14 лютага

Сьвяточны шпацыр

Тыя, хто сумяшчае каханьне з чытаньнем, могуць на Дзень сьвятога Валянціна наведаць выставу «Кніга бязь межаў» у бібліятэцы НАН (вул. Сурганава, 15). Выдатная магчымасьць пакапацца ў пэрыёдыцы, што рассылаецца па сетцы Міжнароднага кнігаабмену, пабачыць навінкі беларускіх выдавецтваў. Багата там польскай навуковай літаратуры, прысьвечанай досьведу эканамічных рэформаў. Так што і сяму-таму з ураду карысна было б зайсьці.

Не зацікавіць — ад плошчы Якуба Коласа а 17-й пачнецца сьвяточнае шэсьце «Маладога фронту». Пасольствы гэтым разам абыходзіць ня будуць — пакіруюцца на «карнавальны мітынг» да Опэрнага. Што вельмі дарэчы, бо ўвечары там даюць «Трубадура» Джузэпэ Вэрдзі. Калі ж квіткі (да сямі тысячаў) будуць не па кішэні, суцешце свайго каханага(ую) тым, што запросіце 19-га на «Рыгалета» таго самага Вэрдзі. Там таньней.

Калі й туды квіткі пададуцца задарагімі — проста шлях вам на плошчу Бангалор, дзе а 16.30 пачнецца традыцыйная акцыя Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай пад лёзунгам «Заробак — на ўзровень цэнаў!» Пацыфісты могуць застацца ў парку Дружбы народаў да наступнага дня, на які Леанід Козік заплянаваў акцыю пратэсту супраць вайны з Іракам і дабрачынны канцэрт з удзелам беларускіх выканаўцаў. Але Фінберга там ня будзе. 14-га ён з сваім аркестрам выступіць у Смалявічах. Будзе жаданьне паслухаць гітару Сяргея Анцішына — прыходзьце!

А жыхары Кастрычніцкага раёну сталіцы, якім не захочацца 14-га нікуды йсьці, могуць патэлефанаваць у родную адміністрацыю, што ладзіць простую тэлефонную лінію. Нумары — 216-13-60 (аддзел занятасьці) і 231-71-17 (адзел жыльлёвае палітыкі).

Фэст дакумэнтальнага кіно

Фэст дакумэнтальнага кіно «Адзін сьвет» будзе складацца з 10 фільмаў. Працоўная формула фэсту — гадзіна кіно плюс 40 хвілінаў дыскусіі. Фільмы асьвятляюць падзеі ў «гарачых кропках» («Галасы з Востраву свабоды», «Тыбэт — страчаныя людзі») і апавядаюць пра дзейнасьць арганізацыяў кшталту «Greenpeace». Фільмы будуць дэманстравацца ва Ўправе БНФ (Варвашэні, 8) ад 19 лютага да 1 сакавіка штодня, апроч нядзелі. Пачатак а 18-й. Уваход вольны.

У тэатры Мазынскага прэм’ера

21 і 22 лютага тэатар «Вольная сцэна» і рэжысэр Валеры Мазынскі запрашае ўсіх ахвотных на прэм’еру спэктаклю «Водбліск далёкай маланкі». Спэктаклі адбудуцца ў Доме вэтэранаў (вул.Янкі Купалы, 21). Пачатак а 19-й. Квіткі каштуюць 3—5 тыс. рублёў.

Барокавая музыка

19 лютага ў Доме вэтэранаў (вул.Янкі Купалы, 21) выступіць баранавіцкі гурт «Кантраданс». У праграме — «Полацкі сшытак» (музыка Рэнэсансу і Барока). Таксама ў час канцэрту можна будзе пачуць лютневую музыку ў выкананьні Юр’я Дубнавіцкага зь Пінску. Пачатак у 19.00. Кошт квітка 4000.

Гардкор у «Рэактары»

20 лютага ў клюбе «Рэактар» (вул.Харужай, 29) адбудзецца фэст «HARDCOREманія: чаду!» з удзелам гуртоў «Zet», «Лялькі», «Partyzone». Кошт квітка 5500 (танцпол), 7000 (за столікам). Пачатак а 19-й.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0