Паспаборнічаць за 30 дэпутацкіх мандатаў у Аршанскі гарсавет вырашылі 97 кандыдатаў. 49 зь іх былі вылучаныя працоўнымі калектывамі, 28 — зборам подпісаў і 20 — мясцовымі арганізацыямі палітычных партый.

Канстанцін Анташкевіч — 1958 г.н., інжынэр-электроньнік на заводзе «Чырвоны змагар», сябра БСДП (НГ).
Канстанцін Анташкевіч — 1958 г.н., інжынэр-электроньнік на заводзе «Чырвоны змагар», сябра БСДП (НГ).
З розных падставаў гарадзкая камісія па выбарах адмовіла ў рэгістрацыі 6 прэтэндэнтам. У параўнаньні зь мінулымі выбарамі ў саветы сёлета назіраецца вялікая актыўнасьць партыйцаў. Больш за ўсіх кандыдатаў вылучыла БСДП (НГ) — 14. Сярод іх 5 — шляхам партыйнага вылучэньня, 2 — шляхам збору подпісаў, яшчэ 7 прадублявалі сваё вылучэньне і партыйным сьпісам, і зборам подпісаў. 8 кандыдатаў вылучыла мясцовая арганізацыя АГП, але зарэгістравалі толькі чатырох. Усе яны ішлі праз збор подпісаў. 3 кандыдаты мела ПКБ і 2 — ЛДПБ. У мінулыя выбары актыўнасьць гэтых партый у Воршы была большая.

Усе 49 кандыдатаў, вылучаных працоўнымі калектывамі, — гэта людзі ўлады. Сярод іх няма ніводнага партыйца, затое 8 прадастаўнікоў «Воршажылфонду». І хто гэта вырашыў вылучаць камунальшчыкаў, здаўна нелюбімых народам? Ці зь іх выбарамі ў гарсавет зьявіцца ў кватэрах цяпло ўзімку і гарачая вада ўлетку? Сумнеўна. Астатнія вылучэнцы ад улады — начальнікі ўсіх узроўняў. Пасьля рэгістрацыі на кожную акругу прыпадала ў сярэднім па тры кандыдатуры. Толькі дзьве былі безальтэрнатыўныя (на мінулых выбарах — 10).

Дзіна Барычэўская — 1971 г.н., музычная кіраўнічка ў ясьлях-садку № 36, студэнтка-завочніца Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры.
Дзіна Барычэўская — 1971 г.н., музычная кіраўнічка ў ясьлях-садку № 36, студэнтка-завочніца Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры.
Здавалася, сёлетнія выбары ў Воршы павінны быць напружанымі й цікавымі. Але не пасьпела «Аршанская газета» надрукаваць сьпіс кандыдатаў, як у камісію пасыпаліся заявы ахвотных зьняць кандыдатуры. На гэты момант адмовіліся ад барацьбы 30 чалавек. Сярод іх і тыя, каго вылучылі працоўныя калектывы (часам бязь іх згоды і жаданьня), сябры партыяў. Праз жорсткі прэсынг з боку ўлады й адміністрацыі адмовіліся камуніст Сяргей Шаўроў, начальнік аддзелу на піўзаводзе, дырэктарка СШ №3 Галіна Дашко ды іншыя. Ужо на 11 лютага дзесяць акругаў сталі безальтэрнатыўнымі, у адзінаццаці засталося па два кандыдаты, у сямі — па тры і ў дзьвюх —па чатыры.

Але ў кандыдатах засталіся найбольш упартыя і дасьведчаныя ў палітычнай барацьбе людзі. Сярод іх — сябра БСДП (НГ) настаўнік Сяргей Трафімаў. Яшчэ напярэдадні выбарчай кампаніі ён заўважыў парушэньні, зробленыя гарвыканкамам падчас фарміраваньня выбарчых участкаў. Для разгляду яго скаргі ў Воршу прыяжджалі прадстаўнікі Цэнтравыбаркаму. Як незалежны кандыдат балятуецца ў гарсавет старшыня Аршанскай ТБМ Юры Нагорны — дырэктар СШ №22, сябра незарэгістраванай АСДП. Сур’ёзную канкурэнцыю яму складзе завуч суседняй школы. Цікава, што акругаў, дзе будуць канкураваць настаўнікі, па горадзе некалькі. Мо таму, што на настаўнікаў лягчэй за ўсё ціснуць?

