З 1 сакавiка ўрад падвысiць тарыфную стаўку першага разраду ды базавую велiчыню. Ня выключана, што апошнюю падымуць у паўтара-два разы. Што нам з гэтага будзе?

Большасьць грамадзянаў мае справу з базавай велічынёю тады, калі даводзіцца аддаваць грошы дзяржаве.ФОТА IREX-PROMEDIA
Большасьць грамадзянаў мае справу з базавай велічынёю тады, калі даводзіцца аддаваць грошы дзяржаве.ФОТА IREX-PROMEDIA
Да 2002 г. нам даводзiлася пiльна сачыць за зьмяненьнем мiнiмальнага заробку. Радасьцi зь ягонага росту было мала: разнастайныя штрафы ды выплаты, якiя ў МЗ вымяралiся, рабiлiся больш адчувальнымi. Але дзяржава змушаная была штучна занiжаць мінімалку — інакш мала хто здолеў бы плаціць тыя штрафы. Каб гэтага пазьбегнуць, з 1 сакавiка 2002 г. памеры пэнсіяў, стыпэндыяў, грашовай дапамогi i iншых сацыяльных выплатаў, а таксама падаткаў, збораў, штрафаў, якiя раней вылiчвалiся ў залежнасьцi ад мiнiмальнага заробку, прывязалі да базавай велiчынi.

Заробак і велічыня

Цяпер «мiнiмалка» існуе хіба для таго, каб мы ведалі, як мала нам маюць права заплаціць. Паралельна ёй увялi мiнiмальны заробак за гадзiну — каб стварыць грунт для пераходу на пагадзiнную тарыфiкацыю аплаты працы (цяпер прынятая месячная). Заробкi бюджэтнiкам ды разнастайныя плацяжы налiчваюць з дапамогай не МЗ, а тарыфнай стаўкі першага разраду (з 1 студзеня яна роўная 25 тыс. рублёў). Тых, хто працуе ў прамысловасьцi, зьмена тарыфнай стаўкi ня тычыцца: там яе вызначаюць асобна, у залежнасьці ад эфэктыўнасьці працы прадпрыемства.

1 сакавiка 2002 г. «мiнiмалку», якая дагэтуль была 10 тыс. рублёў, падвысiлi да 17 тысячаў. Новаўведзеная базавая велiчыня склала 10 тыс. Лёгiка зразумелая: у цяперашніх умовах мiнiмальны заробак мусiць расьцi даволi шпарка, каб наблiзiцца да ўзроўню спажывецкага мiнiмуму — той сумы, на якую можна неяк жыць. А вось базавая велiчыня робiцца спадкаемніцай «старога» мiнiмальнага заробку, пра якi «зайцы» ўзгадвалi толькi тады, калi іх лавiў без квiтка кантралёр у аўтобусе.

Падзел на мiнiмальны заробак ды базавую велiчыню даў уладам большую волю. Паводле закону, мiнiмалку можна зьмяняць толькi раз на год — 1 студзеня. Рабiць гэта так рэдка немагчыма дзеля iнфляцыi. Таму падвышэньне «мiнiмалкi» цягам году называлi «iндэксацыяй». Адбывалася яна адпаведна росту цэнаў. Пасьля ўвядзеньня базавай велiчынi ўсё пайшло па-iншаму. Мiнiмальны заробак да канца 2002 г. нiводнага разу не падвышалi. Навошта, калi штрафы ды дзяржпошлiны ад яго больш не залежаць? А вось базавую велiчыню за гэты час пераглядалi два разы. Сакавiцкае падвышэньне будзе трэцiм. Вiдаць, памер базавай велiчынi рэгулюе не iнфляцыя, а дзяржаўны апэтыт.

Каму гэта выгадна

Падвышэньне БВ прыносіць і карысьць некаторым катэгорыям насельніцтва. Выгаду маюць бюджэтнiкi ды вайскоўцы, якiя зьбiраюцца на пэнсію. Чым большая базавая велiчыня, тым больш дзяржава iм плацiць. З падвышэньнем БВ болей грошай атрымлiваюць студэнты, выбiтныя спартоўцы ды iх трэнэры, дзеячы, якiя маюць тытул «народны», Героi Савецкага Саюзу, рэпрэсаваныя ды iх родныя. Падвышаюцца сумы, на якiя дзяржава страхуе супрацоўнiкаў падатковых iнспэкцыяў, сэнатараў і дэпутатаў палаты прадстаўнiкоў.

