07.03.2003 / 13:00

Мой ідэал — Кастусь Каліноўскі

Уладзімер Парфяновіч
Дэпутацкая група «Рэспубліка» пасьля трох гадоў ваганьняў перайшла ў адкрытую апазыцыю Лукашэнку. Яе прадстаўнікі далучыліся да аргкамітэту «Народнага маршу» 12 сакавіка. Яна заклікала галасаваць на мясцовых выбарах супраць прадстаўнікоў намэнклятуры. 27 лютага яна арганізавала ў Доме ўраду круглы стол, прысьвечаны 85-годзьдзю БНР, упершыню з 1996 г. правёўшы ў будынак прадстаўнікоў апазыцыі. Унікаючы радыкалізму, «рэспубліканцы» пайшлі на кантакт зь незалежным грамадзтвам. На восеньскую сэсію яны мяркуюць вынесьці папраўкі ў законы аб выбарах, СМІ і мове. Гэта тры ключавыя акты, на грунце якіх магчымы пераход да дэмакратыі ў Беларусі.

З часу прэзыдэнцкіх выбараў не адчувалася большага ажыўленьня ў палітычным жыцьці краіны.

«Рэспубліка» вылучыла і свайго лідэра. Ім стаў Уладзімер Парфяновіч. Ён усяго некалькі гадоў у палітыцы. У дэпутаты прыйшоў як алімпійскі чэмпіён і бізнэсовец, які, паводле ягоных словаў, «заўсёды выйграваў у супернікаў столькі, колькі хацеў». На ток-шоў «Выбар» ён паабяцаў праз год загаварыць па-беларуску. Ён прэзэнтуе сябе як новы пазытыўны палітык з рэальным поглядам на рэчы.

Уладзімер Парфяновіч адказвае на пытаньні карэспандэнта «НН».

Уладзімер Парфяновіч
«НН»: Дэпутацкая група «Рэспубліка» ладзіла круглы стол «Незалежная Беларусь яднае нас». Ці задаволеныя Вы яго вынікамі?

У.П.: Крыўдна, што там не было прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў. Калі яны так паважаюць прэзыдэнта, так адстойваюць яго пазыцыю, чаму ж не прыйшлі ды ня выказаліся? А як жа, паважаныя, вы будзеце далей адстойваць пункт гледжаньня прэзыдэнта? Вы што, яго здасьцё?

«НН»: «Рэспубліка» стала апазыцыйнай групай?

У.П.: Я так ня думаю. Мы па многіх пытаньнях падтрымліваем прэзыдэнта, па некаторых — не. Дык што, гэта «апазыцыйная група»? Альбо некаторыя цяпер кажуць: калі мы выйдзем разам зь людзьмі на марш «За лепшае жыцьцё», нас адразу запішуць у апазыцыянэры. Але ў чалавека мусіць быць свая пазыцыя. А ў нас прывыклі, што існуе толькі «пазыцыя партыі ды ўраду».

«НН»: Як Вы ацэньваеце ролю апазыцыйных партый у сёньняшнім палітычным жыцьці?

У.П.: Пакуль нашы партыі, акрамя лёзунгу «Далоў прэзыдэнта!», не высоўвалі канструктыўных прапановаў. Нічога не зрабілі, не адстаялі ніводнай пазыцыі. І сёньня некаторымі партыямі карыстаюцца як «страшылкамі»: адна «страшылка» большая, другая — меншая. Хацелася б, каб адышлі амбіцыі, старыя стэрэатыпы. Нават і ў адносінах з Расеяй.

«НН»: Што Вы маеце на ўвазе?

У.П.: Расея наш самы блізкі і надзейны сусед, зь якім працаваць і сябраваць трэба. Эканамічная супраца павінна быць. І трэба будаваць саюз, але ня з стратай сувэрэнітэту. Нават калі ствараўся СССР, быў прадугледжаны выхад зь яго. А дзе напісана ў праекце «канстытуцыйнага акту» пра выхад? Я разумею, што нешта створым, канстытуцыю зьменім, рэфэрэндум зладзім, хоць і не хацелася б...

«НН»: Чаму?

У.П.: Можа паўстаць пытаньне пра трэці тэрмін прэзыдэнцтва. Толькі тады мы збудуем дэмакратычнае грамадзтва, калі яно паўставаць ня будзе. Два тэрміны «паруліў», і досыць. Няўжо ў Беларусі сярод 10 мільёнаў грамадзянаў ня знойдзем вартага чалавека? Я пэўны на сто працэнтаў, што знойдзем. Калі будуем дэмакратычную дзяржаву, павінны строга трымацца гэтага прынцыпу.

«НН»: Што для Вас азначае дата 25 Сакавіка?

У.П.: Такая дата ў гісторыі была, і адмяжоўвацца ад яе ня варта. На фоне гэтай даты ў далейшым і ўзьнікла БССР. Гэта быў адзін з тых крокаў, дзякуючы якому і сёньня Беларусь лічыцца сувэрэннай дзяржавай.

