У беларускім друку 1920-х яго называлі Язэпам; потым ён зрабіўся казённа-расейскім Іосіфам.

Што яго зваць Іосіфам, я даведаўся з буквара. І не адразу здагадаўся, што ён — цёзка нашым, задубенскім Есіпу, Юзіку і Язэпу. (У вёсцы выкарыстоўваюць усе варыянты імя, каб ня блытаць аднаго чалавека зь іншымі. У суседнім Забярэзьзі (Пінскі раён) адначасна жылі Ясь, Янак, Іван, Іванка і Януш. Ня зблытаеш.)

Да буквара я чуў толькі прозьвішча. Першы раз — ці не 6 сакавіка 1953-га, назаўтра пасьля ягонае сьмерці, бо памёр ён увечары і народу пра гэта паведамілі нараніцу.

Ня помню, каб у нашым Задуб’і хтосьці плакаў. Хіба што настаўнікі, па абавязку службы. Так, у суседніх Малкавічах настаўніца зь мянушкаю Ізраілка падала без прытомнасьці шэсьць разоў. А потым ад аднаго пісьменьніка я чуў, як на Наваградчыне ў той самы дзень мужык дзяліўся навіною з суседам: «Коля, чуў? Сталіну п...дзец». А ў Смалявіцкім раёне аднаго дырэктара школы ледзь не пасадзілі, бо любіў пасьля доўгага сказу ці пэрыяду казаць «добра». На жалобным мітынгу так і сказаў: «Няўмольная сьмерць забрала ад нас вялікага правадыра і настаўніка, геніяльнага палкаводца Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна. Добра. Таварыш Сталін...» За гэтае «добра» і падзаляцеў. У Слуцкім раёне дырэктар школы плакаў: «А як жа мы бяз бацькі жыцьмем?» Дык яго сяляне Бацькам і звалі пасьля. «Знайшоў бацьку», — іранізавалі.

У лягерох зэкі крычалі: «Гуталін загнуўся! Ур-р-ра!» Гуталін — бо бацька генэралісімуса шыў боты, а гуталінам боты чысьцілі. Вось такая была мянушка ў чалавека зь мянушкай Сталін.

Бацькам савецкага народу ён назваўся таму, што ў яго былі праблемы з бацькам. Адны казалі, што яго ў часе чарговага падарожжа зрабіў наш Мікола Перавальскі (ён жа — Мікалай Пржавальскі), і раілі супаставіць здымкі «таты» й «сына». Гэтае сьцьверджаньне абвяргалі і супастаўленьнем здымкаў, і спасылкаю на тое, што грузінкі ахоўваюцца больш строга, чым беларускі, і чужым мужыкам практычна не даюць. Каторы больш дасьведчаны, дык той казаў: «Сасо Джугашвілі пры жывым законным бацьку быў як байструк. Бацька ягоны — п’яніца — лупцаваў і жонку, і сына». А ўжо каторы з нахілам да псыхааналізу, дык той гаварыў: «Ня ведаў нармальнага бацькоўства, дык ахвочы быў стаць бацькам для іншых. А як ня ведаў бацькавай ласкі, дык і быў жорсткі. Што да родных дзяцей, што да ўсяго народу...»

Маё пакаленьне можа пахваліцца двума самазванымі татамі. А старэйшыя, хто пажыў пад Польшчаю, яшчэ і самазваным дзядулем Пілсудзкім. Наагул, у дыктатараў відавочнае імкненьне навязвацца ў родзічы да ўсіх грамадзянаў. Вось і дзядзечка Хо... А на Гаіці ў татулі Дзювалье тытул дзядзечкаў мелі галаварэзы — тантон-макуты.

Мне і маім аднагодкам яшчэ «пашчасьціла» разглядаць партрэт Іосіфа ў буквары. Пасьля там пакінулі былі адно Леніна, Купалу ды Коласа.

