Па Ташкенцкай выбарчай акрузе №5 зарэгістраваныя чатыры кандыдаты ў дэпутаты Менгарсавету. Двое ад палітычных партыяў: выкладчык Гуманітарнага ліцэю Аляксей Янукевіч, сябра БНФ (вылучаны зборам подпісаў), і інжынэрка Галіна Суворава — ЛДПБ. Працоўныя калектывы Менскага аўтазаводу і камандна-інжынэрнага інстытуту МНС вылучылі сваіх супрацоўнікаў Аляксандра Ажгірэя (таксама зборам подпісаў) і Ўладзімера Вераб’ёва адпаведна.

Я нарадзіўся тут

«Камітэт абароны Бацькаўшчыны «Вітаўт», блізкі да КХП-БНФ, у адной са сваіх улётак называе Аляксея Янукевіча «кадравым афіцэрам КДБ».
«Камітэт абароны Бацькаўшчыны «Вітаўт», блізкі да КХП-БНФ, у адной са сваіх улётак называе Аляксея Янукевіча «кадравым афіцэрам КДБ».
З маладым і амбітным палітыкам Аляксеем Янукевічам я пазнаёміўся праз праваабаронцу Алеся Бяляцкага. Сп.Алесь адмовіўся ад інтэрвію «НН» празь недахоп часу (сам ён ідзе па Куйбышаўскай акрузе), але прапанаваў іншы варыянт: «Пагутарце лепей зь Янукевічам, во ў каго файная кампанія». Янукевіч адрэагаваў адразу. «Наша Ніва»? Без пытаньняў. Давайце празь дзьве гадзіны — на сядзібе БНФ».

На Варвашэні, 8 заўсёды ветліва сустракаюць кожнага. Што праўда, гарбату прапануюць абраным — на ўсіх ня хопіць. Севярынец шпарка ходзіць па пакоях і вітае за руку ўсіх, каго бачыць; Вячорка стрымана ківае галавой толькі знаёмым; туды-сюды сноўдае моладзь, абмяркоўваючы спартовыя навіны, — карацей, увечары тут жыцьцё віруе.

Галоўным козырам сваёй выбарчай кампаніі Янукевіч лічыць «вялікую колькасьць сяброў». Нават на ўлётках Янукевіча побач з банальным «Чыжоўка будзе лепшай» стаіць лёзунг-выслоўе «Я нарадзіўся тут і буду жыць тут». Аляксей і сапраўды нарадзіўся й жыве ў сваёй Ташкенцкай акрузе, на вуліцы Ўбарэвіча. Ніводзін зь ягоных канкурэнтаў гэтым пахваліцца ня можа. Тут жывуць усе Аляксеевы аднакашнікі, многія ўжо маюць сем’і. Мусіць, таму даволі хутка за яго былі сабраныя ажно 503 подпісы (для рэгістрацыі патрэбна 150). «У маёй камандзе многа дзяўчат — а яны агітаваць умеюць!»

Арыентуецца Янукевіч на выбарніка 25—50 гадоў, чалавека адукаванага і сямейнага, хоць у сваёй праграме намагаецца закрануць усіх. Яе асноўныя тэзы: грошы з гарадзкога бюджэту павінны выдаткоўвацца толькі на ўсеагульныя патрэбы, крамы раёну мусяць быць забясьпечаныя таварамі, вуліцы — добра асьветленыя, школы ды паліклінікі — дагледжаныя.

Упэўненасьць і мэтанакіраванасьць Аляксея даспадобы ягоным суседзям. Адна кабета зь ягонага дому сказала мне: «Ён хоць і з БНФ, але талковы».

Ведалі Янукевіча і падлеткі, якіх я сустрэў блізу СШ №43 (яе ў 1993 г. скончыў кандыдат). «Варта піхаць ва ўсе гэтыя саветы і палаты маладых ды сваіх, мо весялей будзе», — кажуць яны з гэтым тыповым няўменьнем паглядзець суразмоўцу ў вочы.

