Пра барацьбу ЗША і Нямеччыны за ўплыў ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе пішуць нячаста. Звычайна абмяжоўваюца намёкамі. Афіцыйныя асобы Беларусі апэлююць да «эўрапейскага патрыятызму» ў сваёй крытыцы палітыкі Штатаў у дачыненьні да Беларусі, тым часам як апазыцыя наракае на Нямеччыну, што нібыта дагэтуль «не разглядае Беларусь як паўнавартасную дзяржаву». Крытычны погляд на гэтую праблему прапануе журналіст уплывовага нямецкага тыднёвіка «Die Zeit».

«Гаворачы «Эўропа», вы маеце на ўвазе Нямеччыну й Францыю. А я — не, — заявіў міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд. — Для мяне Нямеччына і Францыя — гэта старая Эўропа. Цэнтар цяжару сёньняшняй «натаўскай» Эўропы перамешчаны на Ўсход».

Усход крыху зьбянтэжаны такой шчырасьцю, хаця «перамяшчэньне цэнтру цяжару» даўно стала для яго рэальным фактам. Гэты крок вашынгтонскіх стратэгаў новыя сябры NАТО і кандыдаты ў хаўрус вітаюць. Дзякуючы гэтаму яны яшчэ больш надзейна трапяць пад жаданы амэрыканскі ахоўны «парасон». Польскі ўрад дзеля гэтага стаў прыхільнікам палітыкі Буша. Не зважаючы на пацыфізм свайго земляка-Папы.

Прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі, хвалячы Буша, карыстаецца лексыкай, запазычанай зь нядаўняга мінулага. Ён «бясконца» давярае амэрыканскаму кіраўніку, ягоны погляд на сьвет «супадае з Бушавым». Ня дзіва, што Буш рады бачыць свайго хваласьпеўцу наступным генэральным сакратаром NАТО. «New York Times» дадае: амэрыканскія войскі, разьмешчаныя ў Заходняй Эўропе, напэўна, перабазуюцца ў Польшчу.

Польшча і Вугоршчына возьмуць удзел у ірацкай кампаніі нават без мандату ААН. Чэхі таксама гатовыя — праўда, з мандатам. Цяпер ужо былы прэзыдэнт Чэхіі ўзорны эўрапеец Гавэл у час разьвітальнага візыту ў Нямеччыну сказаў: «Ёсьць сытуацыі, калі варта дзейнічаць прэвэнтыўна».

Пустыя кішэні «старой Эўропы»

«Старая» Эўропа абураецца паводзінамі «новай», і гэта добра відаць па газэтных публікацыях. Але абурацца няма чаго. Пасьля пераўтварэньняў 1989 г. усходнеэўрапейскія краіны пазбыліся прыгнёту, але ня страху перад Масквой. Яны бачылі, што толькі амэрыканцы трымаюць для іх шырока адчыненымі дзьверы заходняга сьвету. Французы не хацелі пашырэньня NАТО і ЭЗ на ўсход. Немцы ў гэтым пытаньні аглядаліся на Расею — каб крый божа не сапсаваць адносінаў.

Толькі ЗША настойвалі на прыняцьці новай стратэгіі NАТО. Яна сягае далёка за межы Эўропы. Патэнцыйных кандыдатаў у NАТО ўрад Буша бачыць на ўсходзе і паўднёвым усходзе — усюды, дзе ёсьць пляцдармы, неабходныя для барацьбы з тэрарызмам, здабычы крыніцаў энэргіі, дзе пракладзеныя транспартныя шляхі.

Старыя эўрапейскія дзяржавы пачуваюцца адсунутымі на ўзбочыну. Але Квасьнеўскі мае рацыю: «Той, хто скардзіцца, што амэрыканцы моцныя, а эўрапейцы слабыя, мусіць паглядзець, што ў каго ў кішэнях». Тут слабасьць «старых» эўрапейцаў відавочная. Яны ўжо сытыя ад бітваў, што вякамі спустошвалі Эўропу. Пасьля 1989 г. «старыя» эўрапейцы ўсё больш скарачалі вайсковыя выдаткі.

Але спадзевы на вечны мір і канец гісторыі разьвеяла балканская трагедыя. Да катастрофаў у Босьніі й Косаве «старыя эўрапейцы» былі ў вайсковым пляне непадрыхтаваныя. За іх бездапаможнасьцю з жахам назіралі толькі што вызваленыя «ўсходнія браты», для якіх бясьпека была зусім новай і важнай каштоўнасьцю, даражэйшай за ўсе эўразьвязаўскія грошы.

