14 лютага
Гісторыя Беларусі ў эўрапейскім кантэксьце: Матэрыялы гістар. сэмінараў, якія адбыліся ў Менскім міжнар. адукац. цэнтры ў 2001 г./ Уклад. В.Астрога, У.Калаткоў; Пад рэд. Н.Стужынскай.— Менск: Адукацыя і выхаваньне, 2002. — 184 с.
Матэрыялы зборніка тычацца малавядомых старонак нашай мінуўшчыны ды скіраваныя на адлюстраваньне беларускіх падзеяў у сьвятле агульнаэўрапейскай гісторыі. Сярод узьнятых тэмаў — канфэсіі ў Беларусі ад часоў Вялікага Княства да сёньня, узаемаадносіны Беларусі й Літвы ў 1918—24 г., Беларусь у пэрыяд таталітарызму ды іншыя. Знайсьці зборнік можна ў «Акадэмкнізе». Наклад абмежаваны.
Марачкін А. Алесь Mara: Аўтаманаграфія. — Менск, 2002.
Гэты альбом — арыгінальны літаратурна-мастацкі праект, ці, паводле азначэньня самога аўтара, «АРТ-раскоп». Побач з рэпрадукцыямі твораў Аляксея Марачкіна тут зьмяшчаюцца ягоныя вершы, дзёньнікавыя запісы, старыя й новыя сямейныя здымкі, матэрыялы з архіву мастака. Альбом вызначаецца якаснай паліграфіяй. Наклад 290 асобнікаў. Пабачыць «Аўтаманаграфію» можна на кніжнай выставе ў сядзібе ТБМ.
Панчанка П. Жытнёвы звон: Выбранае / Уклад. З.Панчанкі. — Менск: Мастацкая літаратура, 2002. — 335 с.
У чарговай кнізе з сэрыі «Беларуская паэзія ХХ ст.» сабраныя творы Пімена Панчанкі. У зборнік увайшлі вершы з кніг «Пры сьвятле маланак», «Дзе начуе жаваранак», «Маўклівая малітва», «Крык сойкі», «Вячэрні цягнік», а таксама творы ваеннага часу. Цана — каля 5000 руб.
Плыткевіч С. Беларуская экзотыка — Belarusian Exotics: Фотаальбом. — Менск: Рыф тур, 2002. — 160 с.: іл.
Выданьне для тых, хто ўмее зьдзіўляцца й бачыць незвычайнае ў штодзённым. Аўтар падарожнічаў па Беларусі, наведаў Белавескую пушчу, Браслаўскі ды Нарачанскі нацыянальныя паркі, Бярэзінскі запаведнік, а таксама многія беларускія мястэчкі й вёскі. Фатаздымкі, сабраныя ў альбоме, — арыгінальны мастацкі погляд на сучасную беларускую рэчаіснасьць, у якой перапляліся бляск і мізэрнасьць. Выданьне можна прыдбаць ва ўсіх буйных менскіх кнігарнях. Цана — 22000 руб.
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. / Перакл. на суч. бел. мову А.Шагун. — Менск: Беларусь, 2002. — 257 с.: іл.
Нарэшце дзеля таго, каб пазнаёміцца са славутым помнікам нацыянальнай юрыдычнай думкі ХVІ ст., ня трэба расшукваць факсымільнае выданьне ды вывучаць асаблівасьці старажытнабеларускае мовы. Накладам 2000 асобнікаў, з разьлікам найперш на чытача-неспэцыяліста выйшаў поўны пераклад Статуту на сучасную беларускую мову. Выданьне дапоўненае прадмоваю й адбіткамі асобных старонак з арыгіналу 1588 г. У кнігарні выдавецтва «Беларусь» (пераход ст.м. «Плошча перамогі») кніга каштуе блізу 5000 рублёў.
Сыракомля У. Вандроўкі па маіх былых ваколіцах: Успаміны, дасьледаваньні гісторыі, звычаяў. — Менск: Мастацкая літаратура, 2002. — 205 с.: іл.
Асобнаю кнігаю выйшлі нататкі Людвіка Кандратовіча пра Менск, Мір, Нясьвіж, Стоўпцы, Койданава. Гэтая каштоўная краязнаўчая крыніца пераносіць чытача ў Беларусь сярэдзіны ХІХ ст. Упершыню частка Сыракомлевых запісаў друкавалася па-беларуску ў 1993 г. у зборніку ягоных твораў «Добрыя весьці».
Цітоў А. Менск — горад майстроў: Рамесныя цэхі ХVІ—ХVІІІ ст. — Менск: Беларусь, 2002. — 110 с.: іл.
Кніга асьвятляе цікавую й да сёньня маладасьледаваную старонку гісторыі Менску. У форме нарысаў аўтар распавядае пра дзейнасьць рамесных брацтваў-цэхаў — ткачоў, краўцоў, шаўцоў і г.д. Асобныя разьдзелы прысьвечаныя гісторыі першых менскіх мэдычных установаў.
Тацяна Вабішчэвіч