У Сеціве багата прапановаў кшталту «прафэсійны мастак намалюе Ваш партрэт за невялiкiя грошы».

Можна захоўваць грошы, набываючы валюту ці золата. Іншае выйсьце — прыдбаць акцыі ці адкрыць рахунак у банку. А як наконт таго, каб укласьці грошы ў размаляваны кавалак палатніны? Для нас гэта вар’яцтва, але знакамiтыя багацеі даўно зразумелі, што творы мастацтва добра прыдаюцца для інвэстыцыяў. З часам яны толькі даражэюць ды амаль заўсёды знаходзяць пакупніка. Калі гэта творы сапраўднага мастацтва.

У нас няма свайго аўкцыёну накшталт знакамітага «Sotheby’s», але мастацкі рынак у Беларусi iснуе. Найлепш гэта адчуваюць самi мастакi, якiм даводзiцца кiраваць сваёй творчай энэргiяй у залежнасьцi ад ваганьняў спажывецкага попыту ды зьменаў падатковага клiмату.

Мастакi-прадпрымальнiкi

Каб прадаваць працы з выставаў цi ў галерэях, мастак афармляе паперы на атрыманьне статусу iндывiдуальнага прадпрымальнiка. Даводзiцца плацiць адзiны падатак (ад 20 эўра ў месяц) і складкі на абавязковае сацыяльнае страхаваньне (каля 12 эўра ў месяц). Але прадпрымальнiкам, якiя маюць яшчэ адно месца працы, закон дазваляе не плацiць «сацыялкі», таму мастакi наймаюцца весьцi дзiцячыя гурткi i г.д.

Мастаку трэба майстэрня. Цяпер у любым ЖРЭУ ёсьць вольныя памяшканьні. Праўда, арэнда плошчы для вытворчай дзейнасьцi пацягне 5 эўра за м2 у сталiцы і 2,5 эўра — у абласных цэнтрах. І вольны мастак, якi мае ў Менску майстэрню ў 15 м2, мусiць плацiць штомесяц амаль 110 даляраў (уключна з падаткамi на прадпрымальнiцкую дзейнасьць). Праўда, прэзыдэнцкi загад №495 пакiдае льготы для сяброў творчых саюзаў (ім арэнда ў 5 разоў меншая).

Па галерэях

Мастацкая галерэя й мастацкi салён — розныя рэчы. У першыя ходзяць, каб паглядзець на творы, у другiя — каб да iх прыцанiцца.

Карцiна, напiсаная алейнымi фарбамi, каштуе ў менскiх мастацкiх салёнах ад 400 тыс. да 2 млн. рублёў (памер — прыкладна 1,3х1 м). Карцiны вядомых мастакоў — Тоўсьціка, Шчамялёва —каштуюць ад 3—4 млн. А невялікую акварэль (20х15 см) можна набыць і за 20—30 тыс. Батык каштуе пад 130 тыс. рублёў (40х55 см). Авангардны керамічны сэрвіз можна прыдбаць за 100—130 тыс. Арыгінальныя прадметы для інтэр’еру каштуюць 20—150 тыс. Ня блытайце з мастацкiмi салёнамi «модныя» сувэнiрныя крамы. У апошнiх прадаюць па немалой цане вырабы, што набываюць за мяжой па мiзэрным кошце. Твораў беларускiх мастакоў на рэалiзацыю крамы не бяруць. Іх цiкавяць аптовыя партыi, а не ўнiкальныя працы.

Тутэйшыя Манмартры

Менскi арт-рынак увесь час вандруе. Спачатку ён месьцiўся на праспэкце Скарыны ля галерэi «Мастацтва», потым пераехаў на плошчу Свабоды. Калi распачалi аднаўляць менскую ратушу, мастакоў уцiснулi памiж музэем Вялікай Айчыннай вайны ды Палацам прафсаюзаў. Новы «Вэрнiсаж» схаваны ад вачэй пакупнiкоў ды знаходзiцца на скрыжаваньнi каналiзацыйных трубаправодаў. Незадаволеныя мастакi падалiся былi да ўнiвэрмагу «Беларусь», але там гандаль iшоў яшчэ горш.

