Выйшла ў сьвет беларускамоўнае выданьне кнігі прэзыдэнта Туркменіі Сапармурата Ніязава «Рухнама» («Духоўнасьць»).

Беларускае выданьне — ня першае ў шэрагу перакладных. У верасьні 2002 г. адбылася прэзэнтацыя «Рухнамы» па-расейску. Апроч таго, кніга выйшла па-турэцку, па-ангельску (ёю займаліся навукоўцы з Кембрыджу), па-японску, па-арабску, на фарсі. Асобнае выданьне выйшла па-туркменску, але арабіцай. Увадначас зь беларускім перакладам пачалася праца над польскім, украінскім, кітайскім і нямецкім перакладамі.

Мала таго, што «Рухнама» лічыцца ў Туркменіі другой кнігай пасьля Кур’ану, — ейны продаж яшчэ і не абкладаецца падаткамі. Пры гэтым цану кнігі Туркменбашы прызначыў сам — 50 тыс. манатаў (9,5 даляра ЗША, паводле афіцыйнага курсу).

Дзяржаўны піетэт да гэтага твору ў Туркменіі настолькі вялікі, што нават верасень — месяц, калі была скончаная «Рухнама», — пераназваны ў ейны гонар. У гонар гэтага твору будзе пабудаваная бібліятэка «Рухнама» зь некалькіх будынкаў. Адзін зь іх будзе цэнтральным, і там мусіць захоўвацца толькі адна кніга — сама «Рухнама». Туркменбашы атрымаў за напісаньне кнігі найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду — «Залаты паўмесяц». Гэта пятая ягоная найвышэйшая ўзнагарода.

Пераклалі кнігу на беларускую мову Мікалай Сільчанка, Анатоль Бутэвіч, Анатоль Кудравец, Леанід Дранько-Майсюк. Не з арыгіналу.

Твор Туркменбашы — рэдкі вынятак на беларускім кніжным даляглядзе. Кнігі адыёзных замежных палітычных дзеячоў у нас зазвычай зьяўляюцца па-расейску. На кніжным кірмашы ў Менску можна купіць за 20 даляраў нават «Майн кампф». Адзіная беларускамоўная папярэдніца «Рухнамы» — «Зялёная кніга» Муамара Кадафі.

АШ

З жыцьця ня выкрасьліць

Валянцін Тарас, віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтруічога. ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Валянцін Тарас, віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтруічога. ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
50 гадоў назад, у сакавіцкія дні 1953-га, калі памёр Сталін, я, тады студэнт БДУ, прысьвяціў памяці Сталіна ўсхваляваны верш, які быў надрукаваны ва ўнівэрсытэцкай шматтыражцы «За сталінскія кадры». Празь дзесяцігодзьдзі, ужо на пачатку 90-х, калі ў Беларусі разгараўся адраджэнскі, дэмакратычны рух, да якога без ваганьняў далучыўся і я, мне пра той верш неаднойчы напомнілі «непахісныя сталіністы», каб абвінаваціць у беспрынцыповасьці, крывадушнасьці, у здрадзе «сьветлым ідэалам» сваёй маладосьці. Атаясамілі юнака — аўтара таго вершу — са сталым чалавекам, які прыйшоў да новых сваіх перакананьняў шляхам пакут сэрца і розуму, праз гады балючага разбурэньня лжывых ілюзій і догмаў, што ўцямяшаныя былі ў галаву ледзь не зь пялюх. Я і ня думаў апраўдвацца. Што тут апраўдвацца? І перад кім? Перад «вечна ўчорашнімі»? Ім даказваць, што ты ня малпа, каб не мяняцца, не бервяно, здольнае толькі гніць? І ўсё ж, калі напомнілі мне пра той верш, было такое адчуваньне, нібы мяне тыцнулі ў яго носам, як шчанюка ў ягонае гаўно на падлозе…

Зноў згадалася пра тое гэтымі днямі, калі даведаўся, што ў нас, у Менску, выдадзена на беларускай мове кніга прэзыдэнта Туркменістану. А перакладчыкі яе — вядомыя літаратары. Не наіўныя юнакі — сталыя людзі. І, здавалася, дэмакратычных поглядаў, ніяк не прыхільнікі дэспатычных таталітарных рэжымаў, дзе б тыя рэжымы ні існавалі. Здавалася…

Балюча, горка ўжываць у дачыненьні да іх гэтае слова. Але даводзіцца.

…Ці можа хто-небудзь назваць імя хоць аднаго вядомага пісьменьніка, які ў свой час пераклаў на сваю родную мову «Майн кампф» Адольфа Гітлера? Ніхто не назаве. Бо «біблію» Адольфа перакладалі толькі нікому не вядомыя рамесьнікі. Таму мне цікава, што прымусіла беларускіх перакладчыкаў «Рухнамы» закрыць вочы на асобу яе аўтара? Няўжо грошы? Такія грошы — пахнуць, і вельмі гідка.

Думаю, што ўсё-такі ня варта было людзям сталага, мудрага веку пляміць свой талент абдымкамі з Туркменбашы. Бо рана ці позна будзе за гэта сорамна. Як было сорамна мне нават за юначы мой, несьвядомы грэх галашэньня над труной ката. З жыцьця ня выкрасьліць нічога.

Валянцін Тарас, віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтруічога

Адказ Анатоля Кудраўца

Анатоль Кудравец. ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Анатоль Кудравец. ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
На старонках «Рухнамы» можна было б зьвярнуць увагу на пэўныя радкі. Дапусьцім, такія: «Нацыя, як і чалавек, мае плоць, сэрца і розум. Яе плоць — нацыянальная культура, яе сэрца — мова і музыка, яе розум — сьвядомасьць і філязофія народу» або «Некаторыя і сёньня настальгуюць па нядаўнім мінулым, лічаць, што ў часы СССР жылося лепш. Але ж ты, туркмен, ледзь не канчаткова страціў сваю мову, бязь веданьня расейскай мовы цябе ня бралі ні на вучобу, ні на працу. Хіба можна лічыць вартым лад жыцьця, пры якім народ страчвае самае сьвятое — сваю мову, рэлігію, нацыянальную памяць?» Магчыма, у чалавека, які прачытаў «Рухнаму», узьнікла б жаданьне параўнаць словы кнігі з словамі лідэра іншай дзяржавы, сказаныя ім у час сустрэчы з студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі: «…Мы ня можам аддаць расейскую мову Расеі, бо ўклалі ў яе разьвіцьцё сваю душу. Гэта і наша мова».

Сытуацыя з выхадам «Рухнамы» па-беларуску мне трохі нагадвае эпізод з жыцьця партарганізацыі Саюзу пісьменьнікаў. Тады пры абмеркаваньні адзін зь вельмі актыўных літаратурных партыйцаў сказаў: «Я раману не чытаў, але лічу яго антысавецкім і шкодным».

Што датычыць асабіста майго ўдзелу ў перакладзе двух разьдзелаў кнігі, то я не шкадую. Іншае: калі б такая прапанова была зроблена мне пасьля таго, як стала вядома пра «замах» на прэзыдэнта Туркменістану і яго наступствы, рашэньне маё, безумоўна, было б іншае.

Анатоль Кудравец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0