Трэці раз за родны МАЗ

Яшчэ ў часе тэлефоннае гутаркі Аляксандар Ажгірэй — намесьнік дырэктара па зьнешнеэканамічных сувязях і адначасова дырэктар па сумеснай дзейнасьці Менскага аўтазаводу — сказаў, што асабліва на месца ў гарсавеце не прэтэндуе і можа аддаць тое «крэсла» хоць бы й Вераб’ёву — адзінаму з супернікаў, якога ён ведае.

Прыняў Ажгірэй мяне ў сваім кабінеце. На пытаньне, колькі ў нас часу на размову, «бос» кінуў: чым меней, тым лепей. Пасьля доўгае дыскусіі пра «апазыцыйную» прэсу, нарэшце ўдалося задаць пытаньне наконт выбараў. Але ніякай інфармацыі спадар Аляксандар даваць не зьбіраўся: «Ліпавая вашая ніва, а Янукевіч не сасьпеў на дэпутата яшчэ». Вось і пагутарылі...

Ажгірэй балятуецца трэці раз, дагэтуль не шанцавала. Галоўнае ягонае апірышча — працаўнікі МАЗу, што жывуць у Ташкенцкай акрузе. Паляпшэньне іх дабрабыту сп.Аляксандар лічыць сваёй галоўнай мэтай. Козыры Ажгірэя — вялікі досьвед і, як ён кажа, «падрыхтаванасьць». Некалі сп.Аляксандар працаваў старшынём дзяржпляну ў Менгарвыканкаме, таму добра ведае эканамічную сыстэму гораду.

Ажгірэй — кандыдат старой фармацыі. Гэткі тыповы чыноўнік, які многае недагаворвае, на пытаньні адказвае двухсэнсоўна і няпэўна, але заўсёды ведае, што робіць і што з гэтага выйдзе. Праграму ды іншыя перадвыбарныя матэрыялы кандыдат паказаць адмовіўся, сказаўшы пры гэтым, што цяпер для яго галоўная праблема — «каб завод ня стаў».

Эканамічныя падважнікі

У камандна-інжынэрным інстытуце МНС рэжым строгі. Каб дайсьці да кабінэту начальніка, трэба мінуць дзяжурнага, прахадную ды камандзіра, які ўважліва разгледзіць твае дакумэнты. Але засьпець Уладзімера Вераб’ёва на месцы не ўдалося. Працоўны графік у яго вельмі шчыльны, да таго ж інстытут аглядала дэлегацыя з Польшчы. Па тэлефоне спадар Уладзімер сказаў: «Вы толькі не падумайце, што я пазьбягаю сустрэчы, сапраўды гэты і наступны тыдзень будуць вельмі напружанымі». Наўзамен Вераб’ёў прапанаваў нават выслаць па мяне машыну, каб давезла на Машынабудаўнікоў, 25, дзе месьціцца інстытут. Ехаць другі раз на ўскраіну Менску вялікага жаданьня не было, таму цягам 30 хвілінаў мы гутарылі па тэлефоне.

«Можаце напісаць, што я самы стары кандыдат», — жартаваў Вераб’ёў. Яму 58 гадоў — на год старэйшы за Ажгірэя. Сп.Уладзімер служыў на Ціхаакіянскім флёце, працаваў у Акадэміі навук, пасьля — у пажарніцкім падразьдзяленьні. Інстытут ачольвае зь першага дня ягонага існаваньня. Доўгія гады «начальніцтва» яго не сапсавалі — на тактоўнасьць не забываецца. Адно толькі спытаў, ці не зьбіраюся я выкарыстаць яго для «рэклямаваньня» Янукевіча. Электаратам сваім Вераб’ёў лічыць бюджэтнікаў — настаўнікаў, дактароў і пэнсіянэраў. Ён спадзяецца, што здолее наладзіць хоць адрасную дапамогу тым, каму яна неабходная. Не забываецца начальнік і на моладзь: «У інстытуце мы ўжо адкрылі колькі спартовых сэкцый, дзе займаюцца падлеткі». Неабыякавы яму і выгляд раёну: «Вы паглядзіце на гэтыя дамы: «хрушчоўкі» ператварыліся ў «хрушчобы», а як пафарбаваныя шматпавярховікі...» Вераб’ёў зьбіраецца кантраляваць рамонтныя работы ў сваёй акрузе. Ён «абыдзецца без палітыкі» і будзе выкарыстоўваць у агітацыі дый у магчымай дэпутацкай дзейнасьці эканамічныя рычагі.

