Вайна ў Іраку будзе імклівай і скончыцца перамогай ЗША і саюзьнікаў. Адным з вынікаў падзеньня Хусэйна будзе зьмена коштаў на нафту, якія істотна вызначаюць эканамічную сытуацыю ў сьвеце. На першы погляд, пры ізаляванасьці беларускай эканомікі індэксы біржаў Нью-Ёрку, Лёндану і Токіё ўплываюць на яе ня больш, чым вынікі прэміі «Грэмі» на лёс вясковага гарманіста. Аднак ёсьць адзін фактар, які істотна залежыць ад сусьветных індэксаў. Ён не разглядаўся б надта сур’ёзна ў Літве, Латвіі, нават ва Ўкраіне. Для лёсу ж беларускй дзяржаўнасьці ён можа быць вызначальным. Гэта — расейская эканоміка.

Падвышэньне цаны нафты на адзін даляр за барэль дае прыбытак у бюджэт Расеі ў 100 млн. даляраў штомесяц. Бюджэт жа на 2003 г. вызначаны з разьліку 21,5 даляра за барэль. Запомнім гэтыя лічбы.

Цана нафты за барэль на сусьветным рынку ў аўторак 25 лютага дасягнула 36 даляраў. Гэта значыць, расейскі бюджэт дадаткова атрымлівае больш як паўтара мільярда даляраў штомесяц. Гэта — значна больш за штомесячны вайсковы бюджэт Расеі. Расейскія незалежныя экспэрты заўважаюць, што «нафтавыя даляры» ідуць не на мадэрнізацыю вытворчасьці ды стварэньне новых працоўных месцаў, а на ўмацаваньне таго самага войска і спэцслужбаў.

«Нафтавы» прыбытак дазволіў нядаўна Маскве выдаткаваць 30-мільённы крэдыт на падтрымку беларускага рубля («у рамках падрыхтоўкі да аб’яднаньня грашовых сыстэмаў») — самы вялікі маскоўскі крэдыт Менску за апошнія два гады.

З пачаткам вайсковай апэрацыі цана нафты можа дасягнуць 40—45 даляраў. Патэнцыйна гэта дадатковыя інтэграцыйныя праекты. Праблема, аднак, у тым, што зьмяншэньне «нафтавага» даходу Расеі для беларускай незалежнасьці яшчэ больш небясьпечнае.

Пасьля падзеньня Хусэйна цана пачне паступова зьніжацца. Прычына ня толькі ў выплеску на рынак ірацкай нафты, але і ў ліквідацыі «сындрому вайны», які й падкруціў цяперашнія цэны. Некаторыя адмыслоўцы называюць 10 даляраў за барэль, але больш рэальнымі выглядаюць 14—15 даляраў. Аптымальная цана для Масквы — 19 даляраў, а падзеньне ніжэй за 16 прывядзе расейскую эканоміку да краху.

Менавіта гэта і мае на ўвазе Масква пад ўласным «інтэрасам у Іраку». Магчыма, калі б Крэмль адназначна падтрымаў ЗША — яго інтарэсы і былі б улічаны. Пры цяперашняй пазыцыі Расеі рабіць гэта няма асаблівага сэнсу, тым больш што, акрамя міжнародных праблемаў, перад Бушам стаяць і ўнутраныя. У яго, як і ў Пуціна, наперадзе выбары.

Зьедлівыя камэнтары да падзеньня рэйтынгу Буша ў ЗША — ня больш чым гіпэрбала: рэйтынг сапраўды меншы, чым год таму, але значна большы, чым у Клінтана ў найлепшыя ягоныя часы. І пасьля вайны з Іракам, нават з улікам непазьбежных ахвяраў, ён ня надта зьнізіцца.

Амэрыканцы высока ставяць свабоду, яны гатовыя ахвяраваць жыцьцём за дэмакратыю, і гісторыя Амэрыкі гэта неаднаразова пацьвярджала. Але, акрамя палітычнага і гуманітарнага, Буш павінен будзе паказаць і нейкі эканамічны вынік.

