Яшчэ пры канцы мінулага тыдня выбарчыя партыйныя штабы пачалі лічыць свае страты. 1 лютага на паседжаньні Палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька казаў пра 80 чалавек, якія не прайшлі рэгістрацыі. Аднак працягваюць барацьбу да 120 кандыдатаў, падтрыманых АГП.

 Кандыдатам ад апазыцыі даводзіцца пераадольваць грамадзкую апатыю і перадузятасьць выбарчых камісій. ФОТА IREX-PROMEDIA
Кандыдатам ад апазыцыі даводзіцца пераадольваць грамадзкую апатыю і перадузятасьць выбарчых камісій. ФОТА IREX-PROMEDIA
Партыя БНФ па Беларусі падтрымлівала каля 150 кандыдатаў. Зь іх не зарэгістравалі 43 (29%). Найбольш БНФ згубіў у Менску, дзе з 27 кандыдатаў былі зарэгістраваныя толькі 14 (51%) і ў Берасьцейскай вобласьці — з 17 чалавек 10 (58%). Найлепшае становішча на Віцебшчыне, дзе былі зарэгістраваны 12 фронтаўцаў і толькі аднаму адмоўлена.

БСДП (НГ) падтрымала каля 170 кандыдатаў. Зь іх былі зарэгістраваныя каля 120 чалавек. Незарэгістраваная Аб’яднаная сацыял-дэмакратычная партыя заяўляе, што «прарваліся ў кандыдаты» 53 з 79 ейных прадстаўнікоў.

Увогуле, на ўсходзе Беларусі, дзе шанцы апазыцыйных кандыдатаў мінімальныя, рэгістравалі амаль усіх. Затое ў сталіцы выкасілі амаль траціну дэмакратычных вылучэнцаў. У Горадні не зарэгістраваныя лідэр тамтэйшага БНФ Сяргей Мальчык, прафэсар-мэдык Алесь Астроўскі. У Наваполацку адсеялі лідэра моладзі Зьмітра Салаўёва, намесьніка рэдактара газэты «Химик» Яўгена Парчынскага.

Нават лібэрал-дэмакраты, якія не зарэкамэндавалі сябе падчас прэзыдэнцкіх выбараў апазыцыйнай сілай, згубілі каля 150 кандыдатаў. Паводле словаў Сяргея Гайдукевіча, гэта каля 35% ад усяе колькасьці. «Пагалоўна» здымалі лібэрал-дэмакратаў на Берасьцейшчыне, усіх кандыдатаў зьнялі ў Магілёве. Усяго ЛДП цяпер падтрымлівае каля 400 кандыдатаў. ПКБ — каля 200. Нягледзячы на гвалтоўны адсеў, партыі не зьбіраюцца спыняць барацьбу.

Асаблівае значэньне выбараў у аблсаветы і сталічны гарсавет у тым, што гэтыя органы, паводле лукашэнкаўскай канстытуцыі, выбіраюць дэпутатаў у верхнюю палату нацыянальнага сходу. Тым ня менш, канкурэнцыя і ў іх невялікая.

Аблсаветы па-за канкурэнцыяй

Ніне Стужынскай пашанцавала — яе ўсё ж зарэгістравалі кандыдаткай у дэпутаты. ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Ніне Стужынскай пашанцавала — яе ўсё ж зарэгістравалі кандыдаткай у дэпутаты. ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
На Гарадзеншчыне ў 60 акругах балятуюцца ўсяго 73 кандыдаты. Ад апазыцыйных партый: усяго два кандыдаты ад АГП і 3 — ад ПКБ. Камісіямі адсеяныя 26 прэтэндэнтаў.

У іншым канцы Беларусі, на Гомельшчыне, дзе выбарчыя камісіі лютавалі найменш, няма канкурэнцыі амаль у палове акругаў па выбарах у аблсавет. Сёлета ў гэты прадстаўнічы орган зарэгістравана на 33 кандыдаты меней, чымся на выбарах у 1999 г. Абласная камісія адсеяла 12 прадстаўнікоў партыяў. Сыстэма выбараў у мясцовыя саветы «спакваля вяртаецца да былых савецкіх часоў, калі на адну акругу вылучаўся толькі адзін кандыдат у дэпутаты», паведамляе гомельскі карэспандэнт радыё «Свабода». 7 з 21 раённага савету фармуюцца на цалкам безальтэрнатыўнай аснове. І гэта ня толькі саветы тых раёнаў, адкуль пасьля Чарнобыльскай катастрофы зьехала шмат людзей. Па аднаму прэтэндэнту на мандат зарэгістравана ў Мазырскім, Гомельскім раёнах.

