Гісторыя такая, якая яна ёсьць. У тым ліку і мінулыя 10 гадоў. Марна аспрэчваць гісторыю, яе трэба аналізаваць. Лукашэнкавы рэфэрэндумы клаліся на псыхалёгію постсавецкага беларуса, як масла на хлеб. Яны былі папулісцкія, таму і спрацавалі — і пра інтэграцыю, і пра канцэнтрацыю ўлады ў адных руках, і пра мову, і пра сымболіку. Але гэта было сем-восем гадоў таму. За гэты час постсавецкі беларус зьмяніўся, зьмяніліся і краіна, і СНД, і сьвет. Тыя папулісцкія захады ўжо не працуюць, выглядаюць перашкодай на шляху разьвіцьця Беларусі. Можна прызнаць іхную эфэктнасьць сем-восем гадоў таму, але трэба прызнаць і іхную часовасьць. Падзеі ў нацыянальным сходзе («круглы стол» да 85-годзьдзя БНР), Украіне (апошнія канстытуцыйныя прапановы Кучмы), Расеі (якія знайшлі адбітак у дзейнасьці новага расейскага пасла Блахіна) — той унутры- і замежнапалітычны кантэкст, які гэтую часовасьць пацьвярджае. Да пытаньняў уладкаваньня палітычнае сыстэмы, падзелу ўладаў, мовы і нацыянальнае сымболікі актуальна было б вярнуцца. Гэта быў бы прагрэсіўны крок, альтэрнатыва якому — стаяць на месцы і не разьвівацца як дзяржава.

Якія канстытуцыйныя зьмены патрэбныя нашай дзяржаве?

На пытаньне адказваюць новаабраныя дэмакратычныя дэпутаты мясцовых саветаў і дэпутаты палаты прадстаўнікоў.

Ірына Вештарт, Смургоні, «Народная Грамада»: Падабалася мне ранейшая структура ўлады, калі быў у нас Вярхоўны Савет. Дэпутаты абіраліся пэрсанальна ад кожнае акругі, а не ад нейкіх нікому не вядомых дэпутацкіх карпусоў. Яшчэ нешта ў старыя часы я датэрміновага галасаваньня ня бачыла і лічу, што непатрэбнае яно. Колькі прыйшло людзей у дзень выбараў, столькі прыйшло. Сёньня нікога не цікавіць жыцьцё простага чалавека, часта бяспраўнага, які ў існай сытуацыі ня мае ўплыву на абіраньне ўлады. Тут і сымболіка не дапаможа.

Вольга Галубовіч, Сьвіслач (Пухавіцкі раён), БНФ . Мову беларускую трэба зрабіць адзінай дзяржаўнай, але паступова. Хацелася б, каб Беларусь стала парлямэнцкай рэспублікай. Хай бы прэзыдэнт выконваў прадстаўнічыя функцыі — як у Нямеччыне.

Ігар Баслык, дэпутат палаты прадстаўнікоў, група «Рэспубліка»: У нас парушаны балянс галінаў улады: выканаўчай, заканадаўчай і судовай. Хацелася б яго аднавіць. Пытаньне наконт нацыянальнай сымболікі важнае, але найперш павінны разабрацца гісторыкі. Яго трэба шырока абмеркаваць у грамадзтве, бо існуюць самыя розныя думкі. Таму варта даведацца пра пазыцыю нашых людзей.

Юры Зянковіч, Ждановічы, БНФ: Вярнуць варта падкантрольнасьць выканаўчых органаў улады мясцовым саветам. Добра было б таксама аднавіць пастанову, паводле якой пэўны працэнт ад падаткаў, сабраных на «падкантрольнай тэрыторыі», выдаткоўваўся б на патрэбы саветаў. Дый магчымасьць адсочваць, на што йдуць бюджэтныя грошы, не зашкодзіла б. Але апошняе немагчыма, пакуль старшыні выканкамаў будуць прызначацца зьверху.

Сяргей Скрабец, дэпутат палаты прадстаўнікоў, група «Рэспубліка»: Канстытуцыю 1994 г. ня варта вяртаць. Трэба зьмяніць яе з улікам сёньняшняга часу і цяперашняй тактыкі. Варта зьмяніць сыстэму выбараў у парлямэнт, пашырыць яго паўнамоцтвы і абмежаваць паўнамоцтвы прэзыдэнта. Што да мовы, то ў нас, паводле Канстытуцыі, дзьве дзяржаўныя мовы. Ня варта вяртаць нацыянальную сымболіку, зноў бударажыць грамадзкую думку. Быў жа рэфэрэндум. А ў нас ёсьць больш надзённыя праблемы.

Рамуальд Улан, Смургоні: У выніку рэфэрэндуму 1996 г. утварыўся дысбалянс розных галінаў улады. У нас кіруе выканаўчая ўлада, а заканадаўчая адсунута на другі плян, як і судовая. Калі судзьдзя прызначаецца прэзыдэнтам, пра якую незалежнасьць суду можна гаварыць?! А тая ж палата прадстаўнікоў ня мае сваіх фінансавых сродкаў… Таму трэба аднавіць скасаваны балянс уладаў. Што да мовы і сымболікі... Усё больш нашых грамадзянаў усьведамляюць, што жывуць у незалежнай дзяржаве. Але застаецца нямала і такіх людзей, якія гэтага не прымаюць. Таму цяпер трэба далей працаваць з народам, разьвіваючы здабыткі адраджэнскага руху пачатку 1990-х.

Алесь Чыгір, Бабруйск: Трэба зьмяніць выбарчае заканадаўства. У нас мусіць быць прапарцыйная сыстэма выбараў, што стымулявала б разьвіцьцё палітычных партыяў. Зьмяняць нацыянальную сымболіку яшчэ не пара. Варта яе спачатку папулярызаваць у народзе, а не вяртаць пастановай «зьверху». А беларускую мову трэба актыўна ўводзіць на ўсіх узроўнях жыцьця грамадзтва.

Леанід Гаравы, Гарадок, сацыял-дэмакрат: Спрэчнае палажэньне пра дзьвюхпалатнасьць, якое дзейнічае цяпер. Варта было б канстытуцыйна замацаваць ролю партый у выбарчым працэсе. Тое, што падносілася як перавага францускага досьведу, не спрацавала. Папулісцкія артыкулы «пра гарантаваны дзяржавай узровень жыцьця» таксама толькі дыскрэдытуюць дзяржаву.

Сьвятлана Андруховіч, Мачулішчы, БНФ: Трэба адмяніць «вэртыкаль» — прызначэньне прэзыдэнтам старшынь выканкамаў усіх узроўняў — і ўвесьці выбарнасьць мясцовых кіраўнікоў. Нацыянальную сымболіку трэба вяртаць. Я сама расейка, але ня супраць і вяртаньня беларускай мовы.

Валеры Фралоў, дэпутат палаты прадстаўнікоў, група «Рэспубліка»: Самае галоўнае, што трэба вярнуць, — гэта паўнамоцтвы парлямэнту. Калісьці быў складаны пэрыяд, калі цэнтральная ўлада мусіла быць цьвёрдай. Але тая цьвёрдасьць выклікала дысбалянс галінаў улады. Пытаньні пра сымболіку і беларускую мову — ня самыя галоўныя на сёньня. Куды важнейшыя цяпер праблемы эканомікі, захаваньня сувэрэнітэту, абароны правоў чалавека і г. д. Самае галоўнае — гэта жыцьцё людзей, ягоная якасьць.

Сяргей Ёрш, Мікола Бугай