На пачатак выбарчай кампаніі прыпадуць выдаткі на аднаўленьне ірацкай эканомікі — да 60 млрд. даляраў. Гэта не крытычныя грошы для ЗША, але яны маглі б пакрыць частку сацыяльных праграмаў, вакол якіх звычайна і спрачаюцца кандыдаты ў прэзыдэнты. А вось што ніколі ў ЗША не было прадметам выбарчых дэбатаў — дык гэта нізкая, у параўнаньні з эўрапейскай, цана на бэнзын. У 1996-м даходзіла да 25 цэнтаў за літар. Рост пачаўся два гады таму, і цяпер літар каштуе 50 цэнтаў. Зразумела, што азначае гэта для амэрыканцаў, палова жыцьця якіх праходзіць на колах. Аўто для кожнага, хто працуе, — неабходнасьць.

А ўявіце, што цана зноў упадзе да 25 цэнтаў. Вось прычына, зь якой Вашынгтон ня будзе надта стрымліваць падзеньне цаны на нафту.

Вернемся да Расеі, бюджэт якой на траціну складаецца з экспарту нафты. Зьніжэньне цэнаў нават да закладзенага ў бюджэце паказьніка ў 21,5 даляра за барэль прывядзе да страты сумы, у паўтара разу большай за вайсковы бюджэт. А падзеньне будзе большым. Меркаваць, што страты кампэнсуюць скарачэньнем выдаткаў на войскі і спэцслужбы, — наіўна. (Гэта як у анэкдоце, калі сын кажа бацьку-алькаголіку: «Тата, табе зьменшылі заробак і цяпер ты будзеш менш піць?» — «Не, сынок, гэта ты цяпер будзеш менш есьці».)

Ня варта ацэньваць якасьць жыцьця Расеі па Маскве: 30% расейцаў існуюць на мяжы беднасьці. Ёсьць рэгіёны, дзе заробкаў ня плацяць месяцамі. Камунальныя драмы з марозам у кватэрах ведаюць усе.

У сытуацыі эканамічнага спаду, сацыяльнай напружанасьці, паразы ў Чачэніі й давядзецца Пуціну весьці выбарчую кампанію. Несумненна, што Крэмль перавядзе ўвагу электарату ў рэчышча ідэалягічнае, сыграе на традыцыйным імпэрскім комплексе.

Украіна пацьвердзіла і на ўзроўні ўлады, і на ўзроўні апазыцыі імкненьне да Эўразьвязу і NАТО. Пра NАТО заявіла Грузія. У іншы ад Масквы бок ідуць і большасьць былых рэспублік СНД. Нават ляяльныя да Масквы Арменія і Малдова не гавораць пра «саюзную дзяржаву».

Далучэньне Беларусі — вось што можа дапамагчы Пуціну. Ня будзем абсалютызаваць «беларускі аспэкт» у ягонай PR-кампаніі, але і ня ўлічваць яго было б памылкай.

Перашкодзіць Крамлю мог бы Захад. Менавіта прыхільнікі ўдару па Хусэйну — Злучаныя Штаты і Вялікабрытанія — выступілі на пачатку 1990-х гарантам незалежнасьці Беларусі. Пасьля вайны пазыцыя гэтых краінаў узмоцніцца.

Цяпер заходнія назіральнікі бачаць два падыходы ў беларускай апазыцыі. Адзін — «У Эўропу разам з Расеяй». Ці як пісаў карэспандэнт «Народнай волі» А.Сіліч пра адну канфэрэнцыю: «Усе без выключэньня ўдзельнікі дыскусіяў зь Беларусі не забываліся паўтараць пра сваю прыхільнасьць ідэям саюзу Беларусі і Расеі альбо замоўчвалі гэтае балючае пытаньне. І ніхто аніразу нават ня вымавіў такіх слоў, як «незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі» («НВ», 15 лістапада 2002 г.). Але з другога боку — былі і тыя, хто пікетаваў тую самую канфэрэнцыю.

У кожным разе, толькі ад прыхільнікаў беларускай дзяржаўнасьці будзе залежаць, у якой ступені ўдасца пераканаць Захад у сваіх прыярытэтах.

Сяргей Навумчык, Прага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0