Сталіца: мінімальная канкурэнцыя

Найбольш цікавае барацьбы чакалі ад тых гарадоў, дзе на пачатку 90-х у гарсаветах была істотна прадстаўленая апазыцыя: ад Менску, Горадні, Гомелю, Маладэчна, Наваполацку, Пінску. На жаль, сёлета адносная канкурэнцыя чакаецца толькі ў сталіцы. І тое колькасьць кандыдатаў ніжэйшая, чым на байкатаваных апазыцыяй мінулых мясцовых выбарах, — 165 на 55 акругаў.

Найбольш сваіх кандыдатаў у Менску выставіла Лібэральна-дэмакратычная партыя — 55. Яна была прадстаўленая ва ўсіх акругах. Аднак рэгістрацыю прайшлі толькі 20 партыйцаў. С.Гайдукевіч кажа, што 10—11 чалавек няўдала запоўнілі дэклярацыі. Чаму зьнялі астатніх, ён «не разумее».

БСДП (НГ) вылучыла ў сталіцы 11 кандыдатаў, зь якіх былі зарэгістраваныя толькі 9 чалавек. Пацярпеў намесьнік Статкевіча Віталь Малашка. А вось Ніну Стужынскую не хацелі рэгістраваць за тое, што не ўказала ў дэклярацыі сваёй долі ў статутным фондзе грамадзкай арганізацыі «Жаночая ліга», якое ў яе і не было. Ды ўсё ж зарэгістравалі пасьля абскарджаньня, як і яшчэ двух партыйных лідэраў: Алеся Арастовіча і Міхася Ганчарыка.

Толькі адзін кандыдат ад ПКБ ня быў зарэгістраваны, а 13 працягваюць ісьці далей. Партыя БНФ у Менску здолела зарэгістраваць 14 чалавек. Ніводнага кандыдата не ўдалося зарэгістраваць у Кастрычніцкім і Савецкім раёнах, дзе, як кажа намесьніца кіраўніка партыі Галіна Сямдзянава, у фронтаўцаў ёсьць электарат. А вось у Заводзкім раёне, дзе з электаратам у іх праблема, зарэгістравалі ўсіх чатырох чалавек. Барацьбу за дэпутацкі мандат працягваюць пераважна маладыя людзі 22—27 гадоў. Сярод «зарэзаных» такія вядомыя асобы, як прафэсары Хадыка і Жаліба (пра апошняга Сямдзянава сказала, што ён «выдатны эканаміст, але неспрактыкаваны палітык»), дырэктар Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас. Адзіны, каго ўдалося адваяваць на стадыі абскарджаньня, — адказны сакратар Управы партыі Аляксей Кавалец.

Адзін зь нямногіх нацыяналістаў, які трапіць у бюлетэні, — актывіст незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды Юрась Данілаў. Гэты прафэсійны дызайнэр, аўтар аздабленьня фасаду будынку БТ, ідзе па Шугаеўскай акрузе ва Ўруччы.

У гарсавет Берасьця вылучана 85 асобаў, крыху больш за два чалавекi на месца. У дзевяцi акругах выбары будуць безальтэрнатыўнымi. Акрамя пяцi прадстаўнiкоў БНФ там змагаюцца 13 кандыдатаў ад «Народнай грамады» і столькi ж ад Партыі камуністаў. А вось старшыню гарадзкой арганiзацыi «Народнай грамады» Георгiя Руцкага зьнялi быццам бы за тое, што ён не ўзгадаў у сваёй дэклярацыi акцый аднаго зь берасьцейскiх прадпрыемстваў, дарма што яно нiколi не выплачвала дывiдэндаў.

У Жлобіне не зарэгістраваны кіраўнік мясцовай суполкі АГП Марат Афанасьеў, былы дэпутат Вярхоўнага Савету.

Партыя маладых дэмакратаў

Па выніках рэгістрацыі кандыдатаў ад нацыянальнага руху барацьбу працягваюць найперш маладыя людзі. Паводле адной з вэрсій, іх адмыслова не адсеялі на гэтым этапе, бо яны ня маюць вялікіх шанцаў перайграць людзей улады. Аднак трэба адзначыць, што моладзь больш сур’ёзна ды прафэсійна паставілася да рэгістрацыі і першага этапу кампаніі.

Кандыдатам у гарсавет Мар’інай Горкі зарэгістраваны кіраўнік Менскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Алесь Міхалевіч. Ён вылучаўся праз збор подпісаў, але не хаваў сваёй партыйнай прыналежнасьці. Супернікам Міхалевіча будзе Тацяна Ішуцінава, загадчыца аддзелу па справах моладзі мясцовага райвыканкаму.

У Слоніме балятуецца кіраўнік моладзевага аб’яднаньня «Ветразь» Алесь Масюк. У яго моцны супернік — дырэктар кардонна-папяровага заводу «Альбярцін» Пятро Саліта.