Зь цяперашняга складу гарсавету «слугамі народу» пажадалі застацца ўсяго 12 дэпутатаў, праўда, некаторыя зь іх балятуюцца па іншых акругах. Гарсавет, хоць быў цалкам намэнклятурны, але не «кішэнны» для вэртыкалі. Ходзяць чуткі, што яна жадала б бачыць у крэсьле старшыні гарсавету больш падатлівага чалавека.

[Трафимов.jpg "Сяргей Трафімаў"] З выбарамі ў Аршанскі райсавет карціна больш зразумелая. З 37 акруг 28 безальтэрнатыўныя і толькі ў 9 зарэгістраваныя па 2 кандыдаты. Сярод іх — вылучэнцы ПКБ і БСДП (НГ). Але ёсьць безальтэрнатыўныя акругі, дзе зарэгістраваныя сябры ПКБ. Праўда, іхняя апазыцыйнасьць невялікая, бо адзін — старшыня сельсавету, другі — аграном. Пераважная большасьць кандыдатаў — старшыні сельсаветаў ды калгасаў, дырэктары дзяржпрадпрыемстваў ды навучальных устаноў.

Нейкая інтрыга можа быць толькі ў дзьвюх акругах. У 1-й Высокаўскай балятуецца кіраўнік Аршанскага прадстаўніцтва БХК Васіль Берасьнеў. А ў Барздоўскай — настаўнік Валеры Пячонкін, былы дырэктар Барздоўскай школы-саду (пайшоў з пасады летась), стваральнік найлепшага ў краіне школьнага музэю «Гісторыя роднай вёскі». Ён вылучаны зборам подпісаў. Яго канкурэнтам стаў цяперашні дырэктар школы, старшыня Аршанскай арганізацыі аўганцаў Уладзімер Кузьмянкоў, якога вылучыў працоўны калектыў Аршанскай сельгасхіміі. За дэпутацкі мандат будуць змагацца начальнік і падначалены. Але Пячонкін здымаць сваю кандыдатуру не зьбіраецца. І калі вынікі галасаваньня не сфальсыфікуюць, Пячонкін лёгка стане дэпутатам, бо яго тут добра ведае кожны выбарнік.

За 8 дэпутацкіх мандатаў Віцебскага аблсавету выказалі жаданьне пазмагацца 22 кандыдаты, большасьць зь іх таксама кіраўнікі. Сярод вылучаных адзін камуніст-калякінец і тры сацыял-дэмакраты. Зарэгістраваны і кіраўнік мясцовай суполкі БСДП (НГ), індывідуальны прадпрымальнік Аляксандар Сталяроў. Ён ідзе па акрузе, дзе балятуюцца намесьнік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўленьня МНС Аляксандар Ліпатаў і дырэктарка школы-гімназіі №19 Натальля Кохава. Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што ў гэтай школе МНС мае кадэцкія клясы.

З заклікам байкатаваць выбары зьвярнулася да аршанцаў суполка КХП—БНФ. Лідэры іншых дэмакратычных партый (у горадзе няма нізавых структур Партыі БНФ, як, дарэчы, і КПБ) плянуюць заклікаць людзей не хадзіць на тыя «безальтэрнатыўныя» выбарчыя ўчасткі.

Складам будучыя саветы мо і ня будуць надта розьніцца ад цяперашніх. Мо ніводны з апазыцыйных кандыдатаў ня стане дэпутатам. Але плён ад выбарчай кампаніі будзе. Людзі даведаюцца пра існаваньне ў горадзе суполак дэмакратычных партый, дый інфармацыя, якую панясуць незалежныя кандыдаты выбаршчыкам, будзе розьніцца ад той, якой «корміць» афіцыйная прапаганда.

Яўген Жарнасек, Ворша

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0