Парадак ва ўсім

Знайсьці кандыдатку ад ЛДПБ Галіну Сувораву было найскладаней. У штабе партыі тэлефон маўчыць, а працуе спадарыня Галіна за межамі Менску — інжынэркай на досьледна-мэханічным заводзе «Агратэхмаш». Але пагутарыць усё ж атрымалася. Галоўным чынам кандыдатку непакояць праблемы беспрацоўя, бо сама з гэтым некалі сутыкнулася: «Маладыя ня могуць уладкавацца, бо патрэбны стаж, а дасьведчаныя людзі ўжо лічацца старымі».

Невыканальных абяцаньняў выбарцам даваць яна ня хоча: «Паглядзіце, якія капейкі атрымлівае будучая маці, што сыходзіць у дэкрэт. Пакуль я магу хіба паспачуваць ёй». Што ў Расеі, напрыклад, «будучыя маці» атрымліваюць яшчэ менш, чым у Беларусі, кандыдатка ня ведала.

Таксама выклікае абурэньне ў кандыдаткі масавая забудова тэрыторыі цэрквамі, хоць супраць рэлігіі яна нічога ня мае: «Ну што тут казаць, калі зносяць дзіцячую пляцоўку, а замест яе будуць чарговую царкву?»

Палітычны досьвед Суворава мае — працавала ў выбарчых камісіях. Таму разумее, што шанцы не ва ўсіх роўныя, — «перамагаюць тыя, у каго ёсьць грошы». На маю просьбу даслаць электроннай поштай агітацыйныя матэрыялы яна адказала, што на кампутар яшчэ не зарабіла.

Кандыдатка гаворыць, што арыентуецца на жанчынаў. Яе лёзунгі вельмі эмацыйныя: «Парадак ва ўсім! Чыноўнікі павінны адпрацоўваць свой час, дворнікі — месьці вуліцы, а заводы — працаваць! Калі гэтага ня будзе, то нехта павінен адказаць за гэта! І адкажа!»

Калі вярстаўся нумар, стала вядома, што Вераб’ёў зьняў сваю кандыдатуру. «Беспартыйнага» кандыдата ня стала, затое стала ясна, хто зь «беспартыйных» ідзе ад партыі ўлады.

Хто ж пераможа ў Чыжоўцы? Галоўны вораг усіх прэтэндэнтаў — нізкая актыўнасьць выбарцаў у гэтым адным з найбяднейшых раёнаў сталіцы. Папярэднія выбары тут адбываліся не заўсёды. Два кандыдаты ад палітычных партый — Янукевіч і Суворава — падзеляць галасы незадаволеных.

Квартплата расьце касьмічнымі тэмпамі. Каб зрабіць аналіз крыві, трэба выстаяць гадзінную чаргу ў паліклініцы. Каб зарэгістраваць свой бізнэс, прыходзіцца месяцамі хадзіць па кабінэтах. «Кішэнныя» дэпутаты папярэдніх скліканьняў абмяжоўваліся паслухмяным адабрэньнем рашэньняў улады і дробным «прабіваньнем» інтарэсаў сваёй «фірмы» — заводу ці канторы. Людзям ад іх не было ні почуту, ні толку. Ня дзіва, што выбарцы і ставяцца да мясцовых выбараў абыякава. Ня дзіва і што моладзь кандыдатам старой фармацыі не давярае.

Сяргей Будкін, Чыжоўка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0