У Маладэчне зарэгістраваны маладафронтавец Ян Лагвіновіч. Яму давялося вытрымаць моцны ціск на працы. Канкурэнт у Лагвіновіча ня менш сур’ёзны — 33-гадовы галоўны стаматоляг гораду.

У Белаазерску кандыдатам у Бярозаўскі раённы і Белаазерскі гарсавет ідзе актывіст нацыянальнага руху Юрась Губарэвіч. Ён выступае як незалежны кандыдат.

У Горадні зарэгістраваныя адзін зь лідэраў «Маладога фронту» Вадзім Саранчукоў і лідэр Свабоднага прафсаюзу «Азоту» Сяргей Антусевіч.

Працягвае спробы дамагчыся рэгістрацыі Сяргей Салаш з Барысава. Камісія нібыта знайшла ў яго «несапраўдныя» подпісы. Сяржук ня здаўся. У той жа вечар ён прайшоў па выбарцах і сабраў подпісы паўторна. Абласная выбарчая камісія ў адказ на ягоную скаргу паведаміла, што спрэчку мусіць вырашыць Барысаўскі суд. Сапраўды, толькі такія, як Салаш, і могуць прабіцца ва ўладу.

Ёсьць страты і сярод маладых кандыдатаў. Напрыклад, у Менску «зрэзалі» кіраўнікоў незарэгістраваных моладзевых патрыятычных арганізацый БПС і «Белы легіён» — Сержукоў Высоцкага й Чыслава.

Правілы гульні

Амаль усе лідэры апазыцыйных партый адзіныя ў тым, што ўлады не захацелі захаваць нават бачнасьць «свабодных выбараў». Вінцук Вячорка, старшыня Партыі БНФ, кажа, што «вынікі рэгістрацыі для Фронту былі прагназаванымі» — вэртыкаль выканала спушчаны ёй зьверху загад. Кіраўнік ЛДП Сяргей Гайдукевіч лічыць, што «мясцовыя ўлады скарысталі адміністрацыйны рэсурс, каб дэпутатамі сталі тыя людзі, якіх яны ведаюць альбо кандыдатуры якіх былі спушчаныя зьверху». У нядаўняй заяве Палітрады АГП адзначаецца, што выбары «носяць недэмакратычны характар», а органы мясцовай улады будуць нелегітымнымі.

Старшыня БСДП (НГ) Мікола Статкевіч, праўда, мяркуе, што «каманды адсякаць самых моцных апазыцыйных кандыдатаў няма, гэта была самадзейнасьць мясцовых уладаў». На ягоную думку, адміністрацыя Лукашэнкі не зацікаўлена ў «яўнай прыкмеце недэмакратычнасьці выбараў». Яе задача — не прапусьціць апазыцыянэраў у мясцовыя органы ўлады і адначасова дабіцца прызнаньня вынікаў выбараў на Захадзе, лічыць Статкевіч.

Цікава, што апазыцыйныя лідэры адзначаюць важнасьць гэтай выбарчай кампаніі ў пляне «агітацыйна-растлумачальнай» працы зь людзьмі. Ёсьць тут ужо і свае рэкардсмэны. Галіна Сямдзянава на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі згадала спадара Драздоўскага, які, зьбіраючы подпісы ў Ленінскім раёне сталіцы, «далучыў да Партыі БНФ 16 чалавек».

Выбарчая кампанія яскрава прадэманстравала слабасьць апазыцыйных партыйных структураў, іх малалікасьць і недастатковую падрыхтаванасьць да жорсткага прэсінгу ўлады. У асноўным яны існуюць, але ня дзейнічаюць. Зь іншага боку, бачым «выдатна» адладжаную працу камісій, якая добра каардынуецца і кантралюецца. У апазыцыі ж па-ранейшаму няма сапраўднага каардынацыйнага цэнтру, няма ніякіх фінансавых рэсурсаў, няма й стратэгіі дзейнасьці.

Але нават такой слабой апазыцыі рэжым прапануе толькі бачнасьць барацьбы, дый яшчэ адмаўляецца гуляць па правілах. Апазыцыю не падпускаюць да мэханізму прыняцьця рашэньняў нават на самых нізавых узроўнях. Палітыка бізуна і перніка ўдала выкарыстоўваецца адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі, якая канструюе цалкам прадказальнае палітычнае поле. Ды і ў такой сытуацыі нацыянальны рух прадэманстраваў, што мае патэнцыял. Ёсьць маладыя пэрспэктыўныя палітыкі, здольныя і гатовыя змагацца за ўладу ў самых неспрыяльных умовах уладнага ціску і глыбокае грамадзкае апатыі. Гэта вельмі пазытыўны сыгнал.

Cяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0