Разглядаючы на печы партрэт вусатага правадыра ў пагонах, я шчэ ня ведаў, як яго прыхарошвалі. Ня ведаў, што, бадай, усе дыктатары любяць вайсковую ці паўвайсковую форму. І Ленін (пад канец жыцьця нешта накшталт мілітарнага адзеў), і Мао, і Кім, і Кастра... Сталін любіў мундзір з гербам на плячох. Як потым выявілася, гэтая манія заразная і перадаецца ў спадчыну.

Дыктатары любяць гуляць у вайну. Калі не хапае сілаў рабіць гэта на міжнароднай арэне, разьвязваюць яе ва ўласнай краіне. І вядуць яе зацята, да апошніх дзён жыцьця. Псыхолягі кажуць, што гэта — ад ненармальнага дзяцінства. Гітлера тата біў, Сталіна тата біў... Яшчэ псыхолягі кажуць — ад творчае бездапаможнасьці. Няўдалыя паэты Джугашвілі, Мао, Хо... Няўдалы мастак Гітлер... І любоў да казармавага парадку ў краіне таксама бярэ пачатак у непаўнавартасным маленстве і ў няспраўджаных творчых амбіцыях. І жаданьне паставіць у шыхт людзей творчых — пісьменьнікаў, музыкаў, мастакоў, навукоўцаў. І сталая варожасьць да іх, перасьледы, турмы, высылкі, зьбіцьцё, забойствы.

У Сталіна любоў да мундзіра дыктавалася й фізычным недахопам — сухарукасьцю. Дзеля гэтага ён быў белабілетнікам. На вайну яго не ўзялі. Ды яшчэ ў ссылку трапіў.

З тае ссылкі стала ведама ў партыі, што таварыш Коба — інтэлектуальны гультай. Леў Каменеў прапанаваў таварышу Сталіну: «Іосіф, давайце я вас нямецкай мове навучу». І пачуў: «А навошта?» Гэтае пытаньне — «А навошта?» — потым пачуюць тысячы савецкіх грамадзянаў: «А навошта гэта вы, грамадзянін К., францускую (нямецкую, ангельскую і г.д.) мову вучыце?» А колькі аматараў эспэранта трапяць за калючы дрот?

З усяго багацьця марксізму Сталін выціснуў, як заўважыў Мілан Кундэра, шэсьць-сем просьценькіх тэзісаў і паднёс іх як ісьціну ў апошняй інстанцыі. Вывучэньне філязофіі ў СССР перастала быць неабходным: студэнты й асьпіранты засвойвалі дадатак да кароткага курсу гісторыі ЎсеКП(б) і лічыліся адукаванымі людзьмі. І калі ў вайну й пасьля вайны Сталіну заманулася вярнуць у армію ды на флёт пагоны, а ў сярэднюю школу — разьдзельнае навучаньне хлопчыкаў і дзяўчынак, форму на падабенства гімназічнае, вырашана было вярнуць і курс лёгікі. Дык вось, у БССР не было ніводнага адмыслоўца ў гэтай дысцыпліне. І з Масквы ў Менск, у БДУ, езьдзіў начытваць лекцыі аскалепак старое школы, знакаміты прафэсар Маскоўскага ўнівэрсытэту Валянцін Асмус (той, што выступаў на пахаваньні Барыса Пастарнака).

У «карыфэя» было адпаведнае атачэньне, адпаведная партыя. У КП(б)Б у 1927 г. — на пачатку «разгорнутага будаўніцтва сацыялізму» — 90,8 % сяброў партыі мелі пачатковую адукацыю або ня мелі ніякае. І кіравалі гаспадаркаю, культураю, і вырашалі лёс навукоўцаў, інтэлігенцыі. Бальшавік — гэта нахаба, які без адпаведнае кваліфікацыі бярэцца меркаваць пра ўсё: пра навуку, спорт, літаратуру, мастацтва, сельскую гаспадарку, фінансы... Індустрыялізацыю ў БССР пачалі, маючы на 100 работнікаў аднаго тэхніка або — у найлепшым разе — інжынэра. Адказнасьць за ўсе няўдачы, правалы, катастрофы сьпісвалі на «спэцоў», на інтэлігенцыю.

