Усебеларускі сход інтэлігенцыі «Незалежная Беларусь — свабоднае і заможнае грамадзтва» адбудзецца 16 сакавіка ў памяшканьні менскага палацу культуры «Сукно» (вул. Матусевіча, 20). За арэнду памяшканьня (2400 тыс. рублёў) заплацілі самі дэлегаты, не шукаючы ніякіх грантаў. З кожнага ўдзельніка Сходу патрабаваўся арганізацыйны ўнёсак у памеры 5 тыс. рублёў. «Збор сродкаў працягваецца, — кажа адзін з сустаршыняў аргкамітэту Ўладзімер Колас. — Мы спадзяёмся, што зможам і даць падсілкавацца дэлегатам, і зладзіць культурную праграму». Ад Менску на сход вылучаныя 230 чалавек. Пэўную квоту (да 50 асобаў) мае аргкамітэт. Вылучэньне дэлегатаў па абласьцях адбываецца яшчэ дагэтуль.

Галоўнай «перашкодай» у масавасьці сходу стала поўная фінансавая незалежнасьць, якую паставілі сваёй мэтай арганізатары. На свой сход людзі мусяць ехаць за свае грошы. І чым далей жывеш ад Менску, тым большых выдаткаў вымагае дарога. Таму самымі шматлікімі на сходзе будуць дэлегацыі Менску ды Менскай вобласьці.

Тамара Мацкевіч, каардынатарка па сувязях з дэлегатамі Меншчыны, зазначыла, што ўжо па стане на сераду мае сьпіс з 101 асобы. Сходы прайшлі ў Маладэчне, Радашкавічах, Нясьвіжы, Барысаве, Салігорску, Слуцку, Нарачы, Вялейцы. У Крупках адбыліся аж два сходы.

Гарадзеншчына абрала 53 дэлегатаў з Мастоў, Ліды, Наваградку, Смургоняў і самой Горадні. Берасьцейшчына на момант падрыхтоўкі матэрыялу здолела вылучыць толькі каля 10 чалавек (зь Белаазерску, Івацэвічаў, Бярозы). «Вось-вось маюць адбыцца сходы ў Берасьці, Століне, Лунінцы. Берасьце абярэ шмат дэлегатаў», — зазначыла Алена Валынец, каардынатарка па сувязях з дэлегатамі Гарадзенскае, Берасьцейскае і Віцебскае абласьцей. Віцебшчына мела на сераду крыху менш за 40 дэлегатаў. Падрыхтоўчыя сходы прайшлі ў Віцебску, Гарадку, Воршы, Наваполацку, Шаркаўшчыне, Дрысе (Верхнядзьвінску), Глыбокім, Браславе, Бешанковічах, Лёзьне.

Дэлегацыя з Гомельшчыны складаецца з 35 чалавек (Гомель, Мазыр, Калінкавічы, Рагачоў, Лоеў, Тураў). Але, як кажа каардынатарка па вобласьці Натальля Арусіна, дэлегацыя мае павялічыцца за кошт вылучэнцаў зь Лельчыцаў, Сьветлагорску, Гомелю. Некалькі дзясяткаў дэлегатаў, як запэўнівае У.Колас, дашле Магілёўшчына.

Яшчэ У.Колас зазначыў, што на сход змогуць патрапіць ня толькі дэлегаты, але і запрошаныя госьці. Ахвотныя прыняць удзел у форуме ў якасьці гасьцей мусяць зьвярнуцца ў аргкамітэт (вул. Румянцава, 13, 220005, Менск. Тэл./факс: (017) 284-85-11). Нават у суботу яшчэ ня будзе позна.

Ня будуць зачыненыя дзьверы сходу і для прадстаўнікоў тых гарадоў і раёнаў, дзе не адбыліся мясцовыя сходы па вылучэньні дэлегатаў. У.Колас зазначыў: «Гэтыя людзі змогуць зарэгістравацца ў палацы «Сукно», і мы зацьвердзім іх паўнамоцтвы на самім сходзе».

16 сакавіка ў палацы культуры «Сукно» адбудзецца своеасаблівы «парад аўтарытэтаў». З дакладамі маюць выступіць Уладзімер Парфяновіч, Жанна Літвіна, Мікола Маркевіч, Станіслаў Багданкевіч, Іван Нікітчанка, Леанід Злотнікаў, Уладзімер Конан, Пётра Садоўскі, Андрэй Курэйчык, Аляксей Марачкін, Алег Трусаў ды інш. Асноўнымі дакладчыкамі стануць Валер Карбалевіч, Генадзь Лыч і Ўладзімер Колас.

Аркадзь Шанскі