21 ЛЮТАГА

Валахановіч А. Графы фон Гутэн Чапскія на Беларусі. — Менск, 2003. — 85 с.: іл.

Прадстаўнікі роду фон Гутэн Чапскіх, ад ХVIII ст. стала жывучы ў Беларусі, істотна ўплывалі на нашую гісторыю й культуру. Гэтая кніга — першае манаграфічнае дасьледаваньне, прысьвечанае славутаму шляхецкаму роду. Тут зьмешчаныя радаводныя зьвесткі, фактычны й ілюстрацыйны матэрыял, датычны дзейнасьці найбольш выбітных асобаў з роду Чапскіх. Манаграфія распавядае таксама пра гісторыю й сучасны стан маёнтку Чапскіх у Станькаве. У якасьці дадатку друкуюцца легенды пра род фон Гутэн Чапскіх. Знайсьці выданьне можна ў «Акадэмкнізе», цана — блізу 3200 рублёў. Наклад — 110 асобнікаў.

Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991 гг.: Энцыкл. даведнік: У 3 т. Т.1. Абрамовіч — Кушаль. — Менск: Athenaeum, 2002. — 480 с.

Многія з тых, чые прозьвішчы сабраныя ў даведніку, маглі б заняць пачэснае месца ў гісторыі ня толькі нацыянальнай, але й сусьветнай культуры. Гэтае выданьне дазваляе ацаніць маштабы вынішчэньня беларускай інтэлектуальнай эліты. Даведнік сьведчыць, што рэпрэсіўная машына працавала пры ўсіх уладах — царскай, польскай, фашыстоўскай. Сапраўднага свайго разгону яна дасягнула пры саветах, калі «барацьба з клясавым ды ідэйным ворагам» ператварылася ў нацыянальны генацыд.

Прадмова акрэсьлівае гісторыю рэпрэсіяў у Беларусі, вызначае асноўныя іх «хвалі». На кожную названую ў даведніку пэрсаналію — а толькі літаратараў у савецкія часы было арыштавана болей за 500 — падаюцца кароткія гісторыка-біяграфічныя зьвесткі.

Зуёнак С. Сонца ў кроплі расы: Экалягічныя назіраньні й замалёўкі з дакумэнтальнымі фатасьведчаньнямі аўтара / Маст. А.Макаўцоў. — Менск: Беларусь, 2002. — 120 с.: іл.

Гэты багаты на фатаздымкі «палявы дзёньнік» распавядае пра зьвяроў ды птушак, што насяляюць тэрыторыю Беларусі. Кніга створаная зь любоўю да прыроды й прасякнутая клопатам пра лёс усяго жывога. Прыдбаць выданьне можна ў «Сьветачы», «Цэнтральнай кнігарні», «Падпісных выданьнях», «Акадэмкнізе». Цана — блізу 3500 рублёў.

Іпатава В. Альгердава дзіда: Раманы. — Менск: Беллітфонд, 2002. — 608 с.

Гістарычная трылёгія Вольгі Іпатавай складаецца з трох раманаў — «Залатая жрыца Ашвінаў», «Вяшчун Гедыміна» ды «Альгердава дзіда». Падзеі твораў разгортваюцца ў ХІІІ—ХІV ст. — надзвычай значны для гісторыі Беларусі пэрыяд, мала асьветлены ў нашай мастацкай літаратуры. Аўтарка па-свойму асэнсоўвае лёсы славутых пачынальнікаў Вялікага Княства — Міндоўга, Гедыміна ды Альгерда. Кнігу адкрывае прадмова Ўладзімера Конана. Кніга выйшла ў сэрыі «Беларускі гістарычны раман». Каштуе каля 5500 рублёў.

Шышыгіна-Патоцкая К. Нясьвіж і Радзівілы. — 2-е выд. — Менск: Полымя, 2002. — 240 с.

Нясьвіж — своеасаблівая культурная сталіца Вялікага Княства, «маленькі Парыж», рэзыдэнцыя некаранаваных каралёў Рэчы Паспалітай Радзівілаў. Гісторыя гораду ахутаная мноствам таямніцаў. Адчуць непаўторны дух старажытнага Нясьвіжу, бліжэй пазнаёміцца з жыцьцём ягоных знакамітых, а часам і дзіўнаватых уладароў, даведацца пра Радзівілаўскія скарбы й Чорную Панну дазваляе праца Клаўдзіі Шышыгінай-Патоцкай. Гэтая надзвычай зьмястоўная кніга вытрымлівае ўжо другое выданьне. Прыдбаць яе можна ў большасьці менскіх кнігарняў.

Евроремонт для Беларуси: Беседы с Графом Александром Прушинским. — Таронта—Варшава: AGA, Б.г. — 76 с.: іл.

Гутаркі з вылучэнцам на кандыдата ў прэзыдэнты 1994 г. графам Аляксандрам Прушынскім дазваляюць шматбакова ацаніць асобу й палітычна-сацыяльныя перакананьні гэтага чалавека. Прысьвяціўшы сваю кнігу ўсім, хто працуе на карысьць Беларусі, граф Прушынскі прапанаваў уласны шлях рэфармаваньня краіны — своеасаблівы эўрарамонт, які дазволіць ператварыць Беларусь у «эўрапейскі Ганконг».

Протько Т. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941 гг.). — Менск: Тэзэй, 2002. — 688 с.

Манаграфічнае дасьледаваньне Тацяны Процькі, унікальнае па аб’ёме й адборы матэрыялаў, раскрывае фэномэн савецкага таталітарызму на прыкладзе беларускай гісторыі. Функцыянаваньне аднапартыйнай сыстэмы й карных органаў, дзяржаўнае кіраваньне эканомікай, моцны грамадзкі прэсінг (пад сьціплым назовам «ідэйна-палітычнае выхаваньне»), скасаваньне сацыяльных і асабістых свабодаў, у тым ліку права на нацыянальнае самавызначэньне — гэтыя ды іншыя праявы таталітарнага ладу разглядае аўтарка, прыцягнуўшы багаты фактычны матэрыял. Праца напісаная па-расейску. Да таго ж прыдбаць яе змогуць далёка ня ўсе: цана выданьня ў «Акадэмкнізе» — болей за 27000 рублёў. Наклад — 3000 ас.

Тацяна Вабішчэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0