Калі ў чалавека няма інтэлекту, яму дадзена хітрасьць. Трэба ўлічыць, што Сталін — дзіця Ўсходу. Праваслаўнага Ўсходу. І таму ў бізантыйскіх гульнях ён быў спэц. Гэтага не заўважыў Леў Троцкі, які лічыў Сталіна геніяльнаю пасрэднасьцю. І Бухарын. Бухарын — любімец Леніна і партыі — бываў у хворага правадыра не радзей, чым Сталін. Але не здагадаўся нарабіць здымкаў зь ім. І Троцкі, і іншыя не здагадаліся. А Сталін — здагадаўся. Тут і тое ролю адыграла, што асобы з таталітарным нахілам любяць фатаграфавацца, здымацца ў кіно. Трымаюць пры сабе фатографаў, апэратараў, якія ўвесь час жывуць у напрузе, рызыкуюць здароўем і жыцьцём.

Хітрасьць дапамагла Сталіну ўскараскацца на палітычны алімп. Сын праваслаўнага Ўсходу, які вядзе свой радавод ад Бізантыі, ён ведаў, як утрымліваць уладу. Ці не ў падзяку за навуку ён у 1940-х паклікаў да сябе трох незабітых мітрапалітаў — Сергія, Аляксія і Мікалая — і дазволіў ім правесьці Сабор Рускае (не Расійскае, як было раней, а Рускае) Царквы, каб паставіць Патрыярха (не абраць — паставіць)? І ці не таму побач зь ведамствам у справах усіх рэлігій у СССР было створана асобнае ведамства ў справах праваслаўя? Як сярод усіх роўных народаў СССР ён вылучыў самы роўны, так і сярод рэлігій — асаблівую.

Сын Усходу, ён добра ведаў, як прыбіраюць з дарогі дэспатаў. Наш зямляк, генэрал Мікалай Уласік давёў ягоную ахову да дасканаласьці. Сталін вельмі баяўся дзьвюх рэчаў: вялікае аўдыторыі і адкрытае прасторы. Ён, як і кожны дыктатар, быў асобаю маналягічнаю, няздольнаю весьці раўнапраўны дыялёг, асабліва ў вялікай аўдыторыі. Дый вялікую аўдыторыю нават Уласікавы хлопцы не маглі дасканала праверыць на наяўнасьць зброі. Вось чаму Сталін вельмі рэдка выступаў у вялікіх залях.

Урэшце ягоная жыцьцёвая прастора звузілася да кабінэту й кватэркі ў Крамлі, аўтамабіля й пары пакояў на дачы. Шырэйшага сьвету ён ня бачыў. Зь сяброў Прэзыдыюму ЦК і Саўміну ён меў сталыя кантакты толькі з чатырма: Лаўрэнціем Берыем, Мікалаем Булганіным, Георгіем Малянковым і Мікітам Хрушчовым. Ад іх і залежала ягонае жыцьцё. Аднойчы, калі ўдарыў чарговы інсульт, вучні й паплечнікі пазбавілі яго мэдычнае дапамогі.

А праз колькі дзён на Наваградчыне адбыўся дыялёг.

— Коля, ты чуў?

— Што?

— Сталіну п...дзец.

Пасьля сьмерці дыктатара ў кожнай краіне адбываецца падобны дыялёг. Хтосьці й паплача. А часьцей гэта бываюць сьлёзы палёгкі: нарэшце яго няма, нарэшце перасталі дрыжаць за сваё жыцьцё і жыцьцё сваіх блізкіх. І тая Ізраілка мо ад радасьці прытомнасьць траціла. І такое бывае.

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0