ВЕРШЫ

* * *

Адзінота. Адліга… Напуста

пражываю гады і дні

і чарнею душой, нібы луста,

наша луста ў чужым агні.

Безь мяне вырастаюць дочкі,

не са мной мае жонкі сьпяць,

побач толькі нянавісьць крочыць,

за сьпіною выжлы хрыпяць.

Хто ж там прагне вершыкаў Славы?

Хто ў этэры мой ловіць крык?

Я пісаў языкамі лавы,

а ў адказ мне — зьмяіны сык…

Што ж, лясы вызваленчай справы

зноў нашчадкам з нуля ўздымаць.

Рыштаваньнямі, як аправай,

хай спрабуюць наш Край абняць.

Там, у Будучыні, магчыма,

белым днём народзіцца ён,

беларускі герой-мужчына

зь пераможным словам «Рубон!».

* * *

Памятаеш, каханая,

быў сад, і конь малады

мокрымі тыцкаўся храпамі

ў крыжык твой залаты.

Яблыкі падалі. Весела

елі мы сьпелы ранет,

пасьля ты моўчкі павесіла

на гронку шыпшыны барэт.

Памятаеш, каханая,

ты мне шаптала ў далонь,

калі па зямлі неўзаранай

працокаў сонечны конь.

* * *

Няўжо і пра цябе, о Сандвіка*,

я напішу, як некалі пра Вільню:

зь любоўю і жальбой, прыгожа, стыльна,

і, што галоўнае, — кірылічнаю графікай?

О Сандвіка! Твой край такі ж прыгожы,

як Бацькаўшчына белая мая.

Магчыма, сёньня ты мне дапаможаш,

а заўтра я сплачу табе спаўна.

Як доўга я чакаў, што на Радзіме

нарэшце пойдзе спорны сьвежы дождж,

а ён ішоў над Сандвікай гадзіну,

а потым бліснуў жоўты сонца грош.

І паплылі над ф’ёрдамі аблокі,

працятыя праменьнямі сьвятла,

і скальны мох тысячагодзьдзяў токі

аслабаніў з каменнага жытла.

* Sandvika — мястэчка на ўсходзе Нарвэгіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0