Як выйшла, што ў нашай асобна ўзятай краіне пэўная колькасьць насельніцтва ўпарта не зважае на існаваньне беларускае мовы? Як здарылася, што яна (гэтая пэўная колькасьць) лічыць (процьму ўжо гадоў) нашую мову калгаснай, грубай, каструбаватай? Яна (гэтая колькасьць) стварыла сабе зручную легенду: «па-беларуску правільна размаўляць ніхто ня ўмее».

ФОТА УЛАДЗІМЕРА СКАМАРОШЧАНКІ
ФОТА УЛАДЗІМЕРА СКАМАРОШЧАНКІ
З гэтым ты сутыкаешся, гаворачы з так званым «простым людам» на вуліцы, у мэтро, у таксоўцы. Маўляў, ты гаворыш непісьменна, бо пісьменна па-беларуску гаварыць ніхто ня здольны. І толькі ў якой бяседзе раптам малазнаёмыя людзі (зазвычай жанчыны) заўважаюць: «Вось малады чалавек вельмі прыгожа размаўляе па-беларуску». Гэта зазначаецца зьдзіўлена й узьнёсла. Далей ідзе доўгая, нецікавая табе сто ці болей гадоў гутарка пра родную нашую матчыну мову, карані, гаротную нашу зямельку й цябе-малайца, які шануе й захоўвае, дый наагул робіць блізкі да гераізму ўчынак.

Як ім растлумачыць, што за доўгія гады карыстаньня гэтай моваю табе папросту значна лягчэй выказваць ёю свае думкі й пачуцьці, чымся нейкай іншай. Раней на пытаньні, чаму гаворыш па-беларуску, ты пачынаў доўгія тлумачальныя прамовы. Суразмоўца не скараўся, завязвалася бязглуздая дыскусія, у якой нараджалася ня ісьціна, а ўзаемнае непрыманьне. Цяпер жа ты гаворыш: «Таму што я — беларускі літаратар». Пытаньні зьнятыя. Бо народ памятае яшчэ эпоху, калі была эліта — паэты зь пісьменьнікамі — і ім дазвалялася размаўляць па-тутэйшаму. Іх паважалі. Хоць і не разумелі.

Як здарылася, што беларускі асяродак пераўтварыўся ў кола эмігрантаў у сваёй роднай краіне? Гаворачы па беларуску паўсюль — ва ўсіх момантах свайго звычайнага жыцьця, гэтыя людзі (ну, ня ўсе, натуральна, але большасьць) замкнуліся на сваёй асобе, у лепшым выпадку на сваёй сям’і, на кантактах з сама болей двума дзясяткамі аналягічных асобаў. Не, у гэтым коле ідзе сваё жыцьцё, выдаюцца кнігі, газэты, ёсьць свая музыка, свае навучальныя ўстановы… Усяго гэтага вельмі мала. Як у нацменшасьці. Адсюль — злосьць, агрэсіўнасьць, расчараваньне, няспраўджанасьць у жыцьці. Чалавек, што выходзіць за межы кола, ідзе ў бізнэс, дзяржаўныя структуры, рэдка вяртаецца назад. Дый наўрад ці яго прымуць.

«Нацменшасьць» пагарджае «простым народам», што выракся каранёў, плюе на сваю мову, звычаі, традыцыі, культуру. «Просты» ж народ пагарджае імі — «зацыкленымі», кепска апранутымі, вечнымі студэнтамі, зь іхнымі агрэсіўнымі прамовамі, нікому не зразумелымі, і бунтарскім агнём у вачох (вар’яты!).

Чаму ніхто ня робіць кроку насустрач свайму народу? Чаму энэргія ідзе даастачы на сваркі, на міжсобныя й усялякія іншыя разборкі? Чаму ўсё болей ворагаў сярод сваіх, а на чужых ужо не стае часу? Як здарылася, што асобы нашых лідэраў сталіся дробнымі ды адыёзнымі? Чаму іх ніхто не ўспрымае?

