07.03.2003 / 13:00

Подых навальніцы

Каля 110 з 750 зарэгістраваных дэмакратычных кандыдатаў перамаглі ў першым туры мясцовых выбараў. Праўда, толькі 27 згадвалі ў бюлетэнях пра сваю партыйную прыналежнасьць. Яшчэ 70 дэмакратаў выйшлі ў другі тур. Вызначыліся камуністы-калякінцы: 123 з 290 вылучэнцаў ПКБ перамаглі ў першым туры і яшчэ пара дзясяткаў працягнуць барацьбу 16 сакавіка. Ніводнай перамогі ў ЛДПБ. Выбары прадэманстравалі, што лукашэнкаўская сыстэма пачынае людзей стамляць. Аднак і апазыцыйныя партыі непапулярныя. Нечуваная колькасьць выбарцаў выказалася супраць усіх кандыдатаў — як у акругах безальтэрнатыўных, так і там, дзе кандыдат ад апазыцыі супрацьстаяў «беспартыйнаму» прэтэндэнту ад партыі лукашэнкаўцаў. У краіне высьпявае пратэставы электарат, які пакуль ня мае сваіх нацыянальных лідэраў.

«У мяне такое ўражаньне, што выйграў бы любы, каго не зьнялі з рэгістрацыі і хто не ленаваўся абысьці ўсіх выбарцаў», — кажа Вольга Карач зь Віцебску. Яна атрымала 51% галасоў, але ня верыць гэтаму выніку. «З-пад носу ў маіх хлопцаў «зьбеглі» дзьве скрыні для галасаваньня, і менавіта ў іх за мяне нібыта прагаласавалі меней за 50%». Ёй ёсьць чым ганарыцца: у акрузе з 7069 выбарцаў яна сабрала ў сваю падтрымку 2000 подпісаў, а ў яе камандзе працавалі 43 актывісты.

Вольга набыла вядомасьць як каардынатарка «Зубра» на Віцебшчыне. «Зубр», як і КХП-БНФ Зянона Пазьняка, галасаваньне байкатаваў. А Вольга вырашыла «пайсьці на выбары, да якіх дэмакраты не былі гатовыя».

Увечары ў нядзелю яе людзі назіралі на ўсіх участках, пасьля 6 зуброўцаў сядзелі пад выканкамам, каб скрынкі зь бюлетэнямі нікуды не падзелі. А 5-й ранку нехта невядомы патэлефанаў ёй на мабільнік: «Вольга, здымай аблогу, ты выйграла». Яна расказвае мне ўсё гэта, седзячы... у РУУСе. Не, яе не арыштавалі. Яна з сваімі зуброўцамі прыйшла павіншаваць міліцыянтаў, знаёмых з часоў прэзыдэнцкае кампаніі, з прафэсійным сьвятам.

Такіх, як Вольга, маладых ды імпэтных, па краіне аказаліся дзясяткі.

Васіль Главацкіх у Наваполацку таксама зрабіў стаўку на татальнае назіраньне і масавы кантакт з выбарцамі. «Нават уначы яны потайкі ў біноклі сачылі з дахаў за памяшканьнем выбарчага ўчастку!» — цмокае стары, савецкае загартоўкі, наваполацкі дысыдэнт Вінцэсь Мудроў. «Мне напярэдадні выбараў шмат хто раіў: прыхавай сваю прыналежнасьць да БНФ, — кіпіць ад імпэту Васіль. — А я вырашыў праверыць, ці прыстае да чыстага цела бруд, ці тая хлусьня, якую распаўсюджвае БТ, выклікае ў нармальных людзей нешта апроч агіды». Вынік: Главацкіх набраў 39% галасоў, удвая больш, чым ягоны галоўны канкурэнт з вэртыкалі, і разьлічвае на перамогу ў другім туры. Ягоная задача цяпер — ня даць уладзе арганізаваць у акрузе байкот.

«Улада яшчэ пашкадуе, што прапусьціла празь сіта рэгістрацыі апазыцыйна настроеную моладзь, адсеяўшы старых палітыкаў», — не бяз долі разгубленасьці прызнаецца адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў.

Партыі на выбарах

У кожнай палітычнай партыі, нават найменшай, ёсьць свая мікраскапічная падстава для гонару. Возьмем дэмакратаў. БНФ выйграў у першым туры ў найбольшай колькасьці акругаў (11). У АГП бесцырымонна зрэзалі найбольш небясьпечных для ўлады кандыдатаў. БСДП (НГ) правяла ў другі тур найбольшую колькасьць сяброў (22) — пераважна ў буйных гарадах. Незарэгістраваная АСДП цешыцца, што ў яе кандыдатаў найвышэйшы працэнт «праходнасьці». Але ж яны ішлі як беспартыйныя.

