Афіцыйны Менск паспрабуе скарыстаць раскол між заходнімі саюзьнікамі для сваёй далейшай легітымізацыі.

Як у Беларусі мясцовыя выбары, дык Амэрыка абавязкова некага бомбіць бяз санкцыі ААН. Проста насланьнё! Мінулы раз — Косава, цяпер — Ірак. Тады справа скончылася аддзяленьнем Косава і арыштам Мілошавіча. Штосьці гэткае будзе і цяпер. Калі пачнецца. Бо ніколі яшчэ ЗША не сутыкаліся з такім зацятым супрацівам хаўрусьнікаў па NATO.

60-гадовы паўночнаатлянтычны маналіт раскалоўся. Французы ўспомнілі, што яны пацыфісты. Рамсфэльд даў жару старой Эўропе, неасьцярожна паставіўшы ёй у прыклад Эўропу «новую».

Амэрыканская прэса — зь ім. Калі б Амэрыкі не існавала, а Францыя заўжды паводзіла сябе так, як цяпер, дык сёньня эўрапейцы размаўлялі б па-расейску ці па-нямецку, іранізуе камэнтатар «Нью-Ёрк Таймз». А калі б сяброў Рады Бясьпекі выбіралі, як каманду зорак NBA, ён прагаласаваў бы не за Францыю, а за Індыю. Бо калі Індыі ўсё адно, што стане з Іракам, дык, у адрозьненьне ад Францыі, яна хоць гэтага не хавае.

Журналіст б’е па самым слабым месцы праціўнікаў вайны. Сапраўды, слаба верыцца ў ідэалізм немцаў ці пацыфізм французаў. У аналягічнай сытуацыі ў Косаве, калі з пункту гледжаньня міжнароднага права ўмяшаньне таксама выглядала сумнеўным, яны пераконвалі Клінтана не марудзіць. Эўропа баялася хвалі ўцекачоў з Косава.

Народы выступаюць супраць праліцьця крыві шчыра. А большасьць палітыкаў — крывадушна. Насамрэч яны ня маюць нічога супраць працягу палітыкі іншымі сродкамі — вайсковымі ці паліцыйнымі. Выступаючы супраць вайны, яны проста выступаюць супраць Амэрыкі. Бо на антыамэрыканізьме, як і на любой зайздрасьці — напрыклад да багатых, — можна зарабляць палітычны капітал.

Падчас косаўскага крызысу было проста. Лукашэнкаўцы абапіраліся на Маскву і прадугадвалі яе пазыцыю. Нацыянальны рух, што атаясамлівае Беларусь з Захадам, падтрымліваў пазыцыю Захаду, нягледзячы на пачуцьцё славянскае і праваслаўнае салідарнасьці. А цяпер які з Захадаў падтрымаць?

Беларускія праціўнікі вайны і прыхільнікі ЗША грунтуюцца на адных маральных вартасьцях. Толькі высновы ў іх розьняцца.

Для адных вайна ў Іраку будзе проста вайной. Для другіх вайна ў Іраку будзе вайной супраць таталітарнай дыктатуры. І ў другім выпадку краіна, якая зьведала сталіншчыну і гітлерызм, ня можа не падтрымаць вайны з Садамам.

Існуе сотня прычынаў, каб давяраць у гэтай сытуацыі ЗША і інтуіцыі амэрыканскіх дыпляматаў. Тым больш што Штаты — сусед нашага суседа.

У выпадку перамогі ў Іраку Захад умацуецца. І Беларусь разам зь ім, як частка Захаду. Урэшце, да падтрымкі ЗША схіляе той факт, што на баку Амэрыкі выступілі ўсе краіны Цэнтральнае і Ўсходняе Эўропы, заціснутае між Нямеччынай і Расеяй, усе — ад Эстоніі да Славеніі. (Можна гаварыць пра поўнае фіяска нямецкае ўсходняе палітыкі.)

Беларуская дыпляматыя выбрала пазыцыю салідарнасьці з Іракам, выказаў яе асабіста кіраўнік дзяржавы. Толькі гэткая адкрытая салідарнасьць можа зашкодзіць дыпляматычнай актыўнасьці на эўрапейскім полі. Разумнае стаўленьне да змаганьня ЗША зь Нямеччынай і Расеяй за ўплыў на Ўсходнюю Эўропу магло б паспрыяць легітымізацыі цяперашняй улады. Але ўсё ж праціўнікаў ЗША ў Эўразьвязе меншасьць. Таму невядома, ці дасьць беларуская тактыка плён.

Барыс Тумар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0