Чаму «новыя» вераць Амэрыцы

Іх недавер да Заходняй Эўропы нарадзіўся адначасова зь верай у Амэрыку. Эмігранты з Рэчы Паспалітай, падзеленай між Прусіяй, Расеяй і Аўстрыяй, змагаліся на амэрыканскім баку падчас вайны за незалежнасьць. Бісмарк імкнуўся ліквідаваць польскую нацыю. Гітлер і Сталін займаліся тым самым. Не лягчэй было прыбалтам. Тое самае выцерпелі чэхі. Пратэстанцкая Эўропа аддала іх у 1618 г. галаварэзам-Габсбургам, вольная Эўропа выдала ў 1938-м Гітлеру.

Амэрыка прымала ўсіх гнаных. 9 мільёнаў амэрыканскіх грамадзянаў польскага паходжаньня падтрымліваюць сёньня сымпатыі Вашынтону да Варшавы. Зьбігнеў Бжазінскі, які дзесяцігодзьдзямі вызначаў напрамкі амэрыканскай замежнай палітыкі, нарадзіўся ў 1928 г. у Варшаве. Ягоны бацька-дыплямат у 1945 г. не вярнуўся ў камуністычную Польшчу. За чвэрць стагодзьдзя да таго іншы польскі габрэй уцёк ад расейцаў у Амэрыку. Ягоны сын — актыўны прыхільнік сёньняшняй ваяўнічай лініі амэрыканскае палітыкі. Я кажу пра Пола Вулфавіца, намесьніка Рамсфэльда.

Калі Польшча падчас халоднай вайны паўставала супраць савецкай гегемоніі, Бжазінскі дамагаўся амэрыканскае дапамогі для гэтага вызваленчага руху. Пакуль нямецкія палітыкі й публіцысты ў 1981 г. цалаваліся з генэралам Ярузэльскім, Амэрыка падтрымлівала «Салідарнасьць» грашыма, супрацоўнікамі спэцслужбаў і добрым словам. У 1990 г. Бжазінскі нейкі час так лабіраваў вызваленую Польшчу на міжнароднай арэне, нібыта гэта ён быў гаспадаром Бэльвэдэрскага палацу ў Варшаве.

Літоўцы ў 1998 г. абралі кіраўніком амэрыканскага грамадзяніна Валдаса Адамкуса, які ў 1944-м 18-гадовым юнаком эміграваў у ЗША. Прэзыдэнт Гавэл, зьняверыўшыся ў прагных да нажывы палітыках-папулістах, зьвярнуўся да міністаркі замежных спраў ЗША Мадлен Олбрайт, каб тая выставіла сваю кандыдатуру на выбарах пасьля ягонага сыходу. Чэшка Олбрайт дзіцём двойчы мусіла ўцякаць з радзімы — ад нацыстаў і ад камуністаў.

«Бог усьміхаецца нам»

«Новых эўрапейцаў» мучыць стары страх, што немцы й расейцы зноў падзеляць Эўропу на зоны ўплыву. Лазьневае сяброўства Коля і Ельцына, сяброўскія каляды Гергарда Шродэра з Пуціным не павялічылі даверу ўсходнеэўрапейцаў да «старых». Амэрыканцы ж ня толькі прапанавалі «новым» свой «парасон», але й абяцаюць дапамагчы ўзбраеньнямі і досьведам.

На такое ня мог не спакусіцца нават Лешак Мілер. Прэм’ер Польшчы, колішні функцыянэр ПАРП, нядаўна надзеў уніформу амэрыканскіх ВПС і сеў у кабіну зьнішчальніка F-16. Пра кароткі выпрабавальны палёт, захоплена распавядаў Мілер, ён «да сьмерці не забудзе».

Гэтаксама доўга палякі і амэрыканцы не забудуцца пра найвялікшы гешэфт у галіне ўзбраеньня за ўсю сваю гісторыю. Польшча цяпер будзе бараніць сябе 48 зьнішчальнікамі «Lockheed F-16». За іх ганарлівая краіна заплаціла круглую суму 3,8 мільярда даляраў. Ня дзіва, што Буш часта тэлефануе Квасьнеўскаму і двойчы зь ім сустракаўся асабіста.

Прэзыдэнт ЗША разьбіраецца ў «новай Эўропе». Пасьля лістападаўскай праскай сустрэчы NАТО ён наведаў Вільню й Бухарэст. Амэрыканцы бачаць у Румыніі зь ейнымі чарнаморскімі партамі важны пляцдарм. Тады як «старыя эўрапейцы» ніяк не хацелі прымаць яе ў NАТО. Калі Джордж Буш выйшаў да ўзрадаваных бухарэсцаў, над натоўпам на Пляцы Рэвалюцыі зазьзяла вясёлка. «Бог, — патлумачыў прэзыдэнт, — усьміхаецца нам!»

Варта толькі пажадаць «новай Эўропе», каб гэта не заўжды быў бог вайны.

Паводле «Die Zeit» пераклаў Сяргей Богдан

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0