На «Вэрнiсажы» вобмаль мастацкiх твораў — адно рамесьнiцтва. Насамрэч, там i мастакоў небагата. У асноўным рэалiзатары, якiя прадаюць зробленае iншымi (паводле папераў, вядома, на «Вэрнiсажы» працуюць спрэс творцы). Сярэдняя цана карцiны, напiсанай алеем, — 50 даляраў. Можна адшукаць як маленькiя карцiнкi за 10—20 даляраў, гэтак i вялiзныя за 300 з гакам.

Праз Iнтэрнэт

У беларускiм Сеціве ўсяго некалькi вiртуальных галерэяў, экспазыцыi якiх амаль не абнаўляюцца. Мала знаходзіцца ахвотных набыць карцiну за пару сотняў даляраў на падставе маленечкага фатаздымку ды кароткага апiсаньня. Нямала будзе каштаваць i перасылка. А як плацiць? Дасылаць грошы поштай? Пераводзiць на рахунак? Мала хто рызыкне набываць карціну праз кампутар.

А вось пэрсанальны сайт для мастака — выдатны спосаб самарэклямы, нават калi празь яго нiчога не прадасі. Няблага шукаць праз сайт замовы на творы. У Сеціве багата прапановаў кшталту «прафэсійны мастак намалюе Ваш партрэт за невялiкiя грошы».

Пакупнiкi

Каб арт-рынак запрацаваў, адных вытворцаў ды прадаўцоў мала. Патрэбныя пакупнiкi. Людзі з грашыма. Пра тое, што яны ёсьць, сьведчыць колькасьць дарагiх легкавiкоў, што пралятаюць праспэктам Скарыны за хвiлiну. Мабыць, калi пэрыяд «першапачатковага ўзбагачэньня» мiне, прыйдзе пэрыяд «вялiкага абсталяваньня iнтэр’ераў» — вялікая пара для мастацтва.

Алесь Кудрыцкi

камэнтары

Iў Прудом: «Набывайце ў галерэях»

Iў Прудом, фiнансіст паводле адукацыi, вывучаў эканомiку й маркетынг у Парыжы. Прыехаў у Беларусь у 1995 г. як дырэктар буйной нафтавай кампанii. Тут ажаніўся. Спрабаваў зладзiць у Беларусi лятарэю, аднак дзяржава манапалiзавала гэты бiзнэс. Цяпер — гаспадар менскай мастацкай галерэі «Зямля людзей» (вул. Рэвалюцыйная, 13).

«НН»: Цi вашая галерэя — камэрцыйнае прадпрыемства?

Iў Прудом: Мая галерэя задумвалася як камэрцыйны праект. Аднак цяпер зарабляць грошы на мастацтве вельмi цяжка. Я ў асноўным дапамагаю беларускаму мастацтву разьвiвацца, даючы творцам магчымасьць паказаць свае працы.

«НН»: Хто набывае творы ў Вашай галерэi?

І.П.: Замежнiкi. Багатыя беларусы радзей карыстаюцца паслугамi галерэяў — яны замаўляюць карціны непасрэдна ў мастакоў. Гэта яшчэ адна асаблiвасьць беларускага арт-бiзнэсу.

«НН»: Цi шмат праблемаў вы маеце зь бюракратыяй?

І.П.: Столькi, колькi любая прыватная фiрма ў гэтай краiне.

«НН»: Як Вы ахарактарызуеце беларускi рынак твораў мастацтва?

І.П.: Яму яшчэ трэба разьвiвацца. Людзi не падрыхтаваныя набываць творы мастацтва ў галерэях. Яны прызвычаiлiся набываць iх у мастацкiх салёнах, дзе разам прадаюцца розныя творы розных мастакоў. Аднак набываць карцiны з выставы, дзе паказваюць творы аднаго мастака, — гэта яшчэ нешта незразумелае й невядомае.

«НН»: Цi можна зарабляць на продажы твораў мастацтва праз Інтэрнэт?

І.П.: Вядома, не. Нашая галерэя мае сайт, аднак ён прызначаны для таго, каб падтрымлiваць кантакты зь iншымi галерэямi. Сур’ёзна займацца мастацкiм бiзнэсам праз Інтэрнэт могуць толькi сусьветна вядомыя аўкцыёны.

