Апазыцыйныя партыі пакуль ня выказаліся наконт вайны ў Іраку. У Лукашэнкі ёсьць пазыцыя, у апазыцыі — няма. Пакуль апазыцыя маўчыць, пазыцыю Лукашэнкі можна лічыць пазыцыяй усёй Беларусі. Абсалютная большасьць беларусаў супраць вайны. Антываенная пастава дала б апазыцыі ачкі. Раз апазыцыя маўчыць, мо яна за вайну? Вайна ў Іраку цынічна выгадная беларускай незалежнасьці, бо прывядзе да падзеньня цэнаў на нафту. Але і пра гэта маўчыць апазыцыя. Каб палітыкі нарэшце загаварылі, мы правялі апытаньне «НН».

Пятро Краўчанка, былы пасол у Японіі: Гэта будзе вайна дзьвюх цывілізацый, якая зьнішчыць і абрыне сусьветны правапарадак. Яшчэ ў XVI ст. Статут Вялікага Княства Літоўскага заклаў прынцыпы мірнага суіснаваньня дзяржаваў. Нашы продкі зрабілі гэта першымі ў Эўропе. Толькі пра гэта ніхто ня ведае…

Павал Казлоўскі, былы міністар абароны: Вырашыць праблему і памяняць рэжым Хусэйна без крыві й вайны — гэта быў бы разумны крок міжнароднай супольнасьці.

Алесь Анціпенка, філёзаф: Я не пацыфіст, але да магчымай вайны стаўлюся нэгатыўна. Вайна — гэта гвалт, крызыс інтэлекту, каштоўнасьцяў, адносінаў. Таму гэта ня ёсьць лепшы сродак вырашэньня праблемаў.

Сяргей Касьцян, дэпутат палаты прадстаўнікоў: Гітлер у 30-я гады вёў барацьбу за сусьветнае панаваньне, за «свабоду» і «дэмакратыю», а на самай справе забіваў, рабаваў і паліў. Дакладна так робіць і кіраўніцтва ЗША. Я не вінавачу амэрыканскі народ, які ня хоча вайны, але асуджаю палітыку амэрыканскага ўраду ў адносінах да Іраку і іншых краінаў, у тым ліку і Беларусі.

Генадзь Дылеўскі, дэпутат палаты прадстаўнікоў: Ваююць палітыкі, а церпяць ад гэтага простыя людзі. Таму спачатку трэба давесьці, што хтосьці — тэрарыст, і толькі пасьля пачынаць зь ім вайну.

Аляксей Янукевіч, сябра Сойму БНФ: Я, як і любы чалавек, да вайны стаўлюся адмоўна. Але, разам з тым, калі ад Іраку можа зыходзіць небясьпека заходняй цывілізацыі, я падтрымліваю пазыцыі ЗША і Вялікабрытаніі. Хаваючы інфармацыю пра выраб хімічнай зброі, Ірак не пакідае шанцаў на мірнае ўрэгуляваньне.

Алена Скрыган, намесьніца старшыні ПКБ: Я супраць гэтай вайны не таму, што падтрымліваю рэжым Хусэйна. Мне шкада людзей, якія залежаць ад волі лёсу. Акрамя таго, вайна — гэта і экалягічная катастрофа. Мы бачылі, што было пасьля «Буры ў пустыні», цяпер жа будзе яшчэ горш.

Анатоль Лябедзька, кіраўнік АГП: Мяне больш хвалююць не такія глябальныя праблемы, а сытуацыя ў Беларусі. Што датычыць канфлікту ў Іраку, то міжнародная супольнасьць спрабуе вырашыць праблему палітычнага рэжыму, які там існуе. Я б ні за якія грошы не паляцеў бы туды на самалёце, як некаторыя прадстаўнікі Беларусі, якія хочуць абараніць Ірак ад бамбёжак.

Галіна Сямдзянава, намесьніца старшыні БНФ: Я да любых ваенных дзеяньняў стаўлюся адмоўна. Канфлікты трэба вырашаць мірным шляхам.

СЁ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0