ЛДПБ вылучыла найбольш кандыдатаў. А Партыя камуністаў беларуская правяла ў саветы аж 125 сваіх дэпутатаў, больш за траціну вылучаных. Калі б у партыі быў кандыдат у кожнай акрузе, мы б цяпер мелі камуністычныя саветы. Калі б у ПКБ было каго выставіць...

Апазыцыя выступіла нечакана добра. Толькі ў сталіцы «лукашэнкаўскі сьпіс» перамог ва ўсіх акругах.

Boльга Карач стала дэпутаткаю Віцебскага гарсавету
«Мая сям’я на выбары не хадзіла, — кажа пісьменьніца Наталка Бабіна. — Калі б у нас ішоў Хадыка, быў бы сэнс галасаваць, але яго не зарэгістравалі. А што толку выбіраць між стрыжаным і голеным?»

Фэнамэнальная анатомія сталіцы

І без таго нізкую мабілізацыю сталічнага дэмакратычнага электарату падсілкавала агітацыя КХП. «Ня йдзі! Усё адно падмануць!» — заклікалі масава распаўсюджаныя ўлёткі. І сапраўды, 52 з 52 абраных у Менску кандыдатаў — з «лукашэнкаўскага сьпісу». Адзіны прадстаўнік апазыцыі прабіўся ў другі тур у Трактаразаводзкай акрузе. Старанны падбор кандыдатаў, жорсткі адсеў апазыцыі і скандальныя 20% датэрміновага галасаваньня зрабілі сваю справу.

Але нават такая перамога лукашэнкаўцаў не пераконвае. У дэпутаты прайшлі ня Скобелеў і не Канаплёў. Усе гэтыя дырэктаркі школаў з мэнэджэрам «Лукойлу» Ўладзімерам Круком і паэтам-песеньнікам Аляксандрам Лягчылавым уключна аднойчы зробяцца вельмі самастойнымі дэпутатамі. Калі?.. Як толькі адчуюць новую сілу апазыцыі.

Геаграфія апазыцыі

Сьцяжкамі адпаведных партый пазначаныя раёны Беларусі, дзе перамаглі ці выйшлі ў другі тур дэмакратычныя партыйныя кандыдаты. Гэта пераважна паўночны захад Беларусі і Меншчына — рэгіёны, у якіх нацыянальны рух наймацнейшы, а нацыянальная сьведамасьць абудзілася найдаўней — яшчэ ў пачатку мінулага стагодзьдзя.
Сьцяжкамі адпаведных партый пазначаныя раёны Беларусі, дзе перамаглі ці выйшлі ў другі тур дэмакратычныя партыйныя кандыдаты. Гэта пераважна паўночны захад Беларусі і Меншчына — рэгіёны, у якіх нацыянальны рух наймацнейшы, а нацыянальная сьведамасьць абудзілася найдаўней — яшчэ ў пачатку мінулага стагодзьдзя.
Кандыдаты ад апазыцыі перамагалі нават там, дзе раней незалежнае грамадзтва ня мела асяродкаў: у Сяньне, Круглым, Камянцы, Маларыце. Найбольш энэргічна дэмакратычны рух правёў выбары ў Барысаве\Жодзіне, Бярозе\Белаазерску, Мастах, Верхнядзьвінску, Воршы\Барані, Наваполацку, Пухавічах\Мар’інай Горцы, Бабруйску, Менскім раёне, Горадні. Тамсама, дзе кандыдаты ад апазыцыі актыўнічалі ў часе прэзыдэнцкіх выбараў. Практычна ўсе мінімальна прахадныя кандыдаты ад нацыянальна-дэмакратычнага руху, якія толькі былі зарэгістраваныя, перамагалі ў Вялейцы, Пружанах, Рагачове, Новалуком’і. У Мсьціславе на ўвесь раён былі дзьве альтэрнатыўныя акругі, і ў абедзьвюх прайшлі дэмакраты. Прычым 27-гадовы настаўнік гісторыі Алесь Галакціёнаў — у першым туры. У Гарадку перамаглі тры кандыдаты з дапісчыкам «НН» Леанідам Гаравым на чале. Такое пратэставае галасаваньне можна вытлумачыць паскудным эканамічным станам прамысловасьці ў гэтых гарадах і гарадках. Але гэта не прымяншае высілку кандыдатаў-пераможцаў.

