйных арганізацыяў на месцах. ПНЗ вылучыла 21 кандыдата, адмоўлена 12 (57,1%). АГП — 130 кандыдатаў вылучаныя, адмоўлена 76 (58,4%).

З 76 асобаў, вылучаных Партыяй БНФ, зарэгістраваныя 50, адмоўлена 26 (34,2%). Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Народная грамада» — вылучаныя 103, зарэгістраваныя 69, адмоўлена 34 (33%). КПБ — 141 вылучаны, 114 зарэгістраваныя, 27 адмоваў (19%) . ПКБ — 208 вылучаныя, 173 зарэгістраваныя, 35 адмоваў (16,8%).

Дысцыплінаваныя камуністы

«Па партыях самае якаснае вылучэньне, як звычайна, у Партыі камуністаў беларускай. У іх менш за ўсё адмоваў — традыцыйна на кожныя выбары», — адзначыла старшынька ЦВК.

Былі сярод партыяў і такія, што ня мелі ніводнае адмовы. Гэта карлікавыя партыі, якія вылучалі пераважна па 2—3 кандыдаты. Ніводнай адмовы не займела Аграрная партыя (7 кандыдатаў), Беларуская партыя працы, Беларуская сацыяльна-спартовая партыя (2 кандыдаты), Беларуская патрыятычная партыя, Рэспубліканская партыя.

Праз парушэньне Выбарчага кодэксу падчас вылучэньня не зарэгістравана ніводная прадстаўніца Жаночай партыі «Надзея». Л.Ярмошына патлумачыла: «У іх усе ячэйкі, у тым ліку і створаныя ў раёнах, зарэгістраваныя ў рэспубліканскім офісе ў Менску. Нават пярвічная арганізацыя якога-небудзь Мядзельскага ці Валожынскага раёну — усе на вуліцы Гвардзейскай у Менску. Гэта ня ёсьць асноўнай падставай, бо мы зрабілі вельмі лібэральную пастанову. Я думаю, там былі й іншыя парушэньні».

Пералічваючы вядомых палітыкаў, якія здолелі атрымаць пасьведчаньне кандыдата ў дэпутаты, Л.Ярмошына назвала старшыню Магілеўскай абласной арганізацыі АГП сп.Шанцава, праваабаронцу сп.Шчукіна, старшыню маладачанскага аддзяленьня Беларускага Хельсынскага камітэту сп.Баланчука.

З думкай пра даярку

Паводле словаў старшынькі ЦВК, асноўная прычына адмовы ў рэгістрацыі — недакладная дэклярацыя аб даходах і маёмасьці. У якасьці вядомых прыкладаў фігуравалі Юры Хадыка (забыўся пазначыць ганарар у 24 тыс. рублёў), Алег Трусаў (недалічыў 72 тыс. рублёў), Юры Данькоў (не задэкляраваў 164 тыс. рублёў). На закіды ў нязначнасьці сумаў Л.Ярмошына адрэзала: «Гіпатэтычна камісія можа адмовіць у рэгістрацыі і за неўказаную тысячу. Гэта ёсьць правам выбарчай камісіі, якая рэгіструе кандыдата ў дэпутаты. 24 тыс. для Хадыкі нішто, мы з вамі таксама разумеем, што гэта сума нязначная. Але для даяркі, якая атрымлівае 28 тысяч, — гэта значная сума».

Другая прычына адмовы — непраўдзівыя подпісы. Тут адзначыўся артыст Яўген Крыжаноўскі: у яго больш за 15% подпісаў прызнаныя несапраўднымі.

Трэцяя прычына — адсутнасьць пярвічных партыйных структураў.

Паводле словаў Л.Ярмошынай, паступіла 161 скарга на адмовы ў рэгістрацыі. Па стане на 4 лютага, разгледжаныя ўжо 130 скаргаў, 8 зь іх задаволеныя.

Прэтэнзіі ёсьць ня толькі ў кандыдатаў, але і ў выбарчай камісіі. Так, Л.Ярмошына выказала сваю крыўду на Валер’я Шчукіна: «Некаторыя кандыдаты выкарыстоўваюць права на абскарджаньне як рэклямную акцыю. Напрыклад, сп.Шчукін, які сёньня ўсё абскарджвае, хаця нагодаў у яго ніякіх няма, бо ён зарэгістраваны кандыдатам».

Сярод зарэгістраваных жанчыны складаюць 10695 чалавек (41,4%), моладзь да 30 гадоў — 1950 (7,5%). Надзіва вялікую колькасьць складаюць у ліку прэтэндэнтаў тыя, хто раней ужо абіраўся дэпутатам, — 13166 (51%). Прычым усе старшыні абласных і Менскага гарадзкога саветаў зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты зноў.

Больш за ўсё кандыдатаў у дэпутаты склалі прадстаўнікі аграпрамысловага комплексу (32,5%), работнікі адукацыі і культуры (18,9%), супрацоўнікі дзяржаўных органаў (14%), прамыслоўцы, транспартнікі й сувязісты (12,5%), прадстаўнікі сфэры аховы здароўя і сацыяльнай абароны (7,6%). Прадпрымальнікаў у сьпісе ўсяго 377 чалавек (то бок 1,4%).

Такім чынам, «зборны» кандыдат у дэпутаты — гэта мужчына пасьля 30, які лічыцца на працы ў сельскай гаспадарцы і ўжо мае досьвед дэпутацкай дзейнасьці.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0