Варта было на хвіліну разысьціся з Масквой, як усе загулі: «Вось нарэшце ён нешта пачынае разумець, ён мяняецца да лепшага, бо ж лепей свае нягеглыя, чымся чужыя — якія яны там ні ёсьць! Хутка ўсё памяняецца».

Нічога ня зьменіцца. Ніхто нічога не пачынае разумець, бо ўсе ўсё даўно вырашылі дачынна кірункаў, вэктараў і аўры сваёй дзейнасьці. Зразумейце: калі ва ўладзе будуць тыя самыя людзі, дык будзе ўсё тое самае — гіпэртрафаваная дружба з Масквой, палацы рэспублік, лядовыя палацы, спорт і рэспубліканскія сьвяты з шашлыкамі й гарэлкаю.

Ты выходзіш на шырокую аўдыторыю, мільгаеш у тэлевізіі, штосьці гаворыш па радыё… Цяпер цябе слухаюць, ты можаш пра нешта гаварыць «нібыта кампэтэнтна», накідаць сваё меркаваньне. А твае меркаваньні, напрамкі твае дзейнасьці й твая ўнутраная аснова за гэтыя гады гэтаксама не зьмяніліся, як не зьмянілася нічога й у адказных высокіх дзяржаўных асобаў. Чаму ж твае былыя аднадумцы так кепска да гэтага ставяцца? Чаму яны лічаць, што ты прадаўся, «апапсеў», ужо зусім ня той, што раней? Таму што ты цяпер належыш ня толькі іхнаму вузкаму колу. Але ж вы калісьці разам імкнуліся да гэтага — выйсьці на шырэйшае кола, на агульнабеларускую прастору, каб вас нарэшце пачула як мага болей людзей! Што ж здарылася? Чаму тое, што ў палякаў пачалося зь перамогаю, у нас цягнецца пад прыгнётам, і вядуцца дзьве вайны: з чужынцамі й сваімі — паралельна. А з таго палкі замучаныя дашчэнту, сядзяць у акопах, брудныя, вашывыя й галодныя. Арыенціры страчаныя (ня тое, што ў кіраўнікоў дзяржавы); з чаго пачыналася вайна, ніхто ня памятае; ідэалы згубілі свой бляск — адно роспач і злосьць. «Мы не вінаваты, вінаваты яны, вінавата сытуацыя, вінавата кіраўніцтва, кепскае надвор’е й беларускі народ».

Ніхто ня любіць народу: ён і «тупы», і «дурны», і «шэрая маса». Таму й народ нікога ня любіць. З тых, хто ня любіць яго. А дзяржава яго любіць. Яна яго ўхваляе, гаворыць, што ён — самы лепшы ў сьвеце й усё ў нас тут вырашае: як ён скажа, так і будзе. Бо народ — працавіты, памяркоўны, гасьцінны, гаспадарлівы. Народ-працаўнік. Таму народ любіць дзяржаву пад чырвона-зялёнымі сьцягамі. Нейкага прадстаўніка народу — раз! — і пасадзілі. Надоўга. Бо краў (злоўжываў, перавышаў паўнамоцтвы, парушаў…). Народу й гэта даспадобы. Народ думае: дзяржава ў нас моцная, калі-нікалі й пакараць можа. Так і мусіць быць. Пры тым, што бальшыня таго народу крадзе, парушае й злоўжывае. Сада-маза? Затое ёсьць пачуцьці.

Нікога ты не пераканаеш. Усе даўно перакананы. Кожны мае свой стрыжань, і стрыжань гэты ва ўсіх розны — злосьць, роспач, хітрасьць, любоў… Дык чаму ты пішаш пра ўсё гэта? Ведаеш, чаму? Таму што ты — беларускі літаратар.

«Наша Ніва» / Радыё «Рацыя»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0