Уладзiмер Басалыга: «Хутка нормы памяняюць»

Уладзiмер Басалыга, старшыня Беларускага саюзу мастакоў:

— Адпаведна з законам, што рэгулюе дзейнасьць творчых саюзаў, творчая дзейнасьць не зьяўляецца прадпрымальнiцтвам, акрамя тых выпадкаў, калi яна мае сыстэматычны характар. Паняцьце «сыстэматычнасьцi» анiдзе не патлумачана. Дастаткова мастаку два разы на год прадаць свае творы, як ён аўтаматычна пападае ў шэраг прадпрымальнiкаў i мусiць рэгiстравацца. Адбылося некалькi судоў, аднак усе яны скончылiся не на карысьць мастакоў. Ім далі штрафы за тое, што працавалi, ня маючы пасьведчаньня iндывiдуальнага прадпрымальнiка. Нядаўна ў Мiнiстэрстве культуры нам паведамiлi, што падрыхтаваны новы нарматыўны акт, у якiм даецца тлумачэньне панятку «сыстэматычна» — больш за трыццаць разоў у год. Я сумняваюся, што нехта з мастакоў прадае трыццаць карцiн у год, таму гэтая норма нас задаволiць.

«НН»: Мастак прапануе карціны, прадпрымальнiк — тавары цi паслугі. У чым розьнiца?

У.Б.: Стваральная праца й прадпрымальнiцтва не адное i тое ж. Творчы працэс нельга раскласьцi на элемэнты кшталту «ўзяў — пранёс — паклаў — прадаў», скласьцi рахунак за бэнзын i гэтак далей. Ну добра, можна падлiчыць, колькi каштавалi фарбы, пэндзлi, папера — але як падлiчыць колькасьць творчай задумы, укладзенай у твор? Прадпрымальнiк увесь час займаецца прадпрымальнiцтвам, а я магу тры месяцы думаць — i толькi потым стварыць нешта. Якi падатак я мушу плацiць за тры месяцы, калi думаў?

«НН»: Колькi ўсяго мастакоў у Беларусi?

У.Б.: У Саюзе мастакоў 1126 сяброў. А ўсяго мастакоў у Беларусі, я думаю, тысячаў 5—6.

АК

Як у іншых

Эліс Палсэр, скульптар з Сафалку, Вялікая Брытанія (www.palser.co.uk)

У Злучаным Каралеўстве ня трэба рэгістравацца, каб быць мастаком, аднак падаткі з прададзеных працаў плаціць трэба. Некаторыя мастакі, якія дзе-небудзь працуюць на поўную стаўку, а мастацтвам займаюцца ў вольны час, не пазначаюць у дэклярацыі прыбыткаў ад продажу сваіх працаў. Гэта, аднак, незаконна. Падатак на продаж карцінаў такі самы, як і іншыя. Калі вы зарабляеце менш за 4 тыс. фунтаў стэрлінгаў (каля 13 млн. рублёў), падатку плаціць ня трэба. Падатак на прыбытак ад 4 да 30 тыс. фунтаў складае 22%, ад 30 тыс. — 40%. Калі зарабілі больш за 50 тыс. — плаціце дадатковы падатак, 17,5%. Звычайна галерэі дадаюць суму падатку да цаны твораў, якія прадаюць.

Джэймз Кемэран Сьпіраф, мастак-кераміст з Флорыды, ЗША. (www.clayman.com)

Фармальна я мушу атрымаць ад мясцовых уладаў ліцэнзію на бізнэс. Сьпярша я спрабаваў рабіць усё па правілах, аднак хутка пераканаўся, што прафэсійна займацца керамікай у жылых раёнах не дазваляецца: даводзіцца ж карыстацца печамі для абпальваньня, хімікатамі для паліваньня. Потым я пераехаў і ўжо нічога пра свой занятак уладам не паведамляў. Калі нейкі правяральшчык заходзіў у дом, я казаў, што кераміка — маё хобі, на якое дазвол не патрэбны. Я ціхенька працую так ужо два гады, і на мяне пакуль ніхто ня скардзіўся (для гэтага давялося пасябраваць з усімі суседзямі).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0