У некаторых выпадках рост БВ выгадны бiзнэсоўцам. Замест 24% падатку з прыбытку яны могуць плацiць 15%, калi балянсавы прыбытак прадпрыемства за год не перавысі 5 тысячаў БВ (50 млн. рублёў). Фірмы, якiя маюць да 15 супрацоўнiкаў, могуць плацiць падаткi па спрошчанай сыстэме — 10% ад валавай выручкi, калi цягам двух кварталаў апошняя была ня большай за 5 тыс. БВ. Фiнансавыя апэрацыi памiж фiзычнымi асобамi ставяцца пад асаблiвы кантроль, калi яны перавышаюць 2 тыс. БВ (для юрыдычных асобаў — 20 тыс.) за раз або цягам месяца. Чым вышэйшая БВ — тым большымі сумамі можна апэраваць бязь лішняе валакіты.

Хабарнікі, спадкаемцы, дэпутаты…

Увесь Грамадзянскi кодэкс, якi рэгулюе правы ўласнасьцi, трымаецца на базавай велiчынi.

Вы маеце права забраць сабе рэч, якая валяецца без патрэбы на вашай зямлi, толькi тады, калi яна каштуе вiдавочна менш за 5 БВ — 50 тыс. рублёў.

Ад базавай велiчынi залежыць і памер афiцыйна дазволенага «хабару»: забараняецца рабiць падарункi коштам больш за 5 БВ дзяржаўным службоўцам, супрацоўнiкам шпiталяў, адукацыйных установаў і г.д. Калi вы падазраяце некага ў плягiяце, можаце патрабаваць праз суд кампэнсацыю ў памеры ад 10 да 50 тыс. базавых велiчыняў.

Калi знаёмы просiць пазычыць грошай на суму, большую за 10 БВ, — маеце права ўзяць у яго расьпiску. Аднак, каб патрабаваць працэнты, трэба даць у пяць разоў болей — 50 БВ.

Калi нехта даў вам на захаваньне рэч коштам больш за 10 БВ i патрабуе пiсьмовай дамовы, не абурайцеся: ён мае на тое права. Аднак калi потым ён пра тую рэч забудзецца цi не захоча браць назад, вы можаце нават прадаць яе з аўкцыёну — праўда, для гэтага кошт рэчы павiнен быць большы за 100 БВ.

Калi патэлефануюць з банку і скажуць, што багаты родзiч пакiнуў вам у спадчыну буйную суму на рахунку, вы ня зможаце зьняць больш за 100 БВ, пакуль не пакажаце пасьведчаньня, што дае права на спадчыну.

Разам з базавай велiчынёй падвышаюцца кампэнсацыi за нясвоечасовую дастаўку пасажыраў ды грузаў, а таксама грашовыя сумы, якiя мусяць пакiнуць таму, чыю маёмасьць канфiскуе суд.

Нават той, хто сядзiць за кратамi, можа мець выгаду ад павелiчэньня БВ: адпаведна ёй большае сума, якую ён можа выдаткаваць на ежу ды цыгарэты. Выйграюць кандыдаты на дзяржаўныя пасады, якiм выдаюць зь бюджэту пэўную колькасьць базавых велiчыняў на перадвыбарчую кампанiю.

Трэба плаціць

Аднак усё згаданае вышэй — выпадкі рэдкія. Большасьць грамадзянаў мае справу з базавай велічынёю тады, калі даводзіцца аддаваць грошы дзяржаве. Разам з БВ растуць штрафы, дзяржпошліны, плата за выдачу разнастайных лiцэнзіяў ды пасьведчаньняў, а таксама за падаўжэньне тэрмiну iх дзеяньня, за дзяржаўную рэгiстрацыю абсталяваньня i г.д. Апошнім часам урад пачаў пераходзіць да новай тактыкі. Не чакаючы падвышэньня базавай велічыні, прымаюцца пастановы, што павялічваюць колькасьць БВ, якія трэба сплачваць у тым ці іншым выпадку. Так, 8 студзеня ўрад пастанавіў браць за ліцэнзію на вытворчасьць і аптовы продаж алькаголю ды тытуню 80 БВ замест 15. За працяг тэрміну дзеяньня ліцэнзіі будуць браць 40 БВ замест 7. Прадпрымальнікі, якія не зьяўляюцца юрыдычнымі асобамі, будуць плаціць за ліцэнзію 10 БВ (раней — 2), за яе працяг — пяць БВ замест дзьвюх.

Алесь Кудрыцкi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0