14.02.2003 / 13:00

ЭКАНАМІЧНАЯ ХРОНІКА

14 лютага

Нафтахімія на продаж

Міністэрства эканомікі патлумачыла, як будуць прадаваць акцыі беларускай нафтахіміі. З малатка пойдзе 43,27% статутнага фонду «Нафтану» (пачатковая цана 476 млн. даляраў), 43,19% (311 млн.) — «Паліміру», 43,08% (293 млн.) — «Азоту», 43,66% (71 млн.) — «Хімвалакна». На продаж будуць штогод выстаўляць па 10% акцыяў. Уладальнік «пакеціка» будзе мець права набыць наступны толькі пасьля таго, як расшчодрыцца на немалыя інвэстыцыі. Cёлета патэнцыйны пакупнік мусіць укласьці ў «Нафтан» 59,8 млн. даляраў, у «Палімір» — 23 млн., у «Азот» — 24,1 млн., у «Хімвалакно» — 6,6 млн. Першы аўкцыён адбудзецца ў сакавіку-красавіку. Умовы дужа нявыгадныя, таму верагодны «слаўнафтаўскі» варыянт: байкот аўкцыёну з мэтай зьбіць пачатковы кошт.

«Белтрансгаз» акцыянуюць

Да 1 красавіка «Белтрансгаз» ператвораць у акцыянэрнае таварыства. Урад ацаніў яго асноўныя фонды ў 600 млрд. рублёў, газаразьмеркавальныя станцыі — у 29 млрд., падземныя газасховішчы — у 56 млрд. Акцыянаваньня дамогся «Газпром», перакрыўшы летась Беларусі газавы вэнтыль. Пакуль «Белтрансгаз» заставаўся рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам, «Газпром» ня мог яго набыць.

«Менск» чатырохтактавы

Менскае ААТ «Мотавэля» выпусьціла першую партыю матацыклаў з чатырохтактавым рухавіком і электрастартэрам. Яго магутнасьць — 10 к.с., аб’ём — 125 куб. см. На 100 км ён «зьядае» 3,5 літра бэнзыну (АІ-92 ці АІ-93). Максымальная хуткасьць такога «жалезнага каня» — 85 км/г. Рухавікі для першай партыі закупленыя ў Кітаі, але з часам завод пачне рабіць свае.

Новыя матацыклы прасьцей будзе прадаваць за мяжу, бо двухтактавыя рухавікі, якія стаяць на ранейшай прадукцыі «Мотавэля», забароненыя ў многіх краінах Эўропы. Экспартаваць плянуецца палову новых матацыклаў. Другую будуць прадаваць тут. Завадзкая цана кожнага — 450 даляраў.

Выручку — у абменьнік

Цяпер, каб набыць валюту ў абменным пункце, можна будзе замест пашпарту паказваць любы дакумэнт, які ўтрымлівае пашпартныя зьвесткі — хоць даведку з органаў унутраных справаў. А яшчэ «абменьнікі» ператворацца ў стацыянарных інкасатараў: Нацбанк дазволіў ім прымаць выручку прадпрымальнікаў у рублях.

Мабільнай вайны ня будзе

Зьяўленьне новага стандарту сотавай сувязі cdma2000 ад «БелСел» суправаджаецца скандалам. 5 лютага першы беларускі мабільны апэратар «МЦС» («Velcom») заблякаваў званкі на свае тэлефоны з апаратаў, падлучаных да «БелСелу». 12 лютага апэратары дамовіліся. «МЦС» паведаміла пра тарыфы на новую паслугу. Хвіліна размовы з гаспадаром «белселаўскага» мабільніка на тарыфных плянах «Velcom Cтандарт» і «Velcom Бізнэс+» будзе каштаваць адпаведна: у працоўны час — 340 і 255 руб., уначы — 195 і 145 руб., у іншы час — 305 і 230 руб.

Нацбанк прадае акцыі

Нацбанк прадасьць з аўкцыёну акцыі камэрцыйных банкаў «Пошук», «Белзьнешэканамбанк», «Міжгандальбанк». Банкі губляюць асноўнага акцыянэра. Нацбанк трымаў 91,5% акцыяў «Пошуку», 27,3% — «Белзьнешэканамбанку» ды 41,03% — «Міжгандальбанку». Паводле Канцэпцыі разьвіцьця банкаўскай сыстэмы на 2001—2010 г., дзяржава паступова выводзіцца зь ліку акцыянэраў асобных камэрцыйных банкаў.

АК

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру