Нядаўна на канале АНТ стартаваў новы праект — ток-шоў «Выбар». Адным зь ягоных сюрпрызаў было тое, што ў якасьці вядучага выступіў палітоляг Уладзімер Мацкевіч. Сябар апазыцыйнае партыі кіруе тэлепраграмай. Яшчэ перад прэзыдэнцкімі выбарамі ён даказваў у «НН», што галасаваць трэба ня супраць усіх, а за Ганчарыка. Чаму ён пайшоў працаваць на АНТ? Ці гэта прыкмета лібэралізацыі? Гутарка з У.Мацкевічам.
Уладзімер Мацкевіч: З тэлебачаньнем я пачаў працаваць яшчэ падчас падрыхтоўкі перадачы Паўла Шарамета «Праспэкт». Потым былі іншыя праекты. Няблага разумеюся ў гэтай справе. Хочацца зрабіць добрую перадачу, ад якой была б карысьць і якая мела б сэнс. Таму, калі зьявілася прапанова весьці ток-шоў, я пагадзіўся. Мне пасуе быць першапраходцам. Праца для мяне вельмі цікавая, але й няпростая. У гэта цяжка паверыць, але факт: мы ня ўмеем размаўляць, крытыкаваць, займаць пазыцыю. Так цяжка зь людзьмі, якіх запрашаеш на перадачу!..«НН»: Як сябры і знаёмыя паставіліся да Вашага зьяўленьня на АНТ?
У.М.: Сябры цалкам нармалёва, а знаёмых у мяне шмат, і тут даводзілася чуць рознае. Некаторыя кажуць: «Даўно ведалі, што ты — гэбіст…»
«НН»: Ці будзеце Вы цяпер зьяўляцца ў апазыцыйным друку?
У.М.: За апошнія гады я цалкам адышоў ад актыўнае палітыкі.
«НН»: Вы захавалі сяброўства ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі?
У.М.: Так, але я выйшаў зь яе кіроўных органаў.
«НН»: Тэмы для перадачаў выбіраеце самі ці працуе каманда?
У.М.: У мяне ёсьць каманда, але яна «цякучая». Я — кіраўнік праекту, але не ўладальнік — ні каналу, ні грошай. Я многае павінен узгадняць. Трэба ўлічваць і палітыку каналу.
«НН»: Паводле нашых зьвестак, адна з падрыхтаваных перадачаў ток-шоў «Выбар» не пайшла ў этэр…
У.М.: Каб жа адна! Болей.
«НН»: А зь якой прычыны?
У.М.: З розных. Напрыклад, першыя праграмы, якія мы здымалі пры канцы мінулага году: нешта з напрацаванага «выгарала», а рабіць гэта бязь нейкага натхненьня не атрымліваецца. Прыйдзе час, мы да іх вернемся. Адна перадача ня выйшла, бо мы яе «замарозілі», адклалі. Але і яна зьявіцца.
«НН»: Перадачы ідуць у запісе?
У.М.: Мне не хацелася б распавядаць пра тэлевізійную кухню. Дакладна гарантую, што галасаваньне ідзе ў рэальным часе, як кажуць, «у жывым этэры», у панядзелкі. А ў нядзелі, зразумела, паўтор.
«НН»: Ці сапраўды ў «Выбар» тэлефануюць тысячы людзей?
У.М.: Так. Гэта можна праверыць, бо зьвесткі ёсьць на сайце «Белтэлекаму».
«НН»: Вы новы чалавек на АНТ. Вам падабаецца атмасфэра, якая там пануе? Там насамрэч робіцца новае беларускае тэлебачаньне?
У.М.: Так. Супрацоўнікі АНТ імкнуцца стварыць прафэсійны канал. Хоць усе разумныя людзі і ўлічваюць умовы, у якіх мы працуем.
Гутарыў С.Ё.