«НН»: Хто для Вас — гістарычны ідэал?

У.П.: Кастусь Каліноўскі. Ён адзін з тых людзей, якія змагаліся за свабоду, але не змаглі яе здабыць. Яшчэ Васіль Быкаў — сумленьне нашай нацыі.

«НН»: А Пазьняк?

У.П.: Пазьняк мне не аўтарытэт.

«НН»: Вы назіралі за мясцовымі выбарамі ў Менску. Як уражаньні?

У.П.: На адных участках, якія мы, дэпутаты «Рэспублікі», наведвалі, праблемаў не было, але на іншых, калі прасілі пратакол, сутыкаліся зь вялікімі перашкодамі. Па адной выбарчай акрузе ў Серабранцы мы маем пратаколы з аднымі лічбамі, а ў выбарчую камісію былі прывезеныя зусім іншыя. Сябры камісіі не баяцца крымінальнай адказнасьці. Але мы гэта так не пакінем, будзем падаваць скаргу ў пракуратуру.

«НН»: Ці можна зьмяніць гэтую сытуацыю? Наперадзе ж парлямэнцкія выбары.

У.П.: Мы падрыхтавалі зьмены ў выбарчы кодэкс. Але, каб іх правесьці, нам трэба 75% галасоў дэпутатаў палаты. Інакш зьмены можа адхіліць верхняя палата і прэзыдэнт. Даб’ёмся — будзе вынік, не даб’ёмся — ня будзе.

«НН»: Але ж Вы зь лёгкасьцю выйгралі выбары ў палату.

У.П.: Першыя — лёгка. Першы алімпійскі мэдаль даецца лягчэй, чым другі. І з другімі выбарамі будзе тое самае.

«НН»: Як Вы ацэньваеце тое, што Лукашэнка не прыехаў удзельнічаць у выбарах?

У.П.: Вядома, прэзыдэнту адпачынак патрэбны. Хоць у час, калі краіна робіць вельмі сур’ёзны крок, ён павінен быў галасаваць разам з сваёй сям’ёй. Але, бачыце, не прагаласаваў.

«НН»: А што дэпутат Парфяновіч робіць у часе адпачынку?

У.П.: Вельмі складана з вольным часам. Хочацца выехаць на прыроду, на рыбу, пакатацца на лыжах. На горных, пажадана. Летась гэта ўдалося, а сёлета не хапіла часу. Найлепшы адпачынак — гэта менавіта горныя лыжы. Іх нават з адпачынкам на моры не параўнаеш, бо там пасіўны адпачынак, а на лыжах — вельмі актыўны.

«НН»: Спадару Парфяновіч, дык што ж штурхнула Вас у палітыку?

У.П.: Памятаю, некалі ў зборнай Саюзу на зборах абвяшчаў галадоўку праз тое, што нас дрэнна кармілі. Спачатку ўзьнікла жаданьне адстойваць інтарэсы сваіх сяброў, а пасьля — інтарэсы грамадзянаў на больш высокім узроўні.

«НН»: Дзе прасьцей — у вялікай палітыцы ці ў вялікім спорце?

У.П.: У спорце складана фізычна і псыхалягічна. А ў палітыцы атрымліваеш маральныя траўмы. Калі дзяржава багатая, калі можа забясьпечыць добрае жыцьцё грамадзянам, тады і палітыкай прасьцей займацца. Вось як у Фінляндыі, Нарвэгіі. А ў нас няма грошай ні на што. Напрыклад, каб пачысьціць возера Лошыцу ў Кастрычніцкім раёне. Даводзіцца зьбіраць тысячу подпісаў грамадзян і пасьля выступаць у парлямэнце і гаварыць, што я, як дэпутат, маю намер падаць у суд на ўрад. Праблема вырашаецца цягам двух тыдняў. Зьяўляецца дакумэнт за подпісамі віцэ-прэм’ера Дражына, мэра Паўлава, міністра Харужыка. Такая вось бяда — беларуская палітыка.

«НН»: Ці возьмуць нашыя спартоўцы столькі залатых мэдалёў на Алімпіядзе, колькі «замовіў» прэзыдэнт міністру спорту і турызму?

У.П.: Не. Гэтая задача ня будзе выкананая. Зрэшты, гледзячы як прэзыдэнт будзе лічыць. Калі выйграем у акадэмічным веславаньні-васьмёрцы — гэта восем залатых мэдалёў, а ў турнірнай табліцы будзе толькі адзін.

«НН»: Ці не баіцёся, што фальсыфікацыі на наступных выбарах зьвядуць плён усёй Вашай дзейнасьці на нішто?

У.П.: Найвышэйшай уладай у нас зьяўляецца народ. І калі ён захоча, усё зробіць. Захоча жыць лепш — будзе жыць лепш.

Гутарыў Алег Тачоны

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру