Гісторыя — гэта навука пра тое, якой будзе нашая мінуўшчына. Гэтым досьціпам можна было ахарактарызаваць чарговае паседжаньне аргкамітэту па сьвяткаваньні 750-годзьдзя з часу каранацыі Міндоўга.
Найбольшая праблема ўзьнікла падчас абмеркаваньня адозвы, якую мае выдаць аргкамітэт, каб паінфармаваць суграмадзянаў пра значнасьць Міндоўгавай асобы. «Як грамадзянін я дзьвюма рукамі за гэты тэкст, — патлумачыў Ю.Бохан, — але як гісторык маю да яго шэраг прэтэнзіяў і падпісацца не магу». Скепсыс і Ю.Бохана, і Г.Штыхава выклікалі асобныя даты і цьверджаньні адозвы. Паводле словаў навукоўцаў, сёньня беларуская гістарычная навука далёка адышла ад канцэпцыі Міколы Ермаловіча. «І Г.Сагановіч, і А.Краўцэвіч, і В.Насевіч — людзі, якія займаюцца вывучэньнем гэтага пэрыяду, сёньня зусім іначай глядзяць на паўставаньне ВКЛ», — зазначыў Ю.Бохан. У прыватнасьці, ёсьць сумневы наконт таго, ці быў Наваградак сталіцай ВКЛ. «Там была каранацыя. Але ж гэта не абавязкова азначае, што Наваградак быў сталіцай», — цьвердзіць гісторык. Сумнеўна выглядае і незалежнасьць Наваградзкага княства ў даміндоўгавы часы (ёсьць сьведчаньні, што Наваградак быў перададзены Міндоўгу на васальных правох галіцка-валынскім князем), патрабуюць удакладненьня летапісныя даты.
Словы гісторыкаў выклікалі выбух абурэньня ў намесьніка старшыні аргкамітэту Міколы Купавы і аўтара адозвы Зьдзіслава Сіцькі: «Вы зараз так дагаворыцеся, што ў нас нічога і не было!» Бярыце, маўляў, прыклад зь Літвы: там уся гісторыя перакручаная, але яны адстойваюць сваю пазыцыю. «Гісторыя — гэта навука, яна мае дачыненьне з фактамі, а не з эмоцыямі», — адказаў Ю.Бохан.
Ці перамогуць гісторыкі (і іхныя факты) літаратараў (і іхныя эмоцыі) у юбілейных сьвяткаваньнях і масавай сьвядомасьці? Пакуль перавага на баку прыгожага пісьменства. На карысьць літаратараў працуюць опэра А.Бандарэнкі і В.Іпатавай, раманы Л.Дайнекі і Г.Далідовіча, кнігі М.Ермаловіча. На баку гісторыкаў пакуль толькі «Нарыс гісторыі» Г.Сагановіча. Новы погляд, пост’ермаловіцкая беларуская гісторыя яшчэ не паказала свайго аблічча шырокай публіцы.
Адам Воршыч