Посьпехі, пераважна адзінкавыя, ёсьць у Койданаве, Вузьдзе, Жлобіне, Мазыры, Пінску, Берасьці, Глыбокім, Віцебску, Сьветлагорску, Буда-Кашалёве, Асіпавічах, Дрыбіне. Горшыя, чым чакалася, вынікі ў Лідзе, Слоніме, Маладэчне, Ваўкавыску, Наваградку, Баранавічах. Улады там былі ўдвая пільнымі, дый нацыянальнаму руху ў гэтых заходнебеларускіх гарадах не хапіла адзінства і новых ідэяў.

Што будзе ў 2004-м

«Гэтая кампанія ў частцы падліку галасоў і абвяшчэньня вынікаў выбараў была на некалькі ступеняў больш брудная, чым нават выбары ў палату прадстаўнікоў і прэзыдэнцкія выбары. Я на свае вочы бачыў, як бюлетэні аднаго кандыдата перакладаліся на карысьць другога кандыдата!..» — абураецца ў інтэрвію радыё «Свабода» актывіст АГП Яўген Лабановіч.

Дэмакратаў у будучыні чакае тактыка, абкатаная ў сталіцы. Частку небясьпечных кандыдатаў не рэгіструюць. Іншую здымаюць за парушэньні напярэдадні выбараў. Магчымасьці агітацыі зводзяцца да нуля. «Нябачныя» для назіральнікаў скрынкі датэрміновага галасаваньня страхуюць асабліва непапулярных.

Адсекшы ад саветаў усіх партыйных лідэраў, улады дасягнулі небясьпечнага эфэкту. Нават памяркоўная частка апазыцыі зразумела, што зможа разьлічваць на перамогу толькі пры магутнай падтрымцы «вуліцы» і наяўнасьці шматлікіх назіральнікаў. Тым самым апазыцыю зноў паставілі перад неабходнасьцю рыхтаваць «югаслаўскі варыянт».

Барыс Тумар

Юры Зянковіч

перамог на выбарах у раённы і сельскі саветы (Ждановічы—Кунцаўшчына—ст.Радашкавічы). Ён абышоў усе кватэры ў шматпавярховіках сваёй Ждановіцкай акругі, і там «супраць усіх» галасавалі 15% выбарцаў. На прыватны сэктар яго не хапіла, і пратэставы працэнт на гэтым участку дасягнуў паловы ўдзельнікаў галасаваньня.

Алесь Зарамбюк

актывіст «Маладога фронту» і сацыял-дэмакратычнага руху з Мастоў, раскатаў свайго апанэнта-дарожніка ў блін: 74% супраць 15%. Каманда Зарамбюка пабыла ў кожным доме. «Калі ацэньваць на прыкладзе Мастоў, інвэстыцыі ў інфраструктуру трэцяга сэктару апраўдалі сябе. Сэмінары, тусоўкі, якія столькі крытыкавалі, далі плён. Уся мая каманда перабывала на трэнінгах. Мы правялі кампанію на заходні манер, і ў Мастох гэта спрацавала». На думку Зарамбюка, для перамогі шмат зрабілі лідэры мясцовае інтэлігенцыі Язэп Палубятка, Лявон Вашко — «парадаю і маральна». Іншыя мастоўскія кандыдаты-нацыяналісты выйгралі ў сваіх акругах, хоць і не дабралі да 50%.

Безальтэрнатыўная кандыдатка ад апазыцыі

Адзіным раёнам Беларусі, дзе ўлады пакінулі дзьве акругі кандыдатам-дэмакратам, быў Верхнядзьвінск. Яны балятаваліся безальтэрнатыўна і перамаглі. У раёне на выбары выйшлі 10 дэмакратаў, ці, як іх традыцыйна называюць, «бээнэфаўцаў». Зь іх чацьвёра выйгралі. Асабліва заўважылі ў Падзьвіньні посьпех Паўла Івашчанкі, былога дырэктара лясгасу, які страціў пасаду з палітычных матываў.

Горад, дзе перамаглі дэмакраты

У Белаазерску дэмкааліцыя на чале зь Юр’ем Губарэвічам узяла 7 месцаў у гарсавеце з 12. Яшчэ ў 13 акругах дэпутаты пакуль ня вызначаныя. На вынік паўплывала эканамічная дэпрэсія. Абутковая фабрыка «Белкельмэ» тыдзень перад выбарамі не працавала дзеля сэзоннага спаду попыту на прадукцыю.

Людзі сьвядома галасавалі «супраць» намэнклятуры. Намесьнік старшыні гарсавету атрымаў толькі 46%, а былы старшыня — 35% галасоў, хоць былі яны ў сваіх акругах адны. Дэмакратычныя традыцыі ў Белаазерску заклала яшчэ на золку незалежнасьці суполка «Агмень», сапраўдным агмянём якой была паэтка Ніна Мацяш.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру