Глыбоччына мусіць абраць двух дэпутатаў у Віцебскі аблсавет. Толькі ў адной акрузе выбарцы маюць альтэрнатыву: там спаборнічаюць сябра БСДП (НГ) Зьміцер Курцэвіч і работнік аблвыканкаму. Ня лепшая сытуацыя і па выбарах у раённы савет. На 38 месцаў тут зарэгістравана 40 кандыдатаў. Пра сельскія і пасялковыя саветы зусім няма гаворкі: тут на 150 месцаў прэтэндуе 151 кандыдат. Аналягічны стан і ў суседніх раёнах. У Докшыцкім, напрыклад, зусім няма альтэрнатыўных кандыдатаў.

Ўладзімер Скрабатун, рэдактар газэты «Вольнае Глыбокае»
Ўладзімер Скрабатун, рэдактар газэты «Вольнае Глыбокае»
Большасьць насельніцтва расчараваная прадстаўнічай уладай, мала хто верыць, што дэпутат можа зьмяніць становішча да лепшага. Як давераная асоба кандыдата ў аблсавет, я праехаў некалькі вёсак ягонай акругі. Людзі ў большасьці ведаюць, хто ад іх абіраецца ў вобласьць і раён, але пра кандыдатаў у свой сельсавет амаль ніхто ня чуў. У вёсцы няма альтэрнатывы — выбары ўсё роўна адбудуцца, таму ніхто з кандыдатаў не імкнецца ладзіць нейкую агітацыю.

У Глыбоцкі райсавет ад дзьвюх партыяў — БНФ і БСДП (НГ) — было вылучана толькі пяць чалавек. Траім зь іх у рэгістрацыі адмовілі. У райсавет ад БНФ абіраецца Ўладзімер Скрабатун, рэдактар газэты «Вольнае Глыбокае», аўтар «НН». Ягоны супернік — дырэктар глыбоцкай беларускай школы Віталь Гарановіч. «Я б і сам за яго галасаваў», — кажа У.Скрабатун. Ад Народнай Грамады ў райсавет ідзе Зьміцер Курцэвіч — той самы, які вылучаецца ў абласны савет.

Яраслава Берніковіча (БНФ) не пусьцілі ў кандыдаты, бо прапісаны па адным адрасе, а пражывае па іншым. Калі ж ён падаў скаргу, абласная камісія апраўдала яго, але ж знайшла зачэпку ў іншым — няправільна складзеная дамова з выдаўцом газэты, супрацоўнікам якой Берніковіч зьяўляецца.

Другому кандыдату, Зьмітру Лупачу (Народная Грамада), было адмоўлена на падставе таго, што ён нібыта хаваў свае прыбыткі. Чалавек прадаў малапрадукцыйную карову і адразу ж купіў іншую, заплаціўшы болей грошай. Але «прыбытку» ад продажу не задэкляраваў. Вось і прычапілася камісія. На заўвагу Лупача, што выручка і прыбытак — розныя рэчы, адна зь сяброў камісіі заявіла: «Вы маглі працаваць стратна, але ж вы атрымалі прыбытак»...

З аналягічнай прычыны не прайшла і Юлія Бука (Народная Грамада): яна прадала бычка, а грошай у дэклярацыю не запісала. Камісія не паглядзела нават на тое, што гэтая кабета выхоўвае траіх дзяцей, нічога ня просячы ў дзяржавы.